Старейшина д. Старый Двор Галина Лещик старается помочь каждому

Общество

Напрыканцы сакавіка мне давялося прысутнічаць на сесіі Варапаеўскага сельскага Савета. Разглядалася пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў. Гаварылі пра многае. З асаблівай усхваляванасцю агучыла даўно набалелае старэйшына вёскі Стары Двор Галіна Лешчык. Яна хадайнічала перад старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Курто, які прымаў удзел у рабоце сесіі, аб зносе двухпавярховага будынка. Некалі ў ім размяшчаліся кантора саўгаса «Старадворскі», клуб, бібліятэка. Ужо шмат гадоў будынак пустуе, рушыцца, уяўляе сабой небяспеку. Між іншым ён знаходзіцца непадалёк прыгожага возера. Яшчэ больш крыўдна, што за лічаныя метры ад будынка стаіць абеліск у памяць пра землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі падтрымліваюць ля яго парадак, ля абеліска праводзяцца мітынгі. І ўсё гэта — на фоне запусцення…

На жаль, пакуль цяжка сказаць, калі праблема будзе вырашана. На знос будынка патрабуюцца вялікія сродкі. А іх няма ні ў сельвыканкаме, ні на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра», на тэрыторыі якога знаходзіцца будынак. Абмежаваны і раённы бюджэт.

— Галіна Сцяпанаўна — вельмі нераўнадушны чалавек, таму 5 гадоў назад і выбралі яе старэйшынам, — гаварыла мне пасля завяршэння сесіі старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская і парэкамендавала сфатаграфа­ваць жанчыну для газеты.

А сама Галіна Лешчык прызналася, што грамадская «пасада» стала для яе поўнай нечаканасцю, але трэба адпавядаць ёй. Расказвала, што большасць старадворцаў — людзі гаспадарлівыя, падтрымліваюць парадак у жыллі і на прыдамавых тэрыторыях. У вёсцы прыгожа летам — дагледжаныя агароды, шматлікія кветнікі. Парафіяне актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі ля каплічкі. Але ёсць і такія, хто зусім не дбае нават пра парадак ля свайго дома. А як прыкра, калі хтосьці выкідвае смецце на бераг возера, узбочыны дарогі! Між іншым камунальнікі забіраюць яго рэгулярна — аб’язджаюць вёску два разы на месяц. І хіба цяжка да вызначанага дня сабраць непатрэбнае ў мяшкі і выставіць іх на вуліцу?

У жыцці вяскоўцаў узнікаюць розныя пытанні. Старэйшына даводзіць іх да ведама сельвыканкама або хадайнічае аб вырашэнні перад адпаведнымі раённымі службамі. Таксама дапамагае сельвыканкаму праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, робіць вопіс маёмасці і жывёлы старадворцаў, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх пасяджэннях.

— А галоўнае, што Галіна Сцяпанаўна знахо­дзіць узаемаразуменне з людзьмі, дапамагае ім і заклікае да гэтага аднавяскоўцаў у такіх выпадках, як пажар, хвароба або смерць, іншых цяжкіх жыццёвых сітуацыях, — зазначыла старшыня сельскага Савета.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.