Райком профсоюза работников АПК определил победителей районного соревнования среди операторов машинного доения

Сельское хозяйство

Лідары – нязменныя

Райкам прафсаюза работнікаў АПК вызначыў пераможцаў раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення ў зімова-стойлавы перыяд (з лістапада 2022 года па сакавік 2023-га). Вынікі падводзіліся ў дзвюх групах гаспадарак (у разлік не бралі сучасныя малочнатаварныя комплексы).

У першай групе каторы год запар нязменным лідарам застаецца Наталля Ткачова з навасёлкаўскай фермы ААТ «Навасёлкі-Лучай». У гэтым стойлавым перыядзе аператар ад кожнай каровы надаіла 2 978 кілаграмаў малака — на паўтоны больш у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Наталля ў Навасёлках працуе звыш 10 гадоў. Жыла ў добраўпарадкаванай кватэры, але марыла пра дом. Нядаўна гаспадарка купіла яго для аператара ў Грэйцеве. Цяпер маладая жанчына збіраецца рабіць там рамонт і спраўляць наваселле.

— Жывёлу вельмі люблю, — гаварыла Наталля. — Таму, напэўна, і надоі высокія. На ўласным падворку, акрамя свіней, курэй, хачу трымаць і карову. Абуладкуем дом, гаспадарчыя пабудовы — і завядзём буронку. А можа, і не адну!

 

2 579 літраў — такі сярэдні надой ад каровы за зімова-стойлавы перыяд у аператара целякоўскай фермы ААТ «Хацілы-агра» Веранікі Валодзькі і адпаведна 2-е месца. Жанчыну сустрэла на панадворку: яна толькі вярнулася з фермы і паркавала матацыкл.

— На жалезным кані — намнога хутчэй, чым пешшу, — гаварыла аператар. — На ім езджу і на ферму. Час не марную, бо дома работы хапае: чым раней вярнуся, тым больш зраблю.

У першай групе гаспадарак 3-е месца не прысуджалася. Затое ў другой — тры пераможцы. Лідар — Вера Собаль з ААТ «Кураполле-агра», у якой сярэдні надой складае 2 143 кілаграмы малака. На 2-м месцы — Іна Тамко (2 000 кг) з ляхаўшчынскай фермы СП «Дунілавічы-агра», на 3-м — Ірына Зізілева (1 777 кг) з манькавіцкай ААТ «Сцяг Перамогі-агра».

Дыпломы і грашовыя прэміі найлепшыя аператары атрымалі з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілія Катовіча. Да віншаванняў далучыўся і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.