Пяць гадоў таму, 13 лютага 2018 года, адышоў у вечнасць педагог, краязнавец Іван Драўніцкі

Общество

Жыў дзеля Бацькаўшчыны

Светлай памяці бацькі прысвячаецца…

Пяць гадоў таму, 13 лютага 2018 года, адышоў у вечнасць педагог, краязнавец Іван Драўніцкі.

Ён нарадзіўся 6 мая 1932 года ў вёсцы Гвоздавічы Пастаўскага раёна. Перад Другой сусветнай вайной паспеў павучыцца ў школе, сямігодку скончыў у 1948-м, паступіў у Пастаўскае педагагічнае вучылішча. Потым была служба на Балтыйскім флоце. Ажаніўся, быў накіраваны на працу на Мядзельшчыну. Там і застаўся, але заўсёды памятаў пра сваю малую радзіму. І ўжо значна пазней убачанае і пачутае ў дзяцінстве, юнацтве ўвасобіў у краязнаўчыя артыкулы.

Часта бывае, што толькі пасля страты пачынаем разумець вар­тасць страчанага. На жаль, гэта тычыцца і мяне. Толькі папрацаваўшы з архівам бацькі, пагартаўшы гісторыю ліставання, я зразумела абсягі, а дакладней неабсяжнасць яго памкненняў. Аўстралія, ЗША, Германія, Польшча, Літва, Расія…

Minolta DSC

Прыродная ўласцівасць — дакапацца да сутнасці, глыбей раск­рыць тэму — клікала тату ў дарогу. З магнітафонам у руках ішоў да лю­дзей, запісваў, занатоўваў тое, што магло лёгка страціцца, бо існавала толькі ў вуснай форме. Быў частым госцем мядзельскага краязнаўчага музея, архіваў у Глыбокім, Вільні, Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, вядучых бібліятэк Санкт-Пецярбурга. Веданне іншых моў дазваляла працаваць з дакументамі напрамую, без дапамогі перакладчыкаў. Натхнілі займацца краязнаўствам сустрэчы і стасункі з цікавымі, неабыякавымі да гісторыі людзьмі. Алесь Рылько, Іосіф Быхавец, Мікола Ермаловіч, Адам Мальдзіс, Генадзь Каханоўскі, Яўген Рапановіч, Мікола Улашчык, Яраслаў Звяруга, Міхаіл Чарняўскі, Канстанцін Каратай, Аркадзь Нафрановіч, Якуб Якубоўскі – гэта далёка не поўны пералік…

Лёсы людзей, гісторыя краю цікавілі тату даўно, але ўшчыльную заняцца любімай справай змог толькі тады, калі выйшаў на заслужаны адпачынак. На ніве адукацыі адшчыраваў 48 гадоў. Яшчэ 14 вёў краязнаўчы гурток. У цэлым на працягу 62 гадоў займаўся выхаваннем падрастаючага пакалення! Сферамі зацікаўленасці ў краязнаўстве былі фальклор, тапаніміка, лакальная гісторыя, знакамітыя людзі, ураджэнцы мясцовасці. Геаграфічна тэрыторыя даследаванняў супала з тэрыторыяй вадазбо­ру ракі Страчы і яе прытокаў: Ас­тра­веччына, Мядзельшчына, Пастаўшчына. Адкрыццямі шчодра дзяліўся з грамадскасцю. Цікавыя, змястоўныя артыкулы з’яўляліся на старонках такіх выданняў, як «Мінская праўда», «Голас Радзімы», «Наша слова», «Пастаўскі край», «Астравецкая праўда», «Дыялог», «Наша вера», «Беражніца», «Куфэрак Віленшчыны», «Роднае слова». Тата — аўтар артыкулаў у кнігах серыі «Памяць» Пастаўскага, Мя­дзельскага, Астравецкага раёнаў.

