Директор ОАО «Поставымебель» Сергей Латецкий — лауреат звания «Человек года Витебщины-2022»

Главное Общество

Поспех дасягаецца камандай

У Прыдзвінскім краі стала добрай традыцыяй у лютым ушаноўваць прадстаўнікоў розных сфер народнай гаспадаркі, якія дабіліся найлепшых вынікаў за мінулы год. Учора ўрачыстасць з гэтай нагоды, а таксама 85-годдзя вобласці, адбылася ў канцэртнай зале «Віцебск». Сярод 50 лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2022» і дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі.

За мінулы год ААТ «Паставымэбля» выпушчана таварнай прадукцыі на 11 933 тысячы рублёў, вытворчасць да аналагічнага перыяду 2021 года вырасла на 134,3%. Тут пастаянна расшыраюць асартымент і рынкі збыту прадукцыі. Летась мэблю пастаўлялі ў Германію, Літву, Латвію, Эстонію.

З увядзеннем санкцый у ААТ «Паставымэбля», як і ў іншых пастаўшчыкоў, сарваліся кантракты з краінамі Прыбалтыкі і Еўропы. У такіх умовах кіраўніцтва завода скарэкціравала падыходы да арганізацыі тэхналагічных працэсаў, што і паспрыяла высокім вынікам работы. Прадпрыемства пераарыентавала пастаўкі прадукцыі з Захаду на Усход. На 366,6% павялічыўся экспарт у Расійскую Федэрацыю. «Паставымэбля» адкрыла для сябе рынкі ў Казахстане і да пачатку новага навучальнага года абставіла там сваёй мэбляй дзве школы. Нягледзячы на канкурэнцыю, прадпрыемства развіваецца і ўпэўнена рухаецца наперад. За мінулы год экспартавана прадукцыі на 643,96 тысячы долараў.

Вялікі патэнцыял для прадпрыемства і ў Беларусі. Выйграла тэндар на пастаўку мэблі на ўнутраны рынак: абсталявала 81 школьны кабінет фізікі, 230 — працы і 380 — біялогіі. Укамплектавала таксама дзіцячыя сады і школы ў Гродне, Мінску, Століне, Скідзелі, Полацку, дзіцячыя медустановы ў Астраўцы і Барысаве. Аднымі з найбуйнейшых заказчыкаў пастаўскай мэблі з’яўляюцца Нацыянальны інстытут адукацыі і БелАЗ.

— Вырашаць пастаўленыя перад прадпрыемствам задачы ўдаецца дзякуючы дружнай камандзе як інжынерна-тэхнічных работнікаў, так і станочнікаў, наладчыкаў, упакоўшчыкаў і іншых, — гаварыў Сяргей Лацецкі. — Мы не сядзім склаўшы рукі, а, як і вучыў Прэзідэнт краіны, працуем закасаўшы рукавы. Стыльны і сучасны дызайн нашай мэблі ўдала спалучаецца з дэмакратычнымі цэнамі. Свайго пакупніка пакараем і высокай якасцю прадукцыі.

На прадпрыемстве працуюць з усімі даступнымі на рынку матэрыяламі, у прыватнасці з драўняна-стружкавай і драўняна-валакністай плітамі, фарбаваным і ламі­ніраваным пластыкам. Выкарыстоўваюць фурнітуру ад вядучых вытворцаў краіны. Мэбля разлічана на кліентаў рознага ўзроўню даходу. Прадпрыемства мае надзейную рэпутацыю і трывала стаіць на нагах. На два наступныя гады запланавана набыць абсталяванне для лушчэння шпону і лінію па вырабе дэталяў з гнуткаклеенай фанеры і шпону.

Запасы гатовай прадукцыі знізіліся да 7,8% ад сярэднямесячнага аб’ёму выпушчанай на 1 студзеня бягучага года. За 2022 год рост прыбытку ад рэалізацыі склаў 210,8%, рост чыстага прыбытку – 379,9%.

На заводзе няма цякучасці кадраў. Спрыяльны мікраклімат, годная зарплата за­ахвочваюць людзей трымацца свайго рабочага месца. Сяргей Лацецкі на прадпрыемства прыйшоў у 1991 годзе вучнем токара. Працаваў станочнікам, абліцоўшчыкам мэблі, начальнікам аддзела маркетынгу і збыту, намеснікам дырэктара. У чэрвені 2017 года ўзначаліў калектыў. Сяргея Станіслававіча вызначаюць камунікабельнасць, уменне адначасова вырашаць некалькі задач, стратэгічна думаць, дакладна бачыць перспектыву. Дзякуючы дзелавым якасцям дырэктара ААТ «Паставымэбля» пастаянна займае перадавыя пазіцыі сярод мноства прадпрыемстваў Беларусі, якія выпускаюць мэблю.

У Сяргея Лацецкага шмат грамадскіх абавязкаў. Ён з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Калектыў ААТ «Паставымэбля» ганарыцца тым, што кіраўнік прадпрыемства ўдастоены высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.