В Беларуси начали выплачивать единовременную материальную помощь ко Дню Победы

Главное Общество

Дадатковая выплата заўсёды дарэчы

З 26 красавіка па 4 мая ў Беларусі выплачваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і грамадзянам, пацярпелым ад яе наступстваў.

Паштальён гарадскога аддзялення сувязі Марына Дзедавец прыйшла да 94-гадовага Мечыслава Мухі, які пражывае ў райцэнтры па вуліцы Асяненкі, не ў дзень атрымання ім пенсіі, а раней, каб выплаціць інваліду з дзяцінства з прычыны Вялікай Айчыннай вайны аднаразо­вую матэрыяльную дапамогу. Калі пачалася вайна, Мечыславу было 12 гадоў. Ён жыў у той час у Варапаеве. У 1944-м немцы, адступаючы, пасля сябе пакінулі мноства ўзрыванебяспечных прадметаў. І яны як магнітам прыцягвалі да сябе цікаўных падлеткаў. Не ўтрымаўся ад спакусы і Мечык. Два яго сябры ад выбуху снарада загінулі на месцы, а яму адарвала абедзве рукі да локця. Ад смерці хлопца ўратавалі савецкія воіны, якія адвезлі яго ў дунілавіцкую бальніцу. Там яго прааперыравалі. Затым год лячыўся ў Невелі.

Калецтва не зламала юнака. Ён паставіў сабе мэту навучыцца ўсё рабіць самастойна. І дабіўся яе: быў паляўнічым, рыбаловам, ез­дзіў на веласіпедзе, збіраў грыбы і ягады. Стварыў сям’ю, ва ўсім стараўся дапамагаць жонцы, разам з якой выхавалі годных сына і дачку.

Сёння той актыўны час Мечыслаў Данілавіч успамінае з сумам. З гадамі, асабліва пасля смерці жонкі, яго сталі пакідаць сілы. Шэсць гадоў таму дачка ўгаварыла бацьку перабрацца да яе ў Паставы. Стараўся і тут знаходзіць сабе занятак. Апошнім часам яго падводзіць зрок. Але гэта не перашкаджае слухаць радыё і перадачы па тэлебачанні, быць у курсе ўсіх спраў. У суправаджэнні  вернага сабакі Данілавіч кожны дзень ходзіць пешшу па некалькі кіламетраў.

— Учора з’ездзілі на варапаеўскія могілкі, — расказваў ён начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Седзюкевіч, якую ведае даўно, і паштальёну Марыне Дзедавец. — Цяпер чакаю Дня Перамогі. Абяцае прыехаць унук Віталій. Ён — падпалкоўнік Міністэрства па над­звычайных сітуацыях Беларусі. Жыць мне добра: дачка з зяцем клапоцяцца штодня, дзяржава дапамагае. Дарэчы і аднаразовая выплата, бо ў маім узросце не абысціся без лекаў.



850 рублёў атрымаюць асобы, якія пацярпелі ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны;

1 100 рублёў – асобы, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; асобы, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог; асобы, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях г. Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 г. да 27 студзеня 1944 г. і  ўзнагароджаныя медалём «За абарону Ленінграда», і асобы, узнагароджаныя знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда»;

2 000 рублёў – інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай, асобы, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 г.; асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943–1945 гг.



Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.