С наградами вернулись поставчане с IV Открытого регионального вокального фестиваля-конкурса «Звуки мечты»

Культура

Наспявалі на дыпломы

Сапраўдны музычны дэсант з Пастаў высадзіўся ў мінулую пятніцу ў Цэнтры культуры г. Наваполацка, дзе праходзіў IV Адкрыты рэгіянальны вакальны фестываль-конкурс юных выканаўцаў «Гукі мары». І ўсе нашы ўдзельнікі вярнуліся з яго з узнагародамі.

Гэты конкурс праводзіць Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж, і ён збірае юных вакалістаў не толькі з усёй Віцебшчыны, але і з іншых абласцей Беларусі і Мінска. Тройчы ў «Гуках мары» прымалі ўдзел выхаванцы вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай. Сёлета Аксана Анатольеўна прывезла на іх два ансамблі — «Дзяўчаты» і «Фантазія», а таксама ўпершыню салістку Яну Запольную.

Галасістая Яна выступала ў намінацыі «Эстрада. Сола. 10—13 гадоў», якая была самай вялікай — налічвала ажно 31 удзель­ніка. Тым не менш пастаўчанку заўважылі сярод іншых вакалістаў і прысудзілі ёй званне лаўрэата ІІІ ступені. Што да ансамбляў, то ўсе 11 эстрадных калектываў былі аб’яднаны ў адну ўзроставую групу 10—17 гадоў. Тут «Фантазія» атрымала дыплом лаўрэата ІІ ступені, а самыя малодшыя нашы ўдзельнікі, «Дзяўчаты», сталі дыпламантамі І ступені, зусім крыху не дацягнуўшы да лаўрэацкага дыплома.

— Я вельмі задаволена сваімі выхаванцамі, — гаварыла Аксана Нікалаева. — Асабліва рада за малышоў. Таму што пры такой вялікай узроставай разбежцы 10-11-гадовым дзецям — а ў «Дзяўчатах» ёсць нават дзве дзяўчынкі, якім па 9 гадоў — пераспяваць 17-гадовых удзельнікаў надзвычай складана. Але яны змаглі абысці многіх старэйшых за сябе. Трэба адзначыць, што ў журы конкурсу ўваходзяць сапраўдныя прафесіяналы — выкладчыкі каледжа, музыканты, кожны з якіх мае ўласны калектыў. І іх ацэнка дорага каштуе. Прызнацца, я кожны раз еду на гэты музычны форум ацаніць не столькі дзяцей, колькі сябе як педагога.

Акрамя дзяцей са «Славіі», у «Гуках мары» ўдзельнічалі таксама навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза — ансамбль «Сугучча», якім кіруе Марына Юдэнка, і салістка Дамініка Борыс, чыім педагогам з’яўляецца дырэктар установы Ганна Антух. «Сугучча» ўдастоена дыплома лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Акадэмічны ансамбль. 10—17 гадоў», а Дамініка стала дыпламантам ІІ ступені сярод эстрадных сольных выканаўцаў ва ўзросце ад 10 да 13 гадоў.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.