Фоторепортаж: Акция «Бачу Беларусь такой» прошла сегодня в Поставах

Культура

Бачу Беларусь такой

Так называўся рэспубліканскі літаратурна-патрыятычны праект, арганізаваны членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах і Уладзіславам Цыдзікам, які прайшоў у канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай.

Пачаўся ён з прэзентацыі фотавыставы Уладзіслава Станіслававіча, што разгарнулася ў фае. Аўтар фотаработ — асоба адметная. У свой час працаваў начальнікам упраўлення Мінсельгасхарчу, старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці, з’яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І якую б пасаду ні займаў, дзе б ні быў, не выпускаў і па сёння не выпускае з рук фотаапарат. Фатаграфіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку яго работамі любаваліся родныя і сябры. Першы сур’ёзны творчы дэбют адбыўся ў 2016 годзе, калі ўбачыў свет фотапаэтычны альбом са здымкамі Ула­дзіслава Цыдзіка «Зачараваны Беларуссю». Водгукі і вялікая папулярнасць выдання натхнілі яго на ўдзел у стварэнні ў 2018 годзе новага зборніка «Бачу Беларусь такой», які ў нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» заваяваў дыплом І ступені ў намінацыі «Фотапогляд».

Сёння выйшлі ў свет ужо 4 кнігі з фотаздымкамі Уладзіслава Станіслававіча, праведзена каля 40 яго фотавыстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Убачыць работы фотамастака, якія адлюстроўваюць прыгажосць роднай прыроды, знаёмяць з унікальнымі мясцінамі, старажытнай і сучаснай архітэктурай, змаглі і пастаўчане. На прэзентацыі аўтар расказаў пра сябе і сваё хобі, заклікаў бацькоў выхоўваць у дзецях патрыятызм і павагу да мінулага краіны, вучыць іх бачыць навакольную прыгажосць.

У цэлым пра праект распавяла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Яна расказала пра гісторыю з’яўлення названых і іншых кніг з серыі пра Беларусь, у якія, акрамя фотаздымкаў, уваходзяць вершы і проза сучасных беларускіх аўтараў. Пры гэтым зазначыла, што зборнікі карыстаюцца вялікім чытацкім попытам, іх у якасці сувеніраў набывала наша Міністэрства замежных спраў. Таксама Алена Анатольеўна пазнаёміла прысутных з уласнай творчасцю, прадставіўшы свае кнігі і прачытаўшы некалькі сваіх вершаў. На працягу ўсяго яе выступлення, прасякнутага любоўю да вялікай і малой ра­дзімы, рэфрэнам гучала думка: кожны з нас павінен ведаць свае карані, паважаць родную мову і культуру.

Яшчэ адным удзельнікам праекта быў кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. Падняўшыся на сцэну, ён выканаў за раялем некалькі сваіх хітоў, якія ўзялі ў рэпертуар Ала Пугачова, Іосіф Кабзон, Эдуард Хіль, ансамблі «Самоцветы», «Верасы» і «Песняры» і якія раней спявала ўся савецкая краіна. А затым — папуры з сучасных, папулярных у моладзі песень, чым выклікаў бурныя апладысменты прысутных на сустрэчы школьнікаў.

— Разам з вамі мы вывучаем Беларусь, — гаварыў, дзякуючы гасцям, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Наведваючы розныя куткі краіны, вы дапамагаеце нам убачыць яе прыга­жосць. Яна адлюстравана і ў вашых кнігах, фотаздымках, песнях. Хачу пажадаць моладзі гэтак жа любіць Радзіму і рабіць усё для яе росквіту.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.