На рынке Поставского филиала Витебского облпо прошла традиционная весенняя сельскохозяйственная ярмарка

Главное Общество

Бойка і весела ішоў у нядзелю гандаль на рынку Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, дзе ладзіўся традыцыйны вясенні сельскагаспадарчы кірмаш.

Аднымі з пастаянных яго ўдзельнікаў былі сельгаспрадпрыемствы раёна. ААТ «Кураполле-агра» і «Сцяг Перамогі-агра» прывезлі ячмень і пшаніцу. Ячмень прадавалі па 20 рублёў за мяшок, пшаніцу — адпаведна па 23 і 25 рублёў. У курапольцаў іх можна было купляць таксама вёдрамі. ААТ «Камайскі-агра», акрамя пшаніцы, гандляваў аўсом па 16 рублёў за мех. Нягледзячы на тое, што пакупнікі даволі актыўна падыходзілі да машын і набывалі збожжа, прадстаўнікі гаспадарак прызналіся мне: «У параўнанні з асеннім кірмашом цяпер гандаль ідзе слабавата. Раней да 7 гадзін паспявалі ўсё прадаць». На гэты раз «разгрузіцца» змаглі ў 9-9.30.

Яшчэ адзін пастаянны ўдзельнік раённых кірмашоў — Пастаўскі лясгас — прапаноўваў наведвальнікам вырашчаныя ва ўласным гадавальніку саджанцы туй, кізільніку, пузыраплодніку, івы, айвы, цісу, самшыту, ядлоўцу, дэкаратыўных елак. Рыбгас «Навінкі» рэалізоўваў карпа і таўсталобіка, сялянская гаспадарка «Антэй-сад» — яблыкі, моркву, буракі і насенную бульбу. Набыць плодаагароднінную прадукцыю можна было таксама ў пастаўскіх кааператараў (яны прадавалі яе як у свежым, так і ў квашаным ці марынаваным выглядзе), індывідуальных прадпрымальнікаў і насельніцтва. Асабліва шмат на рынак прывезлі бульбы. Прадаўцы з ёй занялі ледзь не палову вуліцы Кастрычніцкай. Цана за вядро насеннай вагалася ад 5 да 10 рублёў у залежнасці ад гатунку, за вялікую прасілі 7-8 рублёў. Некаторыя прыватнікі разам з бульбай прапаноўвалі ячмень, пшаніцу, гарох.

Багатым быў і выбар саджанцаў пладова-ягадных культур, дэкаратыўных кустоў і кветак, якія даставілі на кірмаш жонка прадпрымальніка з Варапаева Ала Рэген з памочніцай і прадстаўнікі гадавальніка «Дзімаў-сад» з вёскі Канстанцінава Глыбоцкага раёна. І хоць іх асартымент у многім супадаў, пакупнікоў хапала і ў адных, і ў другіх. Карысталіся попытам таксама варапаеўскія булкі (каля палаткі з імі была самая вялікая чарга), прадукцыя Глыбоцкага мясакамбіната і Пастаўскага малаказавода, мяснога цэха нашага філіяла аблспажыўтаварыства, вырабы майстроў Дома рамёстваў «Стары млын».

Работнікі культуры паклапаціліся таксама пра забаўляльную праграму на кірмашы. На працягу больш чым дзвюх гадзін сама­дзейныя артысты з усяго раёна гралі, спявалі, ладзілі з наведвальнікамі гульні, каб яшчэ палеп­шыць і без таго сонечны настрой.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.