Асобнымі кнігамі былі надрукаваны яго даследаванні: «Мая Віленшчына», «Прафесар музыкі з Камай», «Мастакі з дынастыі Ромераў», «Тутэйшая. Гэлена Ромер-Ахенкоўская», «Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я», «Пастаўская беларуская настаўніцкая семінарыя», «Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу». У іншых выдавецтвах былі надрукаваны кнігі «Спадчына Міжазер’я», «Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі» (разам з Т. В. Якубоўскай)…

Кожная кніга ўтрымлівае факты, якія раней не былі вядомыя шырокаму колу, таму ўяўляе сабой вялікую каштоўнасць. Маштабы зробленага ўражваюць. І ахоплівае туга, што не ўсё паспеў зрабіць, расказаць. Застаўся незавершаным радавод Драўніцкіх. А ўдалося знайсці звесткі пра продкаў да XVII стагоддзя. Менавіта з гэтага роду паходзіць вынаходнік парашута, паветраплавальнік, першая жанчына-паветраплавальнік, паэт. Удалося адшу­каць герб роду, радавое памесце… Не паспеў…

Засталася нерэалізаванай і мара зрабіць музей школьніцтва… ­Адзінае, што паспеў, гэта дамагчыся, каб надаць будынку камароўскай школы Мядзельскага раёна, у якой адпрацаваў больш за 50 гадоў, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая ахоўваецца дзяржавай… А ўнікальнасць будынка ў тым, што ён фактычна адзіны захаваўся без перабудовы і перапланіровак са ста школ, узведзеных на тэрыторыі былога Віленскага краю ў першай палове ХХ стагоддзя.

Школа была яго стыхіяй, энергетыка няўрымслівага дзіцячага калектыву адпавядала тэмпераменту. Гэта быў настаўнік, убачыўшы якога, дзеці адразу ўсміхаліся, бо чакалі трапнага слоўца, жартоўнага пытання, якое падымала настрой. З 62 гадоў працы на ніве адукацыі 40 дырэктарстваваў. Адміністрацыйную работу заўсёды складана спалучаць з творчай, але знахо­дзіў час, каб зладзіць, напрыклад, калядкі сумесна з мясцовым клубам, правесці творчую вечарыну, падрыхтаваць нестандартны ўрок. Калі была патрэба, мог закасаць рукавы, замяшаць гліну і адрамантаваць школьныя печкі, пачысціць комін, замяніць шкло… Падсобныя памяшканні каля школы, дарэчы, таксама будаваліся пры непасрэдным удзеле дырэктара…

Штогод адпраўляліся ў падарожжы. Зараз у гэта цяжка паве­рыць, але першыя вандроўкі з дзецьмі ладзіліся …на адкрытых грузавых машынах(!). І гэта быў няблізкі свет: Вільня, Ленінград… Вясковыя дзеці запомнілі тыя вандроўкі на ўсё жыццё, таму што многія ўпершыню на свае вочы ўбачылі велічныя помнікі архітэктуры, пабывалі ў шыкоўных музеях.

Хадзілі ў паходы: з рыбалкай, песнямі ля цяпельца, валейболам на беразе, начлегам у намёце, арыентаваннем на мясцовасці. Ладзіліся і веласіпедныя вандроўкі. На працягу многіх гадоў Іван Пятровіч вёў пешаходныя экскурсіі па ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры». Многім наведвальнікам заказніка запомніліся яго аповеды пра мясцовых вяльможаў, жыхароў навакольных вёсак, легенды. Маляўнічая прырода натхняла і на паэтычную творчасць. Іванам Пятровічам былі напісаны песні «Камароўская паходная», «Песня пра Нарач» і іншыя.

Заўсёды крочыў разам з часам: самастойна асвоіў камп’ютар, сучасны фотаапарат, сканер… Меў акаўнт у «Фэйсбуку», электронную скрыню, камунікаваў па скайпе.

Дзяцінства таты было абпалена вайной, яму выпала доля станавіцца на крыло ў складаныя пасляваенныя дзесяцігоддзі, жыць у часы «адлігі», «застою», развалу СССР, станаўлення незалежнасці. Але яго жыццё можна цалкам назваць шчаслівым, бо жыў і працаваў дзеля сваёй Бацькаўшчыны — Беларусі. І яго жыццё ёсць прыклад самаахвярнага служэння ёй. Прыклад нам, нашчадкам.

 Галіна Драўніцкая



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.