Что нужно знать о выпускных экзаменах: все нововведения по полочкам

Образование

Крыху больш за месяц застаецца да заканчэння навучальнага года ў школах. І гэта самы напружаны і хвалюючы час для выпускнікоў, іх бацькоў і педагогаў. Хваляванняў ім дадае яшчэ і тое, што ў студзені 2023-га ў Беларусі зацвердзілі новаўвядзенні, якія закранулі фармат выніковай атэстацыі і правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. Каб выпускныя і цэнтралізаваныя экзамены ў школьнікаў прайшлі гладка, зараз у аддзеле па адукацыі райвыканкама і ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Пастаўшчыны праводзяцца інструктыўна-метадычныя нарады з кіраўнікамі і педагогамі. Праведзена таксама вялікая растлумачальная работа з бацькамі.

Нагадаем, вучэбныя заняткі для навучэнцаў 9 і 11 класаў у гэтым навучальным годзе завершацца 25 мая. Выпускныя экзамены 9-класнікі будуць здаваць у перыяд з 1 па 9 чэрвеня па чатырох прадметах. Па беларускай і рускай мовах напішуць пераказ, па матэматыцы — кантрольную работу, а па гісторыі Беларусі давядзецца адказваць вусна па білетах.

11-класнікам замест чатырох экзаменаў, як было раней, сёлета ўпершыню трэба будзе здаць два цэнтралізаваныя. Адзін — па рускай або беларускай мове, а другі — на выбар выпускніка з пераліку тых вучэбных прадметаў, па якіх праводзіцца ЦТ. Днямі здачы экзаменаў вызначаны адпаведна 14 і 21 мая.

Для тых выпускнікоў, якія з уважлівай прычыны не змаглі прыняць удзел у ЦЭ ва ўстаноўленыя даты, прадугледжаны рэзервовыя дні і іншыя тэрміны. Рэзервовым днём па рускай і беларускай мовах абрана 23 мая, для прадмета па выбары — 25 мая. Іншымі тэрмінамі вызначаны: у ліпені падчас рэзервовых дзён для цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама 21 і 23 жніўня. Такім чынам, навучэнцы, якія хварэлі ў асноўныя і рэзервовыя дні правядзення цэнтралізаванага экзамена, змогуць здаць яго ў ліпені.

Сертыфікаты пасля здачы экзаменаў 11-класнікі атрымаюць у сваіх установах адукацыі на выпускным вечары разам з атэстатамі, куды ўжо будуць выстаўлены выніковыя адзнакі. Іх выведуць з сярэдняга арыфметычнага гадавой адзнакі і пераведзеных у 10-бальную шкалу вынікаў ЦЭ.

Тут неабходна дадаць, што заданні цэнтралізаваных экзаменаў будуць у выглядзе тэстаў, скла­дзеных па базавым узроўні вучэбнай праграмы. Здаваць экзамены выпускнікі сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў раёна прые­дуць у Пастаўскі дзяржаўны каледж, які вызначаны пунктам іх правядзення. Рэгістрацыя ўдзельнікаў стартавала 1 красавіка, і да 20 чысла гэтага месяца даныя навучэнцаў павінны ўнесці ў сістэму рэгістрацыі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, адказнага за тэхналагічнае суправаджэнне ЦЭ.

У адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, некаторыя навучэнцы могуць быць вызвалены ад выпускных і цэнтралізаваных экзаменаў. Гэта школьнікі, якія па медыцынскіх паказаннях навучаюцца дома, а таксама пераможцы трэцяга (абласнога) і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Лідары трэцяга этапа алімпіяды вызваляюцца ад аднаго ЦЭ — па тым прадмеце, па якім заваявалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў. Па ім у атэстат выстаўляецца 10 балаў. Пераможцы заключнага этапа маюць права не здаваць абодва экзамены. Па прадмеце, па якім навучэнец стаў уладальнікам дыплома, будзе выстаўлена 10 балаў, а па астатніх — гадавая адзнака.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.