Многодетная семья Олеси и Сергея Василевичей из Постав — островок доброты и любви

Общество

Адрас мнагадзетнай сям’і Алесі і Сяргея Васілевічаў з райцэнтра падказаў сябар рэдакцыі Сяргей Вшыўкаў. Ён жа даслаў і фотаздымак, на якім я ўпершыню ўбачыла герояў будучай публікацыі. А потым наведалася да іх.

Вольга ці Алеся?

Але толькі калі ўжо завяршала размову з гаспадыняй дома, яна зазначыла: «Дарэчы, я не Алеся, а Вольга». «Як Вольга?! — абсыпала мяне жарам. — Я ж увесь час звярталася да вас як да Алесі, і вы мяне не папраўлялі». У адказ пачула, што менавіта Алесяй яна сябе лічыць і так яе ўсе называ­юць. А вось у дакументах значыцца «Вольга».

Справа ў тым, што ў Свірскім сельскім Савеце Мядзельскага раёна, куды тата ў маі 1986 года адправіўся рэгістраваць немаўля з маміным наказам назваць дачушку Алесяй, адмовілі ў гэтым. Сцвярджалі, што такога імя ў Беларусі няма, і прапанавалі зарэгістраваць Вольгай.

— Я доўга не верыла ў гэта. Думала, што самому тату больш падабалася імя Оля, таму ён так назваў мяне, — расказвала маладая жанчына. — Пакуль аднойчы не пачула, як салістка знакамітага беларускага ансамбля «Сябры» Алеся расказвала ў тэлеперадачы аналагічную гісторыю пра сябе. Па дакументах яна таксама Вольга…

Вось я і знаёмлю вас з Алесяй Васілевіч і яе сям’ёй.

Захопленыя спортам

— Ніколі не думала, што стану мнагадзетнай маці, але так атрымалася, — прызналася Алеся. — А зараз нават уявіць не магу, каб каторага з чатырох у нас не было. Усе яны такія розныя і такія любімыя! Дзевяцікласнік Антон, як і належыць старэйшаму сыну, удумлівы, сур’ёзны, разважлівы. Патап ходзіць у 4 клас, вельмі харызматычны, магнітам прыцягвае да сябе іншых. А ў футбол ён, напэўна, і ў сне гуляе. Можа нават спаць у абдымку з мячом і варатарскімі пальчаткамі. Кіра ў 2 класе і лічыць сябе дамай. Вельмі шустрая, пацанка пацанкай, бо расце сярод хлопчыкаў. Рома яшчэ ў дзіцячым садку. Вялікі гарэза і вельмі настойлівы. Мы яго жартам Раманам Сяргеевічам называем.

Што агульнае ў дзяцей, дык гэта любоў да спорту. Усе чацвёра любяць плаваць. Антон мае III спартыўны разрад па плаванні, у лютым будзе зда­ваць на II. Кіра таксама прывозіць залатыя медалі з абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Патап хоць і плавае, але яго захапленне — футбол. Рома з верасня мінулага года наведвае секцыю вольнай барацьбы. Усім ім заняткі падабаюцца. Старанна займаюцца і ў школе. Фотаздымак Антона змешчаны на школьнай Дошцы гонару. А маці з’яўляецца членам бацькоўскага камітэта ў класах, у якіх займаюцца Антон і Кіра.

Татаў аўтарытэт – бясспрэчны

Сяргей — вадзіцель-дальнабойшчык. Раней яго рэйсы пралягалі ў краіны Еўропы, зараз — у Казахстан і Узбекістан. Дома бывае рэдка і нядоўга. Жонка і дзеці, безумоўна, сумуюць па ім, і ён тэлефануе ім па некалькі разоў на дзень. А якая ра­дасць, калі прыязджае! Кожны раз прыво­зіць падарункі, саладосці. Дзеці не адыходзяць ад таты, расказваюць пра свае поспехі, дзеляцца навінамі. Для хлопчыкаў купіў набор будаўнічых інструментаў, таксама прывучае іх да тэхнікі. У снежні ён быў у водпуску. З’ездзілі да бабуль і дзядуляў, іншай радні, пагаспадарылі на дачы і ў доме. А 31-га, у другой палове дня, усёй сям’ёй адправіліся на машыне ў Мінск. Палюбаваліся святочным убраннем сталіцы, сустрэ­лі Новы год ля галоўнай ёлкі краіны і вярнуліся дадому. А ён таксама быў упрыгожаны ярка, з фантазіяй. Гаспадары нават падалі заяўку на ўдзел у гарадскім конкурсе на найлепшае навагодняе афармленне дома і сядзібы. На іх расчараванне, вынікі сярод прыватных домаўладанняў не падводзіліся.

Васілевічы лёгкія на пад’ём. Як толькі з’яўляецца магчы­масць, адпраўляюцца ў дарогу. Пабывалі ў Клайпедзе, Смаленску, Брэсце, шматразова — у Мінску. Дзецям вельмі падабаецца ўзбірацца на Курган Славы. У сталіцы не абмінаюць і забаўляльныя цэнтры. Вялікія ўражанні засталіся ў іх ад Хатыні, партызанскай базы на Мядзельшчыне. Неаднойчы адпачывалі на Блакітных азёрах. Выязджаюць у лес у грыбы і ягады. Любімым месцам стала дача ў Лотве, якую купілі два гады назад. Гэта звычайны вясковы дом, у якім захавалася руская печ. Халоднай парой года дзеці з задавальненнем бавяцца на ёй, нацепленай. Летам усіх вабяць возера і лес, якія непадалёк.

