Мария и Анастасия Шурпик — не только родня, но и коллеги в ОАО «Белагропромбанк»

Общество

Банк звязаў сямейнай сувяззю

Калектыў ЦБП №217 у г. Паставы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» невялікі — у штаце ўсяго 14 чалавек. Можна сказаць, адна прафесійная сям’я. Але ў ёй ёсць асобы, якіх звязваюць па-сапраўднаму роднасныя адносіны. Гэта Марыя Анатольеўна Шурпік і яе нявестка Анастасія.

Марыя Анатольеўна — адна з найстарэйшых работнікаў установы. У Белаграпрамбанк яна прыйшла ў жніўні 1986 года, маючы за плячыма адукацыю бухгалтара, якую атрымала ў Маладзечанскім улікова-планавым тэхнікуме Белкаапсаюза, і 3 гады адпрацоўкі па размеркаванні ў Відзаўскім сельскім спажывецкім таварыстве.

— У той час я шукала работу ў Паставах, бо сама адсюль родам, — расказвала жанчына. — І паколькі была без пяці хвілін эканамістам — заканчвала Гомельскі кааператыўны інстытут, — а ў банку не хапала спецыялістаў, мяне ўзялі ва ўлікова-аперацыйны аддзел абслугоўваць прадпрыемствы гандлю. У 2002 годзе стала намеснікам, пазней — галоўным бухгалтарам. А затым на якіх толькі ўчастках не працавала! Прайшла ўсе, за выключэннем работы на касе.

Калі пастаўскае аддзяленне Белаграпрамбанка рэарганізавалі ў разлікова-касавы цэнтр, Марыя Шурпік засталася ў аддзеле па абслугоўванні юрыдычных асоб, займалася прыцягненнем новых кліентаў. Пазней узначаліла аддзел разлікаў. Пасля чарговага змянення банкаўскай структуры перавучылася на крэдытнага работніка — выдавала пазыкі юрыдычным асобам. А ў маі 2021 года перайшла ў аддзел рознічнага продажу і цяпер абслугоўвае фізічных асоб.

— Аб’ём работы вялікі, — кажа суразмоўца. — Людзі прыходзяць розныя, са сваімі характарамі, патрабаваннямі, запытамі. Цяжкавата, канешне, у такім узросце перавучвацца. Але дапамагаюць дзяўчаты з аддзела, наш начальнік Наталля Пятроўна Якубоўская.

У аддзеле рознічнага продажу 12-ы год працуе і Анастасія Шурпік. У банк яна трапіла пасля заканчэння Лідскага кале­джа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль». Атрымаўшы дыплом, убачыла ў газеце аб’яву, што ЦБП №217 патрабуюцца спецыялісты, і вырашыла прыйсці на гутарку. Працоўную дзейнасць пачынала на касе, паступіўшы на завочнае аддзяленне ўніверсітэта. Праз 3 гады кіраўніцтва ўстановы перавяло на выдачу картак кліентам, затым вярнулася зноў на касу. Цяпер займаецца касавым абслугоўваннем, карткамі і выдачай крэдытаў насельніцтву. Адным словам, універсальны спецыяліст, як і павінна быць у банкаўскай сферы.

Тут жа, у ЦБП, Анастасія сустрэла сваё каханне — Дзмітрыя Шурпіка, які ўладкаваўся ў службу інкасацыі. Але спачатку пазнаёмілася не з ім, а з будучай свекрывёй.

— Ну і як працуецца побач нявестцы і свекрыві? — пацікавілася я.

— На рабоце мы проста калегі. Усе роднасныя адносіны па-за банкам. Хоць, канешне, пры неабходнасці нешта падказваем, кансультуем адна адну, — пачула ў адказ. — А ўвогуле, на сям’ю застаецца мала часу, бо нярэдка даводзіцца затрымлівацца на рабоце. Нагрузка зараз вялікая: шмат розных планаў, інструкцый, усё мяняецца, сталі больш жорсткія патрабаванні.

Нягледзячы на гэта, Марыя Анатольеўна, нават выйшаўшы ў верасні на пенсію, засталася ў банку. Што да Анастасіі, то ў 2016 годзе яна трапіла пад звальненне ў сувязі са скарачэннем штату. Але калі праз пару месяцаў прапанавалі вярнуцца на месца спецыяліста, які звольніўся сам, адразу згадзілася, хоць паспела ўладкавацца на іншую работу. Прызналася, што прыняла такое рашэнне з-за калектыву, які стаў другой сям’ёй.

Абедзвюх жанчын вельмі добра характарызуе начальнік аддзела рознічнага продажу Наталля Якубоўская. Па яе словах, Анастасія не толькі адказны, кваліфікаваны работнік, але і пазітыўны чалавек, завадатар усіх спраў у калектыве. Марыя Анатольеўна ж — прафесіянал з вялікай літары, і гэтым усё сказана.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.