Волонтер ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН Марина Грибовская готова помочь каждому

Общество

Найлепшы спосаб знайсці сябе — згубіць сябе ў службе іншым. Праўдзівасць выразу Махатмы Гандзі даказваюць сваёй дзейнасцю валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Усе яны — цікавыя, творчыя асобы, людзі з вялікім сэрцам і адкрытай душой. І гераіня гэтага артыкула не выключэнне.

З Марыяй Грыбоўскай я пазнаёмілася напярэдадні Новага года. Яна ўдзельнічала ў вельмі шчырым і да слёз кранальным мерапрыемстве: разам з іншымі валанцёрамі і музыкантамі віншавала цяжкахворага пастаўчаніна. І рабіла гэта ў ролі Снягуркі. Яна была мала маладзейшая за Дзядулю Мароза, а па энергічнасці не саступала нават юным дзяўчатам. Усмешлівая, стройная жанчына выпраменьвала так шмат светлых эмоцый, што захацелася пазнаёміцца з ёй бліжэй.

Нагода пагаварыць выпадала неаднойчы, бо Марыя Фёдараўна — пастаянная ўдзельніца мерапрыемстваў, якія ладзіць аддзяленне дзённага знахо­джання: спявае, танцуе, гатуе. Да таго ж удзельнічае ў праекце «Паставы — здаровы горад». Але асабліва яе душа ляжыць да валанцёрства, якое напаўняе жыццё асаблівым сэнсам.

Лёс наканаваў жанчыне нямала дарог. На Пастаўшчыну яна, ураджэнка Докшыцкага раёна, трапіла пасля вучобы ў Ільянскім сельгастэхнікуме. Працавала заатэхнікам у калгасе «За Радзіму». Пасля замуства пераехала ў Вярэнькі і шчыравала там у мясцовай гаспадарцы. Затым працавала ў адным з нарачанскіх санаторыяў.

У Паставы пераехала ў 2016-м, неўзабаве пасля смерці мужа. Тут адкрыла для сябе шмат новых магчымасцей: стала ўдзель­ніцай хору ветэранаў, наведвала басейн, ёгу, а ўрэшце далучылася да супольнасці валанцёраў. Ра­зам з імі ўдзельнічае ў дабрачынных выязных канцэртах, віншуе са святамі адзі­нокіх і цяжкахворых, разносіць ім суп, прыносіць з царквы асвечаную ваду. Мудрая і жыццярадасная, Марыя Фёдараўна лёгка знахо­дзіць агульную мову з пажылымі, для якіх прысутнасць побач добрага чалавека — сапраўднае лякарства для душы.

Сярод тых, каго наведвае Марыя Грыбоўская, не толькі незнаёмыя людзі.

У 1977 годзе са мной у Дварчаны прыехала ўрач-заатэхнік. Мы з ёй жылі ў адной кватэры, хадзілі на танцы. Але потым нашы шляхі разышліся, — расказвала. — Нядаўна выпадкова даведалася, што ў яе памёр муж, а сама яна мае цяжкае захворванне — рэўматоідны артрыт. З-за хваробы стала ляжачай: не згінаюцца ні рукі, ні ногі. Дапамагчы ёй няма каму, таму мы, валанцёры, сталі перыядычна наведвацца да маёй сяброўкі юнацтва. Ведалі б вы, як цэніць яна нашу ўвагу! Прыходзім — а яна нерухома ляжыць і, убачыўшы нас, усміхаецца і плача. Як была аптымісткай, так ёй і засталася. Столькі болю церпіць! Але знаходзіць сілы для шчырай ўсмешкі.

Паўгода Марыя Фёдараўна і іншыя нераўнадушныя людзі дбалі пра тое, каб аформіць хворай І групу інваліднасці. Таксама нанялі сядзелку, дапамаглі падлячыцца ў райбальніцы.

Вельмі часта мы неда­ацэньваем сілу ўсмешкі, добрага слова і ўчынка, шчырага камплімента. А гэта можа змяніць у лепшы бок не толькі дзень, але і жыццё чалавека, які знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Аднак пры адной умове: калі рабіць гэта ад усёй душы, бо людзі вельмі тонка адчуваюць няшчырасць, — упэўнена суразмоўца. — Колькі знаёмлюся з людзьмі са складаным лёсам, столькі пераконваюся: ад няшчасця не застрахаваны ніхто, і ніколі не прадбачыш, што з табой адбудзецца заўтра. Мне пашчасціла мець падтрымку: у Паставах жывуць сын, нявестка, унучка. Я ўсёй душой палюбіла гэты край і адчуваю сябе тут сваёй. 

А колькі людзей адчуваюць сябе ў жыцці чужымі? Колькі людзей не маюць акружэння з добрых, светлых людзей, якія расквецяць іх шэрыя, хворыя будні? Пасля размовы з валанцёрам упэўнілася: іх значна больш, чым мы прывыклі ду­маць. І пра дзейнасць гэтых гатовых на добрыя справы лю­дзей мы расказваем найперш для таго, каб нагадаць: калі вам патрэбна дапамога — вам дапамогуць. Звяртайцеся ў ТЦСАН: добрых спраў там хопіць на ўсіх.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.