11-классники школ района и гимназии сдали централизованный экзамен

Важное Образование

На фінішнай прамой

Мінулая нядзеля была па-сапраўднаму гарачай для выпускнікоў 11-х класаў школ раёна і Пастаўскай гімназіі. Разам з іншымі 11-класнікамі з усёй Беларусі яны здавалі першы ў гісторыі цэнтралізаваны экзамен па рускай або беларускай мове на выбар.

Экзамен пачынаўся ў 11.00. А ўжо ў 9.30 да будынка Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, які выбраны пунктам правя­дзення ЦЭ у нашым раёне, пачалі пад’яз­джаць аўтобусы са школьнікамі. Выпускнікі хуценька выходзілі з іх і з пашпартам, пропускам і гелевай ручкай у руках накіроўваліся да цэнтральнага ўвахода ў каледж. Там іх сустракалі педагогі, занятыя на правядзенні экзамена. Зверыўшы даныя асобы са спісам 11-класнікаў, яны прапускалі навучэнцаў далей, дзе іншыя педагогі накіроўвалі кожнага ў патрэбную аўдыторыю.

Усяго на цэнтралізаваны экзамен прыбылі 157 чалавек, сярод іх трое экстэрнаў. Гэта людзі, якія выпусціліся са школы пасля 9 класаў, а потым вырашылі атрымаць сярэднюю адукацыю і рыхтаваліся да экзамена самастойна. Рускую мову выбралі для здачы 123 выпускнікі (адзін з іх захварэў і не змог прысутнічаць на экзамене), беларускую — 35. Дзвюх 11-класніц — навучэнак гімназіі і СШ №3 Лізавету Афанасьеву і Аляксандру Жыдкую — вызвалілі ад ЦЭ па выніках удзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (Ліза заваявала на «рэспубліцы» дыплом І ступені па геаграфіі, Саша — дыплом ІІ ступені па фізічнай культуры і здароўі).

Сам экзамен праходзіў аналагічна цэнтралізаванаму тэсціраванню. Ва аўдыторыях школьнікам раздалі бланкі з заданнямі, на выкананне якіх адво­дзілася роўна 2 гадзіны. На працягу гэтага часу ў клубе каледжа выпускнікоў чакалі педагогі, якія іх суправаджалі. Таму ў мяне была магчымасць пагутарыць з імі.

У школу нашы 11-класнікі, а іх сёлета трое, прыйшлі к 9 гадзінам, — расказвала дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Алена Ластоўская. — У 9.20 за намі заехаў аўтобус з варапаеўскімі выпускнікамі, з якімі дабраліся ў Паставы. Пакуль чакалі яго, яшчэ раз нагадалі навучэнцам правілы паводзін на экзамене. Раней пра гэта гаварылі на сходах з дзецьмі і педагогамі, якія павінны іх суправаджаць, выпускнікам раздрукавалі і раздалі спецыяльныя памяткі. Што да настрою, то знешне дзеці выглядалі спакойнымі. Але адчувалася, што яны хвалюцца, проста стараюцца не паказваць гэтага. Увогуле, клас у нас добры, вучні падрыхтаваныя, адна выпускніца нават прэтэндуе на залаты медаль. Спадзяёмся, што вынік таксама будзе добрым.

Нягледзячы на тое, што экзамен завяршаўся а пачатку другой гадзіны, ужо каля 12.00 у двары каледжа з’явіўся першы выпускнік, які «адстраляўся». Ім аказаўся Аляксей Гутар з СШ №4 імя В. Ф. Франтова.

Я здаваў рускую мову, — ахвотна згадзіўся ён на інтэрв’ю. — Усяго ў бланку было 40 заданняў. Сярод іх як простыя, так і складаныя, прычым апошніх дастаткова. Але ўсе заданні па школьнай праграме, па тэмах, якія праходзілі. Перад экзаменам і падчас яго не хваляваўся. Упэўнены: набраных балаў хопіць для паступлення на маркетынг у Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін у Мінску.

Хвілін праз 10 пасля Аляксея з аўдыторыі выйшаў яшчэ адзін выпускнік чацвёртай школы — Арцём Лутчын, які таксама здаваў рускую мову. Яна патрэбна яму для паступлення ў Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт правасуддзя ў Маскве. Хлопец займаецца ў профільным класе з вывучэннем на павышаным узроўні гэтага прадмета і матэматыкі. Таму на экзамене, па яго словах, было нескладана.

Выканаў усе заданні. У большасці выпадкаў быў упэўнены ў правільнасці сваіх адказаў на пытанні, — зазначыў ён.

Сярод выпускнікоў, якія здавалі беларускую мову, першай аўдыторыю пакінула гімназістка Ганна Русак.

Я выбрала родную мову таму, што даўно вывучаю яе паглыблена са сваім педагогам Нінай Дзмітрыеўнай Субач, удзельнічала ў раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, — гаварыла дзяўчына, якая прэтэндуе на залаты медаль і збіраецца паступаць у Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя М. Танка. — Для мяне экзамен быў няцяжкім. Усё, што можна было вывучыць, вывучана, заставалася толькі паказаць свае веды. Пры выкананні заданняў у некаторых момантах былі невялікія сумненні, але думаю, выбрала правільныя адказы. Адносна хвалявання магу сказаць, што яно прысутнічала, але невялікае. За час удзелу ў алімпіядах прывыкла да стрэ­савых сітуацый.

Ужо ў гэту нядзелю, 21 мая, выпускнікоў чакае другі цэнтралізаваны экзамен. Прадмет, які будуць здаваць, яны выбралі самі. 77 чалавек вырашылі, што гэта будзе матэматыка. 29 11-класнікаў спынілі свой выбар на біялогіі, 23 — на гісторыі Беларусі, 13 — на грамадазнаўстве. 10 школьнікаў выбралі для здачы англійскую мову, 3 — геаграфію, 2 — фізіку, 1 — хімію.

Пажадаем выпускнікам поспехаў на ЦЭ і ўдачы пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы!

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.