У маладой пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага адбылася ўрачыстасць Божай Міласэрнасці

Духовность

Удзел у ёй прынялі святары пастаўскага дэканата. Святую Імшу ўзначаліў зямляк ксяндза-дэкана Паўла Самсонава настаяцель Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі айцец Сяргей Мацюшонак.

Ён узгадаў, як хлопцамі яны служылі пры алтары Пана ў касцёле ў Валкалатах, расказаў пра сяброўства, якое звязвае іх многія гады. Сваю гамілію айцец Сяргей прысвяціў спакою і Божай Міласэрнасці.

У Евангеллі другой велікоднай нядзелі апавядаецца, як пасля Змёртвыхпаўстання Езус прыйшоў да сваіх вучняў. Дзверы дома, дзе яны знаходзіліся, былі зачыненымі. Але для Хрыста няма нічога немагчымага — ён увайшоў у пакой і сказаў: «Спакой вам!»

Хто сёння не хоча спакою? Спакою ў сваім сэрцы, у сям’і, на працы, у краіне і ва ўсім свеце? Кожнага з нас пастаянна нешта непакоіць, ёсць няўпэўненасць, боязь. Нярэдка думаецца: скончу гэту справу — і наступіць спакой. Але прыходзіць новы дзень, а з ім — новыя праблемы, трывогі. Мы стараемся шукаць выйсце, самастойна вырашаць розныя складаныя пытанні.

Езус сярод нас заўсёды. Ён хоча аздаравіць нашыя сэрцы і вочы, каб мы бачылі ўсё ў Божым святле і палюбілі нашага Збавіцеля, нашых блізкіх і саміх сябе. Ён кажа кожнаму з нас: «Даверся Мне!» І толькі з Божай дапамогай магчыма з усім справіцца і ўсё пераадолець. Божая міласэр­насць бязмежная. Яна — прытулак і выратаванне для ўсіх душ: і для тых, хто шануе Пана, і для тых, хто не верыць у Яго, а таксама для душ у чыстцы.

У касцёле асаблівым месцам праяўлення Божай міласэрнасці з’яўляецца канфесіянал, дзе чалавек прыступае да споведзі. Праз святара Бог адпускае грахі, атуляючы сваёй ласкай нават найбольшага грэшніка, калі той шчыра раскайваецца і просіць прабачэння.

На сумесную малітву ў маладую парафію сабраліся не толькі парафіяне, але і шмат гасцей з розных куточкаў Пастаўшчыны. Пасля святой Імшы святары і вернікі прайшлі ва ўрачыстай працэсіі вакол новага касцёла, будаўнічыя работы ў якім пасля зімы аднавіліся на гэтым тыдні. Святая Імша завяршылася спевам «Цябе, Бога, праслаўляем». Затым ушанавалі рэліквію Святой Фаўстыны, праз якую Езус устанавіў свята Божай міласэрнасці. Сапраўдную асалоду ўсе атрымалі ад спеваў маладога хору.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў ксёндз-дэкан Павел Самсонаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.