«От всей души». Волонтеры подарили праздник постояльцам ОКП для пожилых и инвалидов ТЦСОН

Общество

Абудзілі ўспаміны, ахінулі цеплынёй

Напярэдадні праваслаўных Каляд у пастаўскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў ТЦСАН панавала ажыўленне: пастаяльцы чакалі ў госці артыстаў з раённага Цэнтра дзяцей і моладзі і валанцёраў руху БРСМ «Добрае сэрца» разам з другім сакратаром райкама рэспубліканскага саюза Анастасіяй Пятровай.

Таленавітыя дзеці падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму, а валанцёры ўручылі пажылым людзям салодкія падарункі, пагутарылі з імі. Мерапрыемства адбылося ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы».

— Ініцыятарам акцыі выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, — гаварыла Анастасія Пятрова. — У гэты час дэпутаты, кіраўнікі розных ведамстваў, а таксама моладзь імкнуцца праявіць максімум увагі да пажылых людзей, асабліва адзінокіх, тых, хто пражывае ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, бальніцах сястрынскага догляду. Сёння мы прыйшлі ў гэта аддзяленне. На наступным тыдні запланавана наведванне адзінокіх дома, удзел у дыялогавай пляцоўцы людзей розных пакаленняў.

Акцыя «Ад усёй душы» — яшчэ адзін важны праект, накіраваны на аказанне дапамогі пажылым. Валанцёры руху «Добрае сэрца» заўсёды, а не толькі падчас дабрачыннага марафону, гатовы пачысціць снег каля дома адзінокага чалавека, прынесці яму дроў, вады, проста пагутарыць і падарыць бабулям і дзядулям максімум увагі.

Дзеці спявалі прыгожыя песні, а я назірала за гледачамі. Многія з іх так расчуліліся, што не хавалі слёз. Кожнаму ўспаміналася сваё далёкае і блізкае. Асабіста я была рада сустрэчы з настаўніцай пачатковых класаў былой Лукашоўскай школы Алай Аляксееўнай Тананой. Маладзенькая ўраджэнка Віцебска прыехала ў Лукашова па размеркаванні пасля заканчэння педінстытута. Тут выйшла замуж за мясцовага кінамеханіка Леаніда Танану. На жаль, лёс не даў ім уласных дзетак. Затое колькі пачаткоўцаў Ала Аляксееўна ахінула сваёй любоўю! Ідзе шосты год, як аўдавела. Дзве сястры жывуць у Віцебску, клікалі да сябе. Але яна засталася там, дзе пражыла амаль паўстагоддзя. Мінулым летам перанесла аперацыю і не рашылася зімаваць у вясковай хаце, папрасілася ў аддзяленне.

— Вельмі добра, што ў адзінокіх, ды і не толькі ў іх, ёсць магчы­масць жыць пад наглядам работнікаў аддзялення, — гаварыла мне Ала Аляксееўна. — Адаптавацца цяжкавата. Але тут пра нас вельмі клапоцяцца. Нядаўна прыходзіў айцец Валерый, была магчымасць паспавядацца. Не забываюць валанцёры. Глядзела канцэрт і ўспамінала, як сама рыхтавала навагоднія ранішнікі, іншыя мерапрыемствы са сваімі пачаткоўцамі. Прыемна, што некаторыя і сёння памятаюць мяне.

— Нашы падапечныя любяць, калі іх наведваюць, — гаварыў загадчык аддзялення Павел Паўловіч. — Таму мы вельмі ўдзячны юным артыстам, іх кіраўнікам, валанцёрам «Добрага сэрца» за падораную радасць.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.