І дзяржава дапамагае

Алеся закончыла Маладзечанскі політэхнікум, але нідзе не працуе. Напісала гэту фразу і падумала, што яна несправядлівая. Хіба не самая адказная і патрэбная грамадству місія жанчыны нараджаць і выхоўваць дзяцей? І хіба магчыма параўнаць штодзённыя клопаты маці, тым больш мнагадзетнай, з клопатамі чайлдфры, якія ўвогуле не жадаюць мець дзяцей?

Фінансава сям’ю забяспечвае бацька. Паколькі яна вялікая, то і выдаткі адпаведныя. У Паставы з Мядзела Васілевічы пераехалі, маючы адно дзіця. Наш горад выбралі таму, што тут былі ніжэйшыя цэны на жыллё. Купілі паўдома па завулку 17 Верасня. Не разлічвалі, што сям’я так разрасцецца і стане цеснавата. Зараз дабудоўваюць другі паверх.

Мае мнагадзетная сям’я і кватэру, якую пабудавала з дзяржпадтрымкай, зрабіўшы толькі першапачатковы ўзнос у памеры 25% ад агульнага яе кошту. Праўда, для гэтага давялося прадаць машыну. Але пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці доўгатэрміновы крэдыт, які сям’я брала на будаўніцтва кватэры, быў з яе цалкам спісаны.

— Ключы ад кватэры мне ўручылі 5 мая 2016 года, якраз у дзень майго юбілею, — расказвала Алеся. — Але яна да гэтага часу пустуе. Па-першае, у двухпакаёўцы нам цесна. Па-другое, больш падабаецца дом. Тут агарод, кветнікі, добрыя суседзі. Сямейны капітал, атрыманы ад дзяржавы, пакуль не выкарыстоўвалі, ён ляжыць у банку і яшчэ спатрэбіцца нам, калі дзеці пасля школы паступяць вучыцца далей.

Мнагадзетная маці з удзячнасцю гаварыла і пра тое, што за дзіцячы садок, які наведвае Рома, сям’я плаціць толькі палову сумы, школьныя абеды для ўсіх іх дзяцей бясплатныя, знаходжанне ў летнім лагеры адпачынку — таксама. 50-працэнтная дзяржаўная скідка за дадатковыя заняткі плаваннем. Акрамя таго, яе робяць і трэнеры. А з Патапа як перспектыўнага футбаліста ўвогуле не бяруць плату.

24/7

— Праца мамай — гэта 24 гадзіны ў суткі 7 дзён на тыдні. Зараз ужо намнога лягчэй, — прызналася Алеся. — Іншы раз жартую, што хоць на руках насіць не трэба: усе ходзяць самі. А як няпроста было адной з малымі, бо Сяргей пастаянна ў рэйсах! Асабліва, калі падхоплівалі якую інфекцыю. Захварэе адзін, за ім — і іншыя. А ў жніўні-верасні 2021-га на нас абрынуўся каранавірус. Першай злягла я. Двухбаковая пнеўманія, чатыры дні не магла ўстаць з ложка. Захварэлі і меншыя дзеці. Усё трымалася на Антоне, але ўрэшце і ён здаўся. Кіра-першакласніца нават не змагла пайсці на ўрачыстую лінейку ў школу, а так збіралася!

Але ж дзеці і мае памочнікі. Антон летам абкошвае газоны ля дома, Патап зграбае траву. Зімой удвух расчышчаюць снег. Кіра імкнецца паўдзельнічаць у вырабе якога-небудзь упрыгажэння для дома або цацкі, чым я люблю займацца ў вольную хвіліну. Адным словам, кожнаму справа знаходзіцца.

Пад’ём у дзяцей у 7 гадзін раніцы, у мамы — на гадзіну раней, каб паспець прыгатаваць сняданне. Абавязкова што-небудзь гарачае: яечню, кашу, бліны, сырнікі. У дадатак — чай з дамашнім пірагом або бутэрбродамі. Хіба пасля такога сытнага сняданку дзеці прагаладаюцца да часу школьнага абеда? Вось бы так у кожнай сям’і!

Потым мама вязе на машыне старэйшых дзяцей у школу, меншанькага — у дзіцячы садок. Зручна, што ўсіх па адным маршруце — у 6 гарадок. Вяртаецца дадому і пачынае прыбі­раць, мыць, прасаваць, гата­ваць. У другой палове дня трэба дапамагчы Кіры падрыхтаваць урокі, развезці дзяцей па спартыўных секцыях або на рэлігійныя заняткі ў касцёл. Пасля іх заканчэння — забраць дадому.

Пасляслоўе

Наведаўшыся да Васілевічаў, я нібыта пабывала на астраўку любові і дабрыні. На жаль, з гаспадаром не давялося сустрэцца (ён знаходзіўся ў рэйсе), але пачула ад Алесі шмат цёплых слоў пра яго. Ну а дзеці для бацькоў — гэта іх працяг, радасць, надзея. Яны ўжо задумваюцца пра іх дарослае жыццё і вераць, што яно будзе насычаным і шчаслівым. Прынамсі, фундамент пад гэта закладваюць трывалы.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава і з сямейнага архіва Васілевічаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.