Леонид Бредняк: «Наше решение переехать в Беларусь считаю правильным. Здесь нас хорошо приняли»

Общество

Стала родным Палессе

Прызываючыся на службу ў армію, ураджэнец Хмяльніцкай вобласці Леанід Брадняк не мог і падумаць, што большую частку жыцця давядзецца пражыць у Беларусі, якая стане для яго другой Радзімай. Сёння 64-гадовы Леанід Антонавіч хоць і мае права на пенсію, загадвае фермай «Забалацце» ААТ «Янавіца-агра», трымае з жонкай хатнюю гаспадарку і ўдзячны лёсу за кожны яго паварот.

— 18 гадоў пражыў ва Украіне, тэрміновую службу праходзіў у Латвіі, — расказваў. — Застаўся на звыштэрміновую. Закахаўся ў дзяўчыну з Курскай вобласці. Пажаніліся, калі Тані было 20, мне — 21. У Елгаве атрымалі трохпакаёвую кватэру.

Арміі Леанід прысвяціў 16 гадоў. Распад Савецкага Саюза перакрэсліў усе планы і прымусіў многае памяняць у жыцці. Рускім, украінцам, беларусам у Латвіі стала некамфортна. Браднякі цесна сябравалі яшчэ з дзвюма сем’ямі, у якіх беларускія карані. Яны і прапанавалі перабрацца на іх Радзіму.

У верасні 1992 года Леанід і Таццяна з сынам і дачкой прыехалі ў Палессе. Тагачасны старшыня калгаса Іван Юхно прапанаваў жыллё і работу на ферме. Таццяна кароў ніколі не даіла, але выбару не было. Хутка асвоіла новыя абавязкі, прывыкла да графіка і асаблівасцей работы, а праз год ужо была адной з найлепшых аператараў гаспадаркі. Леанід узначаліў сухарышскую ферму. Пазней па ініцыятыве старшыні скончыў курсы асемянатараў. Цяпер загадвае фермай у Забалацці і як тэхнік-асемянатар аб’язджае самыя аддаленыя ад Палесся фермы ў Кавалях, Жвойрышках.

— Наша рашэнне пераехаць у Беларусь лічу правільным, — гаварыў Леанід Брадняк. — Тут нас добра прынялі. І мы з жонкай, і нашы дзеці знайшлі сваё месца, пасябравалі з мясцовымі жыхарамі. Душа баліць за землякоў-украінцаў! Хочацца, каб палітыкі хутчэй знайшлі кампраміс і нарэшце скончылася кровапраліцце, каб над Украінай было такое ж мірнае неба, як над Беларуссю.

У сваім жыцці Браднякі кіруюцца прынцыпам: хочаш добра жыць — шчыра працуй. Нягледзячы на тое, што абое на пенсіі, трымаюць карову, іншую жыў­насць. Маюць уласны трактар. Самастойна спраўляюцца з усімі сельскагаспадарчымі работамі.

— Пра адно шкадую — што не атрымаў вышэйшую адукацыю, — гаварыў Леанід Антонавіч. — Яшчэ падчас службы ў арміі мне прапаноўвалі паступаць у ваеннае вучылішча. Але якраз нарадзіўся першынец, жонка ні да адных бацькоў, ні да другіх ехаць не згадзілася, а я пашкадаваў пакідаць яе адну з дзіцем.

Затое дачка Браднякоў Алена скончыла медвучылішча і Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. Танка, працуе ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. У вышэйшай навучальнай установе вучыўся і сын. На жаль, з аб’ектыўных прычын закон­чыць яе не ўдалося.

— Усё ж галоўнае, лічу, не адукацыя, а тое, што дзеці выраслі годнымі людзьмі, займаюцца любімай справай, — разважаў суразмоўца. — Цешымся з жонкай з пяцярых унукаў, рады, калі яны прыязджаюць да нас.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.