Поставчане приняли участие в весенней выставке-ярмарке туристических услуг «Отдых-2023»

Важное Спорт и туризм

З 13 па 15 красавіка ў мінскім Палацы спорту прайшла вясенняя выстава-кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2023». Юбілейны, 25-ы, форум сабраў на адной пляцоўцы прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі з Беларусі, 11 рэгіёнаў Расіі, Узбекістана, Кубы, Палесціны, Балгарыі, Грузіі, Пакістана і Венесуэлы. У прадстаўнічым мерапрыемстве ўдзельнічалі і пастаўчане.

На форум у складзе пастаўскай дэлегацыі адправіліся начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі, галоўны спецыяліст аддзела Яўгеній Скрыдлеўскі, інтруктары-метадысты Наталія Карнілава і Алеся Гіль, іншыя прадстаўнікі галіны. Прэзентавалі сябе нашы землякі і з творчага боку: самабытную сувенірную прадукцыю ў Мінск павезлі майстры Крысціна Брэская і Алена Крывенькая.

Пастаўчане, да якіх у адзін з дзён далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, актыўна ўдзельнічалі ў рабоце выставы-кірмашу: наведалі ўрачыстую цырымонію адкрыцця, разнастайныя прэзентацыі і семінары. Далучыліся і да абмеркавання новага трэнда ў развіцці ўязнога турызму — глэмпінгу, які дае магчымасць адпачыць на прыродзе ў максімальна камфортных умовах.

— За тры дні свой турыстычны патэнцыял прадэманстравалі самыя розныя тураб’екты Беларусі і замежжа: санаторыі, гатэлі, аграэкасядзібы, медыцынскія, аздараўленчыя цэнтры, у тым ліку наш АДРАЦ «Ветразь», і іншыя, — расказвала інструктар-метадыст Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Наталія Карнілава. — Гасцей было шмат. Многія гаварылі, што ведаюць Пастаўшчыну як самабытны турыстычны край Віцебшчыны. Чуць гэта было прыемна і ганарова.

Са свайго боку мы зрабілі ўсё магчымае, каб пра наш край даведалася як мага большая колькасць людзей. Удалося наладзіць супрацоўніцтва з віцебскай турфірмай «Ілва» — гэта флагман уязнога і ўнутранага турызму як у вобласці, так і ва ўсёй рэспубліцы, які на рынку турпаслуг ужо 30 гадоў. Таксама наладзілі цесныя кантакты з прадстаўнікамі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня». Нечаканым, але прыемным было знаёмства з каардынатарам гродзенскага праекта міжнародна-тэхнічнай дапамогі «Шляхам Тызенгаўза» Сяргеем Калядой. Ён падарыў нам шыкоўную грунтоўную кнігу «Антоні Тызенгаўз і яго эпоха». Сёлета адзначаецца 290-годдзе з дня нараджэння графа, таму гэты прэзент мае асаблівую каштоўнасць.

Выстава «Адпачынак» сімвалізуе пачатак адкрыцця новага турыстычнага сезона. Ёсць усе падставы меркаваць, што яна адкрые Пастаўшчыну шматлікім гасцям з Беларусі і іншых краін.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.