Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Казнадеюшки

Общество



З гісторыі

Вось якія звесткі падае энцыклапедыя «Гарады і вёскі Беларусі»:

Казнадзеюшкі – вёска ў Лынтупскім сельсавеце, за 42 км на захад ад Пастаў, 2 км ад чыгуначнай станцыі Лынтупы. 20 гаспадарак. 49 жыхароў (2019).

Вядомая ў канцы XVIII ст. у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ як вёска Казнадзеешкі ў маёнтку Лынтупы ва ўладанні Гільдзенаў.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) – у складзе Расійскай імперыі.

У другой палове XІX ст. вёска ўваходзіла ў Лынтупскі маёнтак, які да 1939 года належаў роду Бішэўскіх.

Са жніўня 1915 г. да лістапада 1918 г. быў акупіраваны германскімі войскамі.

З 1 студзеня 1919 г. – у складзе БССР.

З красавіка 1919 г. да ліпеня 1920 г. акупіраваны польскімі войскамі. З 1921 г. – у складзе Польшчы, з 1922 г. – у Віленскай зямлі (з 1926 г. Віленскае ваяводства).

З лістапада 1939 г. зноў у складзе БССР. Са студзеня 1940 г. – у Свянцянскім раёне, з лістапада 1940 г. – у Пастаўскім раёне Вілейскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з пачатку ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

З 20 верасня 1944 г. вёска ў Маладзечанскай вобласці.

З 20 студзеня 1960 г. – у Віцебскай вобласці.



Не разбагацець, а выжыць

З Генавэфай Домжай я знаёмая шмат гадоў, яна — старэйшына вёскі. Ведаючы, якое вялікае падвор’е трымае сям’я, неаднойчы парывалася расказаць пра гэта ў «Пастаўскім краі». Але не атрымлівала згоды гаспадыні. «Навошта пра нас пісаць? — гаварыла яна. — Шмат жыўнасці трымаем не для таго, каб разбагацець, а каб выжыць, вывучыць дзяцей, даць ім дарогу ў жыццё». І толькі дзякуючы праекту «Вёсачка» я ўсё-такі дабілася ад Генавэфы Казіміраўны згоды на падрыхтоўку матэрыялу ў газету. З абавязковай умовай ад яе, што размова пойдзе і пра ўсіх суседзяў.

Дык я ж дзеля гэтага і ехала! Пачну ўсё ж са старэйшыны. Казіміраўне — 74. Даўно аўдавела. Жыве з дачкой і ўнукамі. 8 гадоў таму раптоўна памёр зяць. Засталося трое дзяцей. Андрэй ужо вучыўся ў каледжы ў сталіцы (пазней ён застаўся там працаваць). Крысціне тады споўнілася 13, Ігнату — 9. Гора падкасіла, але яшчэ больш згуртавала родных. Сям’ю аўдавелай сястры ўсімі сіламі падтрымаў і да гэтага часу падтрымлівае яе старэйшы брат Віктар, які жыве са сваёй сям’ёй пад Мінскам, мае прэстыжную работу. Ігнат з 9-гадовага ўзросту стаў сапраўдным гаспадаром. Любая тэхніка і любая работа яму пад сілу. Маці і бабуля не могуць нацешыцца працавітасцю і спрытам хлопца і бядуюць, як управяцца з гаспадаркай, калі ён паедзе на вучобу (сёлета хлопец заканчвае Лынтупскую СШ). Маці, Алена Хмылка, працавала прадаўцом у магазіне, але з-за нізкай зарплаты летась пакінула яго і перайшла ў школу тэхнічкай. Дачка Крысціна летась закончыла Мінскі пед­універсітэт імя М. Танка і зараз вучыць пачаткоўцаў у школе ў Бараўлянах.

Па гаспадарцы ўпраў­ляюцца ўтраіх: Генавэфа Казі­міраўна, Лена і Ігнат. А яна вялікая: 4 каровы, 2 быкі, 5 свіней, незлічонае птаства (куры, гусі, індыкі, качкі). Уяўляеце, колькі працы патрабуе такая колькасць жыўнасці?

