Подведены итоги конкурса среди молодых семей «Мастера деревни» и награждена инициативная молодёжь Поставщины

Общество

У цэнтры ўвагі – моладзь і сем’і

28 снежня ў раённым Доме культуры падвялі вынікі адкрытага сельскагаспадарчага конкурсу сярод маладых сем’яў «Майстры вёскі» і ўзнагародзілі самых актыўных і ініцыятыўных маладых людзей Пастаўшчыны.

Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік і яго намеснік Станіслаў Чымбург.

— Сёння ў гэтай зале прысутнічае крэатыўная і перспектыўная моладзь, якой будаваць будучыню не толькі Пастаўшчыны, але і ўсёй нашай Беларусі, — вітаў прысутных Сяргей Васільевіч. — Хачу вам пажадаць не спыняцца на дасягнутым і пакараць новыя вяршыні. Дзяржаўная маладзёжная палітыка гэтаму спрыяе, ды і самі вы куды больш актыўныя, разняволеныя, чым некалі былі мы. Памятайце: стаяць на месцы — значыць страціць час, нешта ўпусціць, а гэтага мы сёння дазволіць сабе не можам. Давайце разам пераадольваць цяжкасці і крок за крокам рухацца наперад — да новых, сумесных, поспехаў.

Разам з другім сакратаром раённага камітэта БРСМ Анастасіяй Пятровай Сяргей Чэпік уручыў шэраг грамат ад райкама гэтай грамадскай арганізацыі. Іх удастоены амаль два дзясяткі чалавек, у тым ліку маладыя кіраўнікі пастаўскіх устаноў. Сярод узнагароджаных таксама былі члены Мала­дзёжнай палаты, што дзейнічае пры Пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў, актывісты маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, валанцёры атрада «Добрае Сэрца».

Пасля музычнай паўзы на сцэну выйшлі маладыя сем’і: Андрэй і Кацярына Каралёнкі з вёскі Хрыстова, Аляксандр і Наталля Журавы з аграгарадка Навасёлкі, Андрэй і Анастасія Кундро з Варапаева, Сяргей і Святлана Разумы з Рабекаў. Усе яны — удзельнікі конкурсу «Майстры вёскі», які ўжо ў 11-ы раз праводзіўся сярод маладых сем’яў, што пражываюць у сельскай мясцовасці.

— За гэты час у конкурсе па­ўдзель­нічалі больш за 60 маладых сем’яў, у тым ліку з-за мяжы, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — З года ў год ён пацвярджае, што наш раён багаты моцнымі, дружнымі, творчымі сем’ямі, у якіх шану­юць традыцыі продкаў і годна выхоўваюць дзяцей.

Бліжэй з сем’ямі-канкурсантамі журы пазнаёмілася праз падрыхтаваныя імі эсэ і відэаролікі. У выніку пераможцай прызнана сям’я Разум. І яна, і астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі прызы, якімі забяспечылі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». Свой падарунак — паўгадавую падпіску на раённую газету — уручыў пераможцам і «Пастаўскі край».

—Нашай сям’і 9 гадоў, — расказвала Святлана Разум. — Муж па прафесіі зваршчык, але цесна «сябруе» і з дрэвам, і з металам. Шмат чытае, займаецца спортам, пчалярствам, лю­біць рыбалку. Увогуле, уся наша сям’я вельмі любіць актыўны адпачынак на ўлонні прыроды.

Я прысвячаю ўсю сябе сям’і, дзецям. Іх у нас трое: старэйшай дачцэ Машы 8 гадоў, сыну Ягорку — 5, малодшай Настачцы ўсяго 8 месяцаў. Мы любім адно аднаго, і ў гэтым наша сіла.

Летась у «Майстрах вёскі» перамогу святкавала сям’я Гваз­дзеўскіх з Варапаева. З гэтай нагоды старшыні мясцовага сельскага Савета Іне Касарэўскай быў уручаны пераходны талісман конкурсу — гліняны чайнік. Сёлета Іна Генадзьеўна перадала яго калезе з Кураполля Ліліі Гінько. Няма сумненняў, што чайнік будзе працягваць «вандраваць» па раёне — найлепшых «Майстроў вёскі» па традыцыі плануюць вызначаць і надалей.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.