Воспитатель детсада №1 Наталья Шолох — победительница районного этапа конкурса «Учитель года РБ»

Главное Образование

Хінуцца дзеці, паважаюць бацькі

«Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, і за час работы ў садку я ні разу не пашкадавала пра тое, што прыйшла сюды», — прызналася падчас інтэрв’ю выхавальнік дзетсада 1 у Паставах Наталля Шолах, якая сёлета стала пераможцай раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у адпаведнай намінацыі.

Між тым стаць выхавальнікам Наталля Уладзіміраўна ніколі не марыла. З дзяцінства вабіла музыка, хацелася навучыцца граць на якім-небудзь інструменце. І ў 8 гадоў маці аддала дзяўчынку ў музычную школу па класе баяна. Вучоба ў ёй вызначыла выбар прафесіі. Закончыўшы 9 класаў, Наталля паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча, а пасля атрымання дыплома адправілася выкладаць у Лынтупскую дзіцячую музычную школу.

Работа прыносіла задавальненне. Але праз 6 гадоў маладая жанчына, якая к таму часу паспела выйсці замуж і нарадзіць сына, вырашыла вярнуцца ў Паставы. Ды ўладкавацца тут па спецыяльнасці не змагла, пайшла працаваць выхавальнікам у дзіцячы сад «Рамонак», які наведваў сын. Неўзабаве жыццёвыя абставіны склаліся так, што прыйшлося пакінуць педагогіку. Спрабавала сябе ў іншых сферах дзейнасці, але хутка зразумела: гэта не яе. Вельмі сумавала па дзецях і аднойчы папрасіла маці, якая працавала медсястрой у «Крынічцы», пацікавіцца ў загадчыцы садка Лады Канчанінай, ці зможа тая ўзяць яе на работу.

Сёння Наталля Уладзіміраўна вельмі ўдзячная Ладзе Яўгенаўне і ўсяму калектыву першага гарадскога сада за тое, што прынялі ў сваю дружную сям’ю. У ёй гераіня артыкула з 2015 года. За гэты час паспела набыць неабходныя прафесійныя навыкі і зарэкамендаваць сябе выдатным педагогам, да якога хінуцца дзеці, высока цэняць і паважаюць бацькі.

— Безумоўна, работа выхавальніка няпростая, патрабуе цярпення і любові да дзяцей, — кажа суразмоўца. — У кожнага з іх свой характар і настрой, які можа мяняцца на працягу дня. І да кожнага неабходна знайсці індывідуальны падыход, усебакова развіць і падрыхтаваць да школы. Я імкнуся быць для малых не толькі настаўнікам, але і верным сябрам, памочнікам, зрабіць кожную хвіліну іх знаходжання ў садку цікавай і карыснай. Радуюся, калі гэта атрымліваецца і ў адказ бачу шчырыя ўсмешкі. Яны, а таксама непасрэднасць дзяцей зараджаюць мяне энергіяй на ўвесь дзень.

— Наталля Уладзіміраўна — вельмі скрупулёзны і патрабавальны, у першую чаргу да сябе, педагог, — характарызавала падначаленую Лада Канчаніна. — Калі за штосьці бярэцца, даводзіць гэта амаль да ідэалу, заўсёды дабіваецца пастаўленай мэты. Многія бацькі жадаюць, каб іх дзеці трапілі ў яе групу, бо яна не абмяжоўваецца рамкамі праграмы дашкольнай адукацыі, а стараецца даць сваім выхаванцам максімум дадатковых ведаў. А якая творчая і артыстычная, як умее ўжыцца ў любы вобраз на нашых ранішніках і святах! Да таго ж гатова ахвяраваць асабістым часам у інтарэсах справы, што цяпер рэдкасць.

Менавіта таму, калі паўстала пытанне, каго адправіць на конкурс прафмайстэрства, выбар спынілі на Наталлі Шолах. І, заручыўшыся падтрымкай адміністрацыі, яна ўзялася за падрыхтоўку. Старалася не падвесці калектыў, выступіць годна. Што ў выніку атрымалася дзякуючы парадам, метадычнай і чыста практычнай дапамозе загадчыцы сада, яе намесніка па асноўнай дзейнасці Наталлі Кісялёвай, іншых педагогаў. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць Юлію Валабуеву, якая дапамагала рыхтаваць мультымедыйную самапрэзентацыю.

Конкурс стаў для мяне сур’ёзным выпрабаваннем, забраў шмат часу і сіл, — гаварыла Наталля Уладзіміраўна. — Але я рада, што прыняла ў ім удзел, бо пазнаёмілася з вопытам работы калег з іншых садоў, набыла асабісты вопыт публічных выступленняў, уменне свабодна трымацца перад аўдыторыяй, арганізатарскія здольнасці. Ён даў мне творчы пад’ём і штуршок да далейшага прафесійнага росту.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.