С середины ноября до середины марта охотники подкармливают лесных жителей

Важное Природа

Фуршэт для лясных жыхароў з сярэдзіны лістапада да сярэдзіны сакавіка рыхтуюць паляўнічыя.

Бываючы ў гаспадарках раёна, праязджаючы па палях, нярэдка сустракаю казуль, ліс, зайцоў. Здаралася палюбавацца і ласём, які паважна пераходзіў дарогу або велічна стаяў на ўскрайку лесу. Пастаянна задумвалася: як жа лясныя звяры выжываюць снежнай марознай зімой? Мядзведзь кладзецца спаць у бярлогу, вавёрка жыве ў поўным запасаў дупле. А астатнія? Гэтым пацікавілася ў вядучага інжынера паляўнічай гаспадаркі лясгаса Юрыя Ракеля.

— Здабываць корм самастойна жыхарам лесу, сапраўды, цяпер няпроста, — гаварыў Юрый Ракель. — Таму выжыць ім у гэты перыяд дапамагаюць людзі. На тэрыторыі нашага раёна 4 паляўнічыя гаспадаркі. Лясгасаўская займае больш за 35 тысяч гектараў. Ёсць яшчэ дзве прыватныя, а таксама раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Паляўнічыя і клапоцяцца пра тое, каб дзікія звяры зімой не галадалі. У лясгасе за падкормку і выкладку кармоў адказныя егеры Алег Карпік і Павел Савіч, за якімі замацаваны ўгоддзі Камайскага і Лынтупскага сельсаветаў. У Старадворскім лясніцтве кармы па лясных сталоўках развозіць майстар лесу Дзмітрый Дубовік.

Майстар лесу Дзмітрый Дубовік

З Дзмітрыем і адправіліся папаўняць кармушкі. На першым прыпынку ён выгрузіў з бартавога крытага тэнтам УАЗіка мяшкі з зернем і занёс пад навес. Высыпаў і на зямлю, каб жывёла падбірала корм, як у дзікіх умовах.

— Падкормка лясных звяроў — адзін з найважнейшых складальнікаў дзейнасці паляўнічых, — расказваў Юрый Ракель. — Гэта робіцца як для прыцягнення звяроў у канкрэтнае месца паляўнічай гаспадаркі, так і для захавання і павелічэння іх колькасці ў канкрэтнай мясцовасці. Наша задача — дапамагчы дзікай жывёле перажыць складаны зімовы перыяд. Асноўная частка яе рацыёну — расліны, ягады, карэнне — засыпана снегам. Звярам цяжка здабыць з-пад тоўстага снежнага покрыва падножны корм. У такія дні казулі, дзікі, каб зберагчы энергію, могуць суткамі ляжаць на адным месцы. Ім складана прабірацца да падкормачных пляцовак.

Па словах вопытнага паляўніцтвазнаўца, найцяжэй пера­жыць зіму казулям, якія харчуюцца травой, ягаднікамі. Зімой іх часта можна ўбачыць на пасевах азімага рапсу, на палях, дзе расце канюшына. Для казуль паляўнічыя развешваюць венікі з галінак вярбы, асіны.

Зіма — найскладанейшая пара года і для дзікоў, калі немагчыма з-пад снегу выкапаць ні карэнне, ні жалуды. На кароценькіх нагах ім няпроста хадзіць па глыбокім снезе. Ад голаду ратуе зерне, насыпанае паляўнічымі. У суровыя зімовыя дні дзікія звяры канцэнтруюцца вакол падкормачных пляцовак. На тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі лясгаса іх больш за 20.

Пад’язджаем да чарговай. Па слядах на снезе можна мерка­ваць, з якога боку лесу сюды прыхо­дзілі казулі, дзікі, алені і зайцы. Пусты лясны стол сведчыць пра тое, што дадатковы корм у лясных жыхароў запатрабаваны. На лясной паляне — некалькі пабудоў: кармушкі, сховішча для збожжа. Дзмітрый Дубовік адчыняе яго дзверы і дэманструе стратэгічныя запасы, затым насыпае пшаніцу ў вёдры і нясе да кармушкі. Зноў жа частку высыпае пад навесам, частку проста рассыпае па снезе.

Лось зімой харчуецца галінкамі маладзенькіх асін і сосен, карой дрэў. Заходзіць і ў лясныя сталоўкі, каб падсілкавацца зернем. Яшчэ адзін жыццёва важны элемент падкормкі — соль. Як звычайная, так і з мікрадабаўкамі — фелуцэн. Саланцы ў кармушкі падкладваюць круглы год.

Запасы лясных сталовак звычайна папаўняюцца 1-2 разы на тыдзень. Калі моцныя снегапады або маразы, то егеры выбіраюцца ў лес ледзь не кожны дзень. У такіх выпадках на дапамогу ім прыходзяць аматары-паляўнічыя.

Убачыць за абедам каго-не­будзь з лясных жыхароў мне ў той дзень не пашчасціла: звяры прыходзяць да кармушкі звычайна ноччу. Таму паназіраць за іх вячэрай можна толькі затаіўшыся на вышцы або з дапамогай фотапасткі. Апошнія дапамагаюць выяўляць і браканьераў.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і даслаў лясгас



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.