Замдиректора по животноводству ОАО «Новоселки-Лучай» Иван Кисель отметил 70-й день рождения

Общество

Селянін па паходжанні, умелы арганізатар па натуры

Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Навасёлкі-Лучай» Іван Кісель адзначыў 70-ы дзень нараджэння

Ранішняя нарада ў дырэктара гаспадаркі Юрыя Шымчыка 2 мая пачалася не з абмеркавання вытворчых спраў і планаў на дзень, а з віншаванняў. Першымі Івана Мар’янавіча ўшанавалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч і Юрый Шымчык.

На Міёршчыне нарадзіўся, на Пастаўшчыне спатрэбіўся

Іван Кісель — ураджэнец Міёршчыны. Выхоўваўся ў працавітай сялянскай сям’і, якая трымала вялікую гаспадарку. Іван любіў хатнюю жывёлу і разам з сястрой шмат дапамагаў бацькам па яе доглядзе. Таму і не дзіўна, што выбраў прафесію ветфельчара і пасля заканчэння 8 класаў паступіў у Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымаўшы дыплом, працаваў галоўным ветурачом у Шаркаўшчынскім раёне. Жонка, Ганна Неафітаўна, родам з Пастаўшчыны. І калі яе бацька цяжка захварэў, маладыя вырашылі перабрацца бліжэй, каб дапамагаць маці. 1 мая 1979 года Іван прыехаў у Навасёлкі з просьбай прыняць яго на работу ў калгас імя Суворава.

Старшыня гаспадаркі Алег Валодзька прапанаваў папрацаваць ветурачом на мясцовай свінаферме. Хутка ацаніў глыбокія веды навічка і яго падыход да справы, разгледзеў у ім перспектыўнага спецыяліста з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі і праз два гады назначыў галоўным заатэхнікам. К таму часу Іван завочна скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. У калгасе тады гаспадарчым спосабам узводзілася шмат будынкаў для ўтрымання жывёлы. Галоўны заатэхнік ра­зам са старшынёй ездзілі па перадавых раёнах, пераймалі ўсё эфектыўнае і ўкаранялі ў сябе. А калі да моцнага калгаса далучылі слабыя «Гігант» і «Ударнік», у Навасёлках распачалі будаўніцтва дарог да ферм.

— Іван Мар’янавіч шмат зрабіў для развіцця жывёлагадоўчай галіны, — гаварыў Юрый Шымчык. — Памятаю, сталі прадаваць дзяржаве штодзённа па 10 тон малака, на наступны год на тону прыбавілі. І Мар’янавіч непакоіўся: як не знізіць планку? Сёння на малочны завод адпраўляем кожны дзень больш за 40 тон.

Спрыяюць гэтаму абнаўленне ферм, увядзенне ў асноўны статак высокапрадукцыйных першацёлак, старанныя адносіны да выканання абавязкаў аператараў машыннага даення і жывёлаводаў, добрая кармавая база. І, несумненна, прадуманая работа зоаветслужбы, у прыватнасці Івана Кісяля.

Цяпер на сельгаспрадпрыемстве амаль 8 300 галоў буйной рагатай жывёлы, што складае 25,4% ад агульнага пагалоўя БРЖ у раёне. Дойны статак — 2 300 галоў. За мінулы год ад яго атрымана 14 344 тоны малака — гэта на 9,2% вышэй за ўзровень 2021 года. Сярэдні надой ад каровы склаў 5 973 літры, таварнасць малака — 93%. На мяса буйной рагатай жывёлы вырашчана 1 484 тоны, сярэднясутачная прывага — 619 грамаў.

Своеасаблівым брэндам ААТ «Навасёлкі-Лучай» з’яўляюцца коні і племянны рэпрадуктар беларускай запражной пароды. Ад гэтай жывёлы Іван Мар’янавіч атрымлівае асаблівае задавальненне.

Яго працу цэняць

«Іван Кісель валодае сучаснымі падыходамі пры прыняцці рашэнняў, шмат увагі ўдзяляе ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій, павышэнню прадукцыйнасці жывёлы, племянной рабоце, корманарыхтоўцы, бо менавіта наяўнасць і якасць кармоў — галоўная ўмова пры вырошчванні жывёлы і атрыманні прадукцыі. Адказна адносіцца да выканання пастаўленых задач, умее аналізаваць сітуацыю і аператыўна прымаць правільнае рашэнне, мае выдатныя арганізатарскія здольнасці», — чытаю ў характарыстыцы.

За шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны ў 2015 годзе быў лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны», пазней узнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта, юбілейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі».

У дзень 70-гадовага юбілею Іван Мар’янавіч атрымаў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло, Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, граматы абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК і дырэкцыі ААТ «Навасёлкі-Лучай».

А мне найбольшай узнагародай здаецца павага людзей, з якімі працаваў, працуе і жыве  побач юбіляр. Іван Кісель карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у кіраўнікоў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу раёна. Многія, з кім мне давялося гутарыць, адзначалі