Ксёндз-дэкан Павел Самсонаў расказаў пра сакрамант хросту: сутнасць, выбар імені, абавязкі хросных бацькоў

Духовность

Брама ўсіх сакрамантаў

У Каталіцкім Касцёле існуе сем сакрамантаў (наданне святасці). Першы з іх — сакрамант хросту. Пра яго сутнасць, выбар імені для дзіцяці, абавязкі хросных бацькоў і іншае карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць з пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ксяндзом-дэканам Паўлам Самсонавым.

«Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца — бу­дзе збаўлены». Гэтымі словамі Хрыстос устанавіў сакрамант святога хросту, — расказваў ксёндз-дэкан. — Толькі пасля яго мы можам прыступаць да іншых сакрамантаў: споведзі і Камуніі, бежмавання, шлюбу, намашчэння хворых і святарскага пасвячэння. Праз хрост мы ачышчаемся ад заганы першароднага граху (граху Адама і Евы). Хрыстос удзяляе нам дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця і далучае да супольнасці Касцёла. Згодна з Катэхізісам, хрост — гэта сакрамант веры, але не яе кульмінацыя. Вера павінна няспынна развівацца. Таму кожны год у Пасхальную вігілію Касцёл запрашае нас аднавіць абяцанні, дадзеныя на святым хросце.

— У якім узросце лепш хрысціць дзіця?

— Пажадана, каб яно было ахрышчана як мага хутчэй пасля нараджэння. Калі хрост прымае дзіця, старэйшае за 7 гадоў, то яно абавязана прайсці спецыяльную падрыхтоўку. Гэты сакрамант, як і канфірмацыя (бежмаванне), пасвячэнне, прымаецца толькі раз у жыцці.

— Нярэдка бывае праблемай выбраць імя…

— Многія стагоддзі існуе традыцыя даваць дзецям імёны святых, якія засталіся назаўсёды вернымі Хрысту. І тады святы становіцца апекуном нованароджанага і прыкладам для наследавання. Сёння стала вельмі модным называць дзяцей нетрадыцыйнымі імёнамі, і, на жаль, даволі часта яны не маюць нічога агульнага з хрысціянствам.

— Яшчэ адно са складаных пытанняў — выбар хросных. Хто імі можа быць?

— Асоба, якая дасягнула 16-гадовага ўзросту, не з’яўляецца маці або бацькам таго, хто прымае хрост. Абавязкі хросных вельмі адказныя, бо прымаюцца перад Божым алтаром. Хросныя бя­руць на сябе абавязацельствы за тое, што будуць дапамагаць бацькам весці дзіця да веры, Бога і Касцёла. У выпадку, калі родныя бацькі не змогуць наву­чыць дзіця асноўным малітвам, наведваць з ім храм, то тады гэта зрабіць павінны хросныя, давесці хрэсніка да споведзі і першай Камуніі. Справіцца з гэтымі абавязкамі можа толькі чалавек, які практыкуе ўдзел у жыцці Касцёла. Па гэтым прынцыпе і выбірайце хросных сваім дзецям. Адным з іх можа быць і праваслаўны.

— Часам даводзілася чуць, што нельга запрашаць быць хроснымі сямейную пару або цяжарную жанчыну, адной сям’і хрысціць дзяцей у іншай.

— Гэта забабоны, на якія веруючы чалавек не павінен звяртаць увагі.

— Абрад хросту вельмі прыгожы, і кожны яго элемент мае важны сэнс. Растлумачце, калі ласка, які.

— Цэлебрацыя пачынаецца знакам крыжа, які азначае пячатку Хрыста на тым, хто бу­дзе Яму належаць, і ласку адкуплення, якую Хрыстос набыў для нас сваёй смерцю на крыжы. Далей ідзе абвяшчэнне Божага слова. Святы Павел вучыць, што вера нара­джаецца са слухання. Затым над кандыдатам чытаецца малітва экзарцызму, бо хрост — гэта вызваленне ад граху і сатаны.

Галоўны элемент — вада, асвечаная ў Вялікую суботу або непасрэдна перад удзяленнем сакраманту. Святар палівае чалавеку галаву вадой і гаворыць сакрамантальную формулу: «N, я цябе хрышчу ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога».

Пасля галоўнага абраду адбываюцца дапаўняльныя: намашчэнне святым алеем, накладанне белага адзення і ўручэнне свечкі. Намашчэнне азначае дары Духа Святога для новаахры­шчанага. Белае адзен­не — сімвал таго, што новаахрышчаны апрануўся ў Хрыста і ўваскрос з Хрыстом. Свечка, запаленая ад пасхала, напамінае, што мы, хрысціяне, з’яўляемся святлом зямлі.

— Ведаю, што ў выпадку пагрозы жыццю дзіцяці яно можа быць ахрышчана не толькі святаром.

— Пры пагрозе смерці гэта можа зрабіць кожны чалавек, які шчыра жадае ахрысціць.

— Многіх хвалюе пытанне, ці можна хрысціць, напрыклад, падчас Вялікага посту ці пасля смерці блізкага чалавека.

— Ніякіх абмежаванняў, якія датычаць дня ўдзялення сакраманту, няма. Але неабходна аддзяліць цэлебрацыю хросту ад святкавання гэтай урачыстасці. Таму, калі хрост з нейкай прычыны адбываецца падчас Вялікага посту, яго святкаванне варта перанесці на іншы час.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.