Што да вёскі, то старэйшына расказала, што толькі ў 13 дамах жывуць людзі, а 17 — пустуюць. Працаздольных — 6 чалавек, 11 пенсіянераў, чацвёра дзяцей. Галоўнае — усе тут працавітыя, дружныя, спагадныя, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу адно аднаму. Яны разам у радасці і горы. Скажам, адзначалі свята вёскі — весяліліся ўсе. Напрыканцы мінулага года раптоўна памёр адзінокі аднавясковец. Чалавека як мае быць пахавала вёска.

У той дзень, калі мы былі ў Казнадзеюшках, з боку Літвы даносілася страляніна. Падумалася: НАТАўскія войскі право­дзяць вучэнні. Таму, натуральна, мы не маглі абысці ў размове тэму міру.

— Вайна — гэта жудасна, — гаварыла Генавэфа Казіміраўна. — Мая свякроў расказвала, як 19—20 мая 1942 года акупанты забілі яе мужа і трох яе родных братоў. Яна засталася з чатырма малымі дзецьмі. А ўсяго з Казнадзеюшак фашысты і іх памагатыя тады загубілі 18 чалавек. У цэлым на Лынтупшчыне ў тыя дні захопнікі расстралялі некалькі дзясяткаў  чалавек. Іх прозвішчы значацца на помніку, устаноўленым на брацкай магіле ў гарпасёлку.

Дык хіба ёсць штосьці даражэйшае за мір і жыццё?

Родная вёска для мяне  – рай

Марыя Кісель працавала апаратчыцай на Лынтупскім спіртзаводзе. 10 гадоў назад на прадпрыемстве адбыўся выбух і яно перастала дзейнічаць. Больш за 130 чалавек засталося без работы. Уладкоўваліся дзе хто мог. Марыю і яшчэ чатырох чалавек узялі вартаўнікамі завода. У людзей яшчэ цепліцца надзея, што прадпрыемства будзе адноўлена, але пакуль яно пустуе.

— Пусцеюць і нашы Казнадзеюшкі, — гаварыла Марыя. — Вось і мой сын Арцём , які вучыцца ў Мінску на кранаўшчыка, не збіраецца вяртацца сюды, бо няма работы. Ну а я са сваёй вёсачкі — нікуды! Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гэта — мой рай. Бачылі б вы, як прыгожа ў нас летам! А колькі грыбоў, ягад у лясах! Люблю працаваць у агаро­дзе, вырошчваць кветкі. Шчаслівая, што побач са мной мама, якой ужо 83. Яна заўсёды дапамагала мне ў жыцці. Мы з ёй яшчэ і карову трымаем, свіней.

Якраз у той час, калі я завітала да Марыі Кісель і яе маці Ядвігі Хмылкі, у іх была аднавяскоўка і сваячка Ірына Балсан. Яна ахвотна далучылася да размовы. Асабліва цікавым мне падалося спалучэнне ў яе лёсе рускага, беларускага і літоўскага.

Ірына нарадзілася і вырасла ў расійскім Омску. Там жа пазнаёмілася з беларускім хлопцам Толем Балсанам, які служыў у арміі. Пакахала і выйшла за яго замуж. У яго родную вёску Казнадзеюшкі прыехалі, калі іх першынцу было тры месяцы.

— Вясковае жыццё, якое ўбачыла ўпершыню, мяне не напалохала. Наадварот, мне тут спадабалася, — успамінала Ірына. — Праўда, вырашылі абуладкавацца ў Швянчонісе. Я працавала на кандытарскай фабрыцы. Але распаўся Саюз, сталі ўстанаўліваць дзяржаўныя граніцы. І мы вярнуліся. Была будаўніком, жывёлаводам, пашталь­ёнам, даглядала чужое дзіця-інваліда. Нядаўна пайшла на пенсію. Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, і зараз у нас дзве каровы і свінні.

Ірына з Анатолем выхавалі трох сыноў. Ва ўсіх літоўскія імёны: Яніс, Томас, Артур. Двое жывуць з сем’ямі ў Лынтупах, трэці — у Расіі.

Угаварыла жанчын сфатаграфавацца. Ядвіга Іосіфаўна, «папазіраваўшы», пайшла ў свой пакой, узяла ў рукі кніжку. «Падводзіць слых, таму тэлевізар не гляджу, — прызналася. — А вось чытаю шмат — усё, што Марына прыносіць з бібліятэкі. Мне гэта цікава». Ну а мы з Марынай і Ірынай прадоўжылі гаварыць пра вёску і вяскоўцаў.

Ля самай граніцы

Дом Марыі Лоўкіс, які сям’я пабудавала ў 1980 годзе, знаходзіцца ў самым пачатку гэтай прыгранічнай вёскі, за некалькі метраў ад спрошчанага пункта пропуску «Лынтупы». З яго вокнаў добра былі бачны машыны, якія нярэдка стаялі ў чарзе на перасячэнне Дзяржаўнай граніцы. Сёння тут пуста — з сакавіка 2019 года пункт закрыты.

А Марыі Мацвееўне, як і ўсім яе суседзям, не забыць той час, калі Беларусь і Літва ўваходзілі ў адну вялікую дзяржаву пад назвай СССР. Яна працавала на швянчонскай швейнай фабрыцы. Уладкавацца дапамог родны дзядзька. У тыя, 60-я, гады мінулага стагоддзя было праблематычна вырвацца з калгаса: вяскоўцам выдавалі пашпарты толькі з дазволу райкамаў партыі. У Літве, на швенчаняляйскім заводзе, працаваў і яе муж Валянцін. У калектывах не было падзелу на сваіх і чужых. Аўтобусы ў Швянчоніс і Вільнюс хадзілі па некалькі разоў на дзень. Усё стала мяняцца, і не ў лепшы бок, пасля развалу Саюза.

— Мы былі вымушаны пакінуць літоўскія прадпрыемствы, а ўладкавацца на месцы не было куды,— успамінае Марыя Мацвееўна 90-я гады. — Таму сталі вырошчваць больш жывёлы і прадаваць яе. Трымалі некалькі кароў, быкоў, свінаматак. Стараліся прадаць літоўцам, бо яны плацілі літамі, якія можна было абмяняць на долары. Здаралася, што і нелегальна перапраўлялі жывёлу праз граніцу.

Ужо 6 гадоў, як яна пахавала мужа. Не стала і гаспадаркі. Адзі­ны сын Анатолій і ўнук Саша жывуць у Германіі. Наведваюцца рэдка. Зносіны з імі падтрымлівае ў асноўным па інтэрнэце, непасрэдныя, «жывыя» — з аднавяскоўцамі. Ужо даўно на пенсіі. Але якая жанчына не знойдзе сабе занятку дома? Вось і Марыя Лоўкіс  вышывае, шые, вяжа палавічкі, падтрымлівае выключную чысціню ў пакоях. Летам хапае спраў у агародзе і кветніках.

Шмат гадоў жанчына вядзе своеасаблівы дзённік — запісвае ў агульны сшытак найбольш значныя падзеі, якія адбываюцца ў яе жыцці і ў вёсцы. У ім можна знайсці запісы пра тое, калі расцялілася карова і колькі малака прадалі, пра пакупку трактара, атрыманы ўраджай, а побач — пра нараджэнні і пахаванні, прыезд біскупа і іншае.

Думаю, на днях з’явіўся чарговы — пра тое, што наведаўся ка­рэспандэнт раёнкі.

Нялёгка, але радасна

Асабліва прыемна ба­чыць у вёсцы дзяцей. У Казнадзеюшках іх чацвёра. Усе — з сям’і Алены і Мікалая Рогачаў. Яшчэ адна іх дачка, прыгажуня Ліза, ужо дарослая, другакурсніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Зразумела, дома дзяўчыны не было. А вось чацвёрку малодшых мне ўдалося пабачыць. Шасцікласніца Вікторыя і пяцікласніца Анастасія вярнуліся са школы, пяцігадовы Арсеній — з дзіцячага садка, а сямімесячная Альбіна толькі прачнулася пасля дзённага сну. І ў таты якраз быў выхадны. Таму на здымку амаль уся сям’я ў зборы.

Мікалай працуе на Астравецкай АЭС. Дадому вяртаецца ў 8 вечара, мае толькі адзін выхадны. Ва ўласным доме і на падвор’і ў яго шмат спраў, і на ўсё патрэбны час. Таму дзецьмі ў асноўным займаецца Лена.

— Нялёгка, але радасна, — гаварыла яна. — Нянек у нас не было. Пасля нараджэння пагодкаў Вікі і Насці мне шмат дапамагала Ліза. А потым ужо яны падраслі і сталі прыглядваць за Сенем. Ён, адзіны хлопчык у сям’і, — вялікі гарэза. Зараз усе песцім Альбінку.

Для кожных бацькоў іх дзеці — найлепшыя. У Рогачаў гэта сапраўды так. Ліза паступіла на бюджэт. Займаецца футболам, валейболам, аэробікай. У свабодны ад вучобы час працуе ў магазіне, бо разумее, што сямейны бюджэт абмежаваны.

— Віка з Насцяй — таксама спартыўныя дзяўчынкі, — расказвалі бацькі. — Як у Лізы не было выхадных у школе, так і ў іх: то спартыўныя спаборніцтвы, то прадметныя алімпіяды, то яшчэ якія-небудзь мерапрыемствы. Яны заўсёды занятыя. І гэта добра, а то сядзелі б у тэлефонах.

Немалой падмогай для мнагадзетнай сям’і з’яўляецца падсобная гаспадарка. Раней трымалі дзвюх кароў, трох быкоў. Зараз абмежаваліся свіннямі, козамі ды курамі. Свая і агародніна. Папаўняюць харчовыя запасы ляснымі дарамі. Збіраюць грыбы і ягады на здачу нарыхтоўшчыкам. Адным словам, пастаянна ў клопатах. Але летам знаходзяць час і на возеры адпачыць.

— У горад не імкнуліся перае­хаць? — спытала я ў Алены і Мікалая.

— Не! — адказалі. — Мы прывыклі да вясковай прасторы. І людзі тут добрыя…

Незанядбаныя

Накіроўваючыся разам з Аленай Хмылкай да найстарэйшай жыхаркі вёскі Ядвігі Браніславаўны Міхновіч (ёй 84), я ўжо ведала, што жанчына страціла зрок і нічога не бачыць. «Ці захоча размаў­ляць?» — сумнявалася.

Бабуля ляжала ў ложку, ля яе прыгрэўся коцік. Прыняла нас прыветна, папрасіла прыглушыць радыё, якое было ўключана на поўны гук. Расказала, як клапоцяцца пра яе сын з нявесткай. Юзік прыязджае з Лынтуп, дзе жыве, кожную раніцу і вечар і дапамагае ва ўсім. Іра гатуе і перадае стравы. Наведваецца таксама. Прыбірае ў хаце, мые яе ў лазні. «Ядзя дагледжаная. Такога клапатлівага сына, як Юзік, трэба пашукаць», — гаварылі мне вяскоўцы. А калі ў каго ўзнікне пытанне, чаму не забіраюць маці да сябе, то адказ просты: яна на гэта пакуль што не згаджаецца.

Няма здароўя і яшчэ ў адной пажылой вяскоўкі — Генаэфы Хмылкі. Павышаецца ціск, падае зрок, баляць ногі. Ходзіць толькі з кіёчкам і не далей чым па пакоі. Замужам не была, дзяцей не мае. Найбліжэйшая радня — пляменніца Марыя Кісель. Акрамя яе, пра жанчыну клапоціцца сацыяльны работнік Жанна Кармулаева. Яна прыбірае ў хаце, прыносіць дровы, ваду, гатуе стравы.

— Жанна робіць усё, што папрашу, — гаварыла Генаэфа Іванаўна. — А я толькі радыё слухаю. «Затое ў курсе ўсяго, што адбываецца ў краіне і свеце, — заўважыла яе пляменніца. — І такая добрая памяць!»

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.