Бывший председатель Воропаевского поселкового Совета Алексей Олихвер отметил юбилей

Общество

Рады сустрэчы з кожным

У аўторак Аляксей Аліхвер падымаўся ў кабінет старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто. Ступаў па лесвіцы, а перад вачыма мільгалі, нібы кадры з кіно, пражытыя сем дзясяткаў гадоў. Усе яны звязаны з Пастаўшчынай. Працоўную дзейнасць пачынаў механікам у былым калгасе імя Пушкіна, куды прыехаў, закончыўшы Гарадоцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля тэрміновай службы ў арміі быў прыняты на пасаду інжынера-інспектара Дзяржсельтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Разумеў, што трэба папаўняць веды, і паступіў у Мінскую вышэйшую партыйную школу.

У 1984 годзе Аляксея Аліхвера зацвердзілі інструктарам арганізацыйнага аддзела райкама партыі. А разгледзеўшы ў ім арганізатарскія здольнасці, накіравалі сакратаром партыйнай аргазаніцыі былога саўгаса «Дунілавіцкі» з цэнтрам у Ляхаўшчыне. Пазней працаваў намеснікам дырэктара гэтай гаспадаркі.

Старшынёй Варапаеўскага пасялковага Савета Аляксея Ягоравіча выбралі ў 1998 годзе. На гэтай пасадзе адпрацаваў 13 гадоў да выхаду на пенсію і яшчэ 3 — на пенсіі. У той час Варапаеўскі пассавет быў самым буйным у раёне. Работы старшыні хапала. Ён умеў наладзіць адносіны з людзьмі, выслухаць і дапамагчы.

Адчыніўшы дзверы ў кабінет старшыні райсавета, юбіляр быў рады сустрэчы з тымі, хто прыйшоў яго павіншаваць з днём нараджэння. Першым узяў слова Пётр Курто. Ён падзякаваў Аляксею Ягоравічу за тое, што на любой пасадзе ён вызначаўся адказнасцю, сумленнасцю, кампетэнтнасцю, чалавечнасцю.

— З Аляксеем мы аднагодкі, — гаварыў былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Арэхаў. — Праўда, к таму часу, як я нарадзіўся, ён ужо навучыўся поўзаць. Вучыліся ў адной школе, сябруем з 3 класа. Нашы дарогі не раз перасякаліся па рабоце. І я заўсёды быў упэўнены ў сваім сябры.

— Аляксей Ягоравіч, гляджу на вас і думаю: ці не ўключыць вас у рэзерв кадраў? — з гумару пачала віншаванне начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Алена Рудніцкая. — Прыгожы, падцягнуты, са спартыўнай выпраўкай. Вы яшчэ маладым далі б фору!

Да віншаванняў далучыліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч. Усе яны адзначалі, што Аляксей Аліхвер шмат увагі ­ўдзяляў вывучэнню грамадскай думкі, свое­часова разглядаў звароты выбаршчыкаў, імкнуўся задаволіць іх запыты. Пастаянна працаваў у цесным кантакце з кіраўнікамі ўсіх суб’ектаў гаспадарання, якія знаходзіліся на Варапаеўшчыне.

— Дзякуй вялікі за такія шчырыя віншаванні і пажаданні, — гаварыў расчулены імяніннік. — Мне таксама было лёгка з вамі працаваць. Вы ішлі мне насустрач, дапамагалі вырашаць шматлікія пытанні, якія на мясцовым узроўні вырашыць было немагчыма, раілі, падстаўлялі надзейнае плячо. Заўсёды рады сустрэчы з кожным з вас. Прыемна, калі прыязджаю ў Варапаева і людзі падыходзяць, вітаюцца, цікавяцца здароўем. Мне нікому не сорамна глядзець у вочы, бо жыў і працаваў дзеля іх, адстойваў інтарэсы, чым мог, дапамагаў.

Мінула восем гадоў, як юбіляр пакінуў работу. Летам сумаваць не даюць шасцёра ўнукаў, клопаты ў агародзе. Зімой разам з жонкай Святланай Лукічнай, з якой у шлюбе амаль 50 гадоў, наведваюць раённыя мерапрыемствы, шмат ходзяць пешшу. Святлана Лукічна закончыла Віцебскі педагагічны інстытут і 29 гадоў адпрацавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў ляхаўшчынскай школе. Цяпер яна актыўная ­ўдзельніца народнага хору ветэранаў, чалавек надзвычай творчы: выпусціла два зборнікі вершаў. Аліхверы выхавалі двух годных сыноў і дачку. Сёння тыя збяруцца ў бацькоўскім доме, а потым адправяцца святкаваць юбілейныя дні нараджэння бацькі і маці (у Святланы Лукічны дзень нараджэння быў 1 студзеня).

Доўгіх, здаровых і насычаных гадоў вам, юбіляры!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.