15 апреля на Поставщине стартует республиканская добровольная акция «Неделя леса»

Природа

Да «Тыдня лесу» гатовыя!

У 16-ы раз Міністэрства лясной гаспадаркі ініцыявала традыцыйную рэспубліканскую добраахвотную акцыю «Тыдзень лесу» і зацвердзіла тэрміны яе правядзення. Што плануюць зрабіць за гэты час работнікі лясной гаспадаркі Пастаўшчыны, расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў:

— Сёлета акцыя расцягнецца на ўвесь красавік. У Брэсцкай вобласці яна пачалася 1 красавіка і прадоўжыцца да 8-га. Наступнымі эстафету пяроймуць жыхары Мінскай і Гомельскай абласцей (8—15 красавіка). 15-га акцыя стартуе ў Віцебскай і Гродзенскай. Завершыць лясны марафон Магілёўская вобласць (17—23 красавіка). Кампанія па стварэнні новых лясоў будзе прысвечана Году міру і стварэння.

Ва ўсіх лясніцтвах нашага лясгаса ўжо вызначаны плошчы пад пасадку лясных культур. План на бягучы год — 129 гектараў. За «Тыдзень лесу» мяркуем пасадзіць больш за 30 гектараў. Найбольшы аб’ём работ трэба выканаць у Груздаўскім лясніцтве — 13 гектараў. У гадавальніку пасадачнага матэрыялу дастаткова. Садзіць будзем елку, сасну, чорную вольху, бярозу, дуб.

Ужо тэлефануюць ахвотныя паўдзельнічаць у акцыі. Гэта прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый, прадпрыемстваў, навучэнцы школ і дзяржаўнага каледжа. Добраахвотнікам выдадзім неабходны інвентар і пасадачны матэрыял. Спецыяльных ведаў для пасадкі дрэў не трэба: ляснічыя і леснікі будуць кіраваць працэсам. Спачатку яны правядуць інструктаж, а потым пакажуць, як карыстацца мячом Колесава, на якой адлегласці размяшчаць саджанцы. Самых актыўных заахвоцім сувенірамі. Адказны за правядзенне акцыі — інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Віталій Хаткевіч.

Большасць з нас любяць лес і яго дары. Таму заклікаю жыхароў Пастаўшчыны ў Год міру і стварэння прыняць актыўны ўдзел у аднаўленні лясных багаццяў. Тэлефон для даведак 8(033)358-38-66.

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.