Международный день лесов. Древесину, здоровье, ягоды, грибы и многое другое дают нам леса

Природа

Для мяне лес — крыніца сіл і энергіі. Спяшаюся туды ў любую пару года, каб наталіцца яго прыгажосцю і хараством, вясеннім спевам птушак, назбіраць удосталь лясных дароў… Дарэчы, менавіта лес уратаваў мяне ад цяжкіх наступстваў пандэміі каранавіруса, бо падчас яе часта накіроўвалася ў сасоннік, каб проста падыхаць чыстым паветрам. А ўзгадала пра гэта ў сувязі з Міжнародным днём лясоў, які штогод адзначаецца 21 сакавіка. Сёлета яго тэма — «Лес і здароўе».

— Захаванне лясоў і іх багацця — адна з найважнейшых экалагічных задач, — гаварыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Наша краіна багатая на прыродныя рэсурсы. Лясы займаюць больш за 40% тэрыторыі Беларусі. І задача лесаводаў — яе павялічваць, а таксама паляпшаць не толькі колькасныя паказчыкі лесу, але і якасныя.

У Пастаўскім лясгасе наладжана эфектыўная работа па лесааднаўленні. Яго работнікі садзяць маладыя дрэўцы на тэрыторыях, якія вызваліліся пасля правя­дзення планавых высечак і пасля буралому. Сістэматычна тут праводзяць несуцэльныя высечкі галоўнага карыстання, калі дрэвы спілоўваюць за 2-4 прыёмы. Спачатку выдаляюць тыя, якія перашкаджаюць расці іншым дрэвам. Гэты перыяд доўжыцца ад 4 да 15 гадоў. К таму часу, як пачнецца апошняя высечка, звычайна адбываецца натуральнае лесааднаўленне: вецер разносіць насенне, і маладыя дрэўцы вырастаюць на вызваленай плошчы. Такі метад дазваляе эканоміць на пасяўным і пасадачным матэрыялах і не патрабуе падрыхтоўкі плошчы пад пасадкі.

Нягледзячы на тое, што ва ўсе сферы, у тым ліку лясную, даўно прыйшлі сучасныя тэхналогіі, без ручной працы тут не абысціся. На работнікаў лясгаса кладзецца немалая нагрузка і адказнасць, бо яны павінны пакінуць нашчадкам багатую лясную спадчыну.

За мінулы год на тэрыторыі Пастаўскага лясгаса маладыя саджанцы пасадзілі больш чым на 120 гектарах, на 300 га правялі дапаўненні — замянілі тыя, якія не прыжыліся. Натуральным спосабам падчас высечкі дзелавой драўніны засеяна 40 гектараў. Догляд лясных культур праве­дзены на плошчы каля 1 000 га. За зіму нарыхтавана насення: сасны — 42 кілаграмы, елкі еўрапейскай — 20, вольхі — 25, бярозы — 75, ясеня — 60, клёна — 15, дуба — 112. Менавіта з яго і вырастуць лясы для нашчадкаў.

У пачатку красавіка разгорнуцца работы па ачыстцы лясоў, пасадцы маладых дрэўцаў і добраўпарадкаванні месцаў адпачынку. І кожны ахвотны зможа прыняць у іх удзел і такім чынам унесці свой пасільны ўклад у прымнажэнне лясных багаццяў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.