Весенние полевые работы набирают темпы в Поставском районе

Важное Сельское хозяйство

Сяўбу пачалі з аўса

«Сей авёс у гразь — будзеш князь» — сцвярджае народная прымаўка. Які ўраджай дасць гэта культура на палях СП «Дунілавічы-агра», даведаемся ўвосень. А пакуль механізатары ўвесь светлавы дзень рыхтуюць глебу і загортваюць у яе насенне аўса.

Дунілавіцкія хлебаробы сезон сяўбы яравых зерневых, як і ў мінулыя гады, пачалі раней за іншых у раёне. Першым вывеў у поле пасяўны агрэгат Андрэй Насевіч і за адзін дзень засеяў аўсом 5 гектараў. Праз пару дзён на дапамогу мясцовым сейбітам прыехалі механізатары малочнага завода.

— Вясна сёлета да нас не спяшалася, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Юлія Жуперка. — Раней пачыналі сяўбу ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, сёлета — на 4-5 дзён пазней. Добра, што восенню ўзаралі ўсе ўчасткі, прызначаныя пад яравую сяўбу. Цяпер толькі пускаем трактары з чызелямі, культыватарамі, баронамі — і глеба гатова прыняць насенне. Пачалі з аўса, бо гэта культура не баіцца замаразкаў. Пад яе адвялі 150 гектараў. А ўвогуле засеяць яравымі плануем 850.

У аўторак Андрэй Насевіч дасяваў падрыхтаваныя зага­дзя гектары зямлі каля Жданоў. Большасць тэхнікі працавала за Даравым: першым следам на трактары з чызелем ішоў Дзяніс Малец, за ім другі след рабіў Дзмітрый Лысёнак. На полі насупраць на трактары з чызелем рупіўся Валерый Пупкевіч, з баронамі — Валерый Татун, на сеялцы — Леанід Насыр. Усе трое — з малочнага завода. На веснавых палявых работах задзейнічаны не першы год. Свае абавязкі ведаюць дасканала і ўсё выконваюць якасна.

Насенне ў поле падвозіць механізатар Віктар Врублеўскі. Загрузіўшы сеялку, Леанід Насыр яшчэ раз правярае настройкі пасяўнога агрэгата на патрэбную глыбіню пасеву, садзіцца ў кабіну, і трактар пачынае рух.

— Тэхніка ў нашых памочнікаў магутная, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Сарапененка. — Розніца вялікая ў аб’ёме работы, выкананай на 3-метровай сеялцы і на 6-метровай. Таму мы вельмі ўдзячныя і механізатарам, і кіраўніцтву малочнага завода за садзейнічанне ў правядзенні веснавых палявых работ. Цяпер кожная хвіліна і кожная пара рабочых рук — на вагу золата. Упусціш тэрміны вясной — недалічышся цэнтнераў збажыны падчас жніва.

Акрамя сяўбы яравых зерневых, якая з кожным днём набірае абароты, хапае іншай работы. З-за пераўвільгатнення глебы падкарміць азотам удалося пакуль толькі палову азімых зерневых. Самаходнага агрэгата ў гаспадарцы няма, а колы звычайнага трактара вельмі пашкоджваюць пасевы. Таму неабходна, каб веснавое сонейка крыху падсушыла глебу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.