Фоторепортаж: В Поставах состоялась презентация книги «Долман. Личность и миф»

Важное Культура

Далман. Асоба і міф. Прэзентацыя кнігі з такой назвай адбылася ў суботу ў райвыканкаме.

На яе сабраліся не толькі мясцовыя краязнаўцы, аматары гісторыі і культуры, тыя, каму цікавая асоба Міхаіла Уладзіміравіча Даламанава, больш вядомага як лекар Далман, але і сталічныя навукоўцы, яго родныя.

Адна з аўтараў выдання падрабязна расказала пра тое, як стваралася кніга, якая выйшла ў свет у Мінску ў 2021 годзе. У яе аснову ляглі ўспаміны старажылаў з вёскі Верацеі Пастаўскага раёна, дзе жыў легендарны лекар, яго дачкі Ксеніі, іншых людзей, якім ён дапамог справіцца з немаччу. Гэтыя ўспаміны і аповеды разгортваюцца ва ўнікальную і парадаксальную сваёй выключнасцю жыццёвую гісторыю.

Працуючы над кнігай, аўтары збіралі звесткі не толькі пра тое, каго і як лячыў Далман, але і пра яго род, які паходзіць з Варонежскай губерні. Цікава было пачуць, як продкі Міхаіла Уладзіміравіча апынуліся на Пастаўшчыне, якім быў ён сам. Інтэлігентны, рускі патомны дваранін, пры гэтым вельмі прыязна ставіўся да вяскоўцаў і іх традыцый, шчыра верыў у Бога і на працягу ўсяго жыцця за ўласныя грошы аднаўляў разбураныя ў часы рэвалюцыйнага і ваеннага ліхалецця храмы. Усё гэта дапамагло заслужыць надзвычай высокі маральны аўтарытэт у вачах не толькі мясцовага люду, але і прадстаўнікоў улад і святароў.

Шмат гаварылася пра дар лекавання Далмана, да якога ехалі па замоўленую ваду не толькі з навакольных вёсак і мястэчак, але і з усяго Савецкага Саюза, у тым ліку касманаўты, вялікія начальнікі і партыйныя дзеячы. Свае здольнасці ён пераняў ад бацькі, а на сконе жыцця перадаў іх сыну Сяргею і дачцэ Ксеніі (усяго ж меў 6 дзяцей). Справу выратавання людзей ад розных хвароб прадоўжылі ўнук Анатолій Зелянкевіч і праўнукі Ілья і Алена Даламанавы.

Ад імя родных сваімі ўспамінамі пра вядомага продка з прысутнымі падзяліўся ўнук Ігар Зелянкевіч. Таксама выступіў ураджэнец вёскі Верацеі кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька. Затым госці адправіліся ў аграгарадок Парыж, дзе адбылася прэзентацыя кнігі для землякоў Далмана.

Фото Елены Шаповаловой



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.