Поставские правоохранители ведут постоянную борьбу с нелегальным оборотом алкоголя

Безопасность

Трымайцеся, вытворцы і гандляры!

Як паведамлялася ў адным з папярэдніх нумароў «ПК», летась на Пастаўшчыне больш чым на 19% знізіўся ўзровень агульнай злачыннасці. Але ў той жа час вырасла колькасць злачынстваў, здзейсненых асобамі ў нецвярозым стане. І гэтаму ў значнай ступені садзейнічаюць выраб і рэалізацыя некаторымі грамадзянамі алкагольнай прадукцыі.

Барацьбу з п’янствам і самагонаварэннем супрацоўнікі РАУС вядуць пастаянна. Толькі ў мінулым годзе яны канфіскавалі ў насельніцтва 2,7 тоны брагі, 19 літраў самагону і 5 самагонных апаратаў. Па фактах іх вырабу і захоўвання складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў. У 2021 годзе было канфіскавана 4 тоны брагі, 1,5 тоны самагону і 8 самагонных апаратаў, складзена 19 пратаколаў. Ёсць аналагічныя факты і сёлета.

— Асоб, якія гоняць і прадаюць самагон, мы выяўляем як у ходзе рэйдавых мерапрыемстваў, так і калі выязджаем на паведамленні ад насельніцтва, шукаем абавязаных асоб, працуем па злачынствах, — расказваў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Салагуб. — Заходзячы да людзей, ведаем, на што звяртаць увагу. Гэта характэрны пах, наяўнасць пэўных прадметаў: бітонаў, змеевікоў, пустых каністраў і інш. Нярэдка пра кропкі збыту спіртнога расказваюць блізкія пакупнікоў, калі тыя працяглы час знаходзяцца ў запоі, учыняюць дома скандалы.

Фото из открытых источников

Сказанае пацвярджаюць прыклады. Летась падчас рэйду па праверцы выканання пашпартнага рэжыму ў прыгранічнай зоне супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу на бочкі і спецыфічны пах у домаўладанні аднаго з жыхароў. Прафесійнае чуццё не падвяло: у бочках знаходзілася амаль 2 тоны брагі.

18 літраў брагі і 10 — спірту выяўлена ў канцы мінулага года ў жыхара вуліцы Астроўскага ў Паставах. Мужчына з’яўляецца абавязанай асобай, і аднойчы, наведаўшыся да яго дамоў, праваахоўнікі ўбачылі такую карціну: гаспадар спіць у пакоі, а побач раскіданы пустыя бутэлькі і пластыкавыя каністрачкі. На грамадзяніна склалі адміністрацыйныя пратаколы за выраб і захоўванне спіртнога і аштрафавалі на 490 рублёў.

Таксама ў снежні міліцыянеры выязджалі на паведамленне пра сямейны скандал у адну з вёсак Камайскага сельсавета. Жонка скандаліста расказала, што муж перад сваркай ужываў спірт. Сталі шукаць яго і знайшлі дзве напоўненыя 5-літровыя каністры. Як высветлілася, спірт грамадзянін купіў. Тым не менш гэта не дапамагло яму пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці і штрафу ў памеры 5 базавых велічынь.

А вось свежыя прыклады. 5 лютага ў РАУС патэлефанаваў жыхар вёскі Груздава і паведаміў, што ў машыне побач з яго домам грыміць музыка і двое мужчын распіваюць спіртное. На месца адправілася аператыўная група, якая канфіскавала ў парушальнікаў спакою 2 літры самагону. Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні асобы, якая рэалізавала спіртное. 8 лютага ў ходзе адпрацоўкі адміністрацыйнага ўчастка супрацоўнікі РАУС атрымалі інфармацыю, што жыхар Казлоўшчыны займаецца вырабам самагону для ўласнага спажывання. Пры наведванні яго дома было канфіскавана 30 літраў брагі і самагонны апарат.

Па словах Дзмітрыя Салагуба, работу па выяўленні вытворцаў і гандляроў моцнымі алкагольнымі напіткамі яны і далей будуць весці не менш актыўна. Так што, паважаныя, трымайцеся!

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.