Около 300 населенных пунктов в 3-х районах обслуживает пожарный аварийно-спасательный пост №11 РОЧС в Лынтупах

Безопасность

Умеюць ліквідаваць і папярэдзіць

Каля 300 населеных пунктаў у Пастаўскім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах абслугоўвае пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 райаддзела па надзвычайных сітуацыях, размешчаны ў г.п. Лынтупы.

Гэты пост быў утвораны ў гарпасёлку ў канцы 1995 года на базе мясцовай пажарнай каманды, калі на Пастаўшчыне адбывалася фарміраванне ваенізаванай пажарнай службы. У зону яго абслугоўвання ўключылі Лынтупскі, Камайскі і Ярэўскі сельсаветы нашага раёна, на тэрыторыі якіх сёння знаходзяцца 199 вёсак, Свірскі сельсавет Мядзельскага, Рытанскі і Варнянскі — Астравецкага раёнаў. Радыус выезду ў самыя аддаленыя вёскі складае 30 кіламетраў.

— У асноўным мы выязджаем на пажары, а таксама на дарожна-транспартныя здарэнні і дапамогу насельніцтву, — расказваў начальнік паста Аляксандр Маляўка. — Дапамагаем людзям дастаць скаціну, калі яна кудысьці правалілася, адкрыць замкнёныя дзверы, спіла­ваць аварыйнае дрэва ці абрэзаць на ім галлё, якое чапляецца за лінію электраперадачы, замацаваць на даху сарваны ветрам шыфер, пазбавіцца ад гнёздаў восаў ці шэршняў. І хоць найчасцей бываюць менавіта такія выклікі, галоўным для нас з’яўляецца папярэджанне і ліквідацыя пажараў. Іх колькасць у апошнія гады зніжаецца дзякуючы прафілактычнай рабоце, якую праводзім сумесна са старшынямі сельвыканкамаў. Разам з імі абходзім усе дамы вяскоўцаў. Калі камусьці з пажылых ці шматдзетных трэба ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пачысціць дымаход або замазаць трэшчыны на печы, робім гэта. Ставім на ўлік і трымаем на пастаянным кантролі кожнага аматара спіртнога, і летась у нас ніхто з іх не пацярпеў ад пажару. Усяго ў 2022 годзе ў зоне абслугоўвання паста на тэрыторыі Пастаўскага раёна адбылося 7 пажараў, на якіх загінулі дзве пенсіянеркі. Прычынай іх гібелі стала неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Лынтупскі пост невялікі — на ім працуюць 8 чалавек. Акрамя начальніка, гэта 3 майстры-ратаўнікі і 4 вадзіцелі, адзін з якіх падменны. Пяцёра работнікаў з Пастаў, трое мясцовыя, з пасёлка. Гадоў 5 назад тут адбылася змена пакаленняў: тыя, пры кім адкрываўся пост, пайшлі на пенсію, а іх месца заняла моладзь. Нягледзячы на тое, што ніхто з маладых не мае спецыяльнай адукацыі, яны хутка асвоіліся ў прафесіі, у тым ліку дзякуючы штодзённым тэарэтычным і практычным заняткам. Ну а падтрымліваць форму дапамагае фізпадрыхтоўка з рэгулярнай здачай нарматываў.

— Калектыў у нас дружны, бая­здольны, — працягваў Аляксандр Георгіевіч. — Мы ўкамплектаваны ўсім неабходным для ліквідацыі розных надзвычайных сітуацый. Ёсць бензарэз, бензапіла, гідраўлічны інструмент для ўскрыцця аўтамабіляў і выратавання людзей, якія трапілі ў дарожна-транспартнае здарэнне. Маем баявую і рэзервовую машыны маркі «ЗІЛ-131» з аб’ёмам аўтацыстэрны 2,5 тоны для выезду на пажары. Яны хоць і старыя, але моцныя, ламаюцца рэдка, бо своечасова праводзім іх тэхнічнае абслугоўванне.

У Лынтупах Аляксандр Маляўка служыць амаль чвэрць стагоддзя — юбілей будзе адзначаць праз месяц, у лютым. Пачынаў радавым пажарным, праз 5 гадоў назначылі камандзірам аддзялення, а ў 2015-м узначаліў пост. За 25 гадоў чаго толькі не было! Не раз даводзілася і людзей з пакарабачаных аўтамабіляў даста­ваць, і пажары тушыць. Самы вялікі з іх адбыўся ў 2013-м на Лынтупскім спіртзаводзе і стаў сапраўдным экзаменам для ратаўнікоў, які тыя з гонарам вытрымалі.

На жаль, прыйшлося і хаваць баявога таварыша. Тры гады назад падчас ліквідацыі пажару па завулку Красільнікава ў гарпасёлку загінуў блізкі сябар Аляксандра Георгіевіча — Генадзій Макоўскі. У падраз­дзяленні захоўваюць памяць пра яго. Штогод у дзень гібелі наведва­юць магілу калегі і мараць пра тое, каб на будынку паста з’явілася памятная дошка з яго імем.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.