Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах Павел Самсонаў пра Пасланне Прэзідэнта

Духовность

— У Палацы Рэспублікі, дзе з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу выступаў Прэзідэнт Беларусі, прысутнічаў і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які з’яўляецца Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка закрануў шмат надзённых тэм. Сярод іх — адраджэнне традыцыі вялікай, дружнай, поўнай — класічнай! — сям’і. І зазначыў, што голас прадстаўнікоў усіх рэлігійных канфесій павінен гучаць мацней.

Каталіцкі Касцёл пастаянна выступаў і выступае ў абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцей і супраць прапаганды гомасексуалізму і іншых палавых адхіленняў. Заходняя мода на чайлдфры набірае папулярнасць. Тое, чаго раней немагчыма было нават уявіць, сёння многім, а асабліва моладзі, здаецца прыцягальным. Будучыня не толькі Касцёла, Царквы, але і ўсяго свету, у тым ліку і беларускага грамадства, менавіта за моладдзю. На якім базісе выхаваем падрастаючае пакаленне, такім яно і будзе. Трэба тлумачыць маладым, што жыццёвыя дасягненні бессэнсоўныя, калі іх няма каму перадаць, што нажытыя багацці не заменяць шчасця бачыць, як працягваецца твой род.

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах Павел Самсонаў пра Пасланне Прэзідэнта

Апошнім часам нямногія сямейныя пары жадаюць мець столькі дзяцей, колькі ім дасць Бог. Як правіла, гэта людзі глыбокарэлігійныя. Ёсць такія і ў маёй парафіі. Напрыклад, Рычард і Яня Радзюшы выхавалі чацвярых дзяцей. Усе — практыкуючыя католікі. У сям’і Івановых пяць сыноў і дачушка. Іх мама Святлана, акрамя выхавання дзетак, паспявае весці курсы па вывучэнні метадаў распазнавання плоднасці, з’яўляецца адной з арганізатараў сямейных баляў.

Сёння маладыя будуюць раскошныя катэджы, у якіх сучасная мэбля і бытавая тэхніка, толькі не чуваць дзіцячых галасоў. Дзяржава аказвае значную падтрымку сем’ям: водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, сямейны капітал, ільготы на будаўніцтва жылля і многае іншае. Вядома, адказнасць за выхаванне дзяцей ляжыць на бацьках. І многія яе баяцца, хочуць жыць толькі для сябе.

Аборты, разводы, аднаполыя шлюбы — існуючых праблем, на жаль, вельмі шмат. Калі мы не будзем вучыць людзей рабіць правільны выбар — на карысць жыцця, а не смерці, — то ў будучыні чалавецтва чакае гібель. Каталіцкі Касцёл, Праваслаўная Царква праводзяць вялікую работу па папулярызацыі сямейных каштоўнасцей. У пастаўскай парафіі Святога Антонія Падунскага кожны першы панядзелак месяца ладзяцца сустрэчы сем’яў, на якіх з удзелам святара муж і жонка вучацца будаваць свае адносіны, умацоўваць сям’ю, выхоўваць дзяцей, працаваць над сваім характарам і многае іншае.

Сям’я — крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, на чым будуецца любое цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек. Яна была і застаецца захавальніцай традыцый, культуры і гістарычнай спадчыны пакаленняў, гарантам стабільнасці і развіцця. Будзем імкнуцца, каб у Беларусі сямейныя каштоўнасці сталі нацыянальнай ідэнтычнасцю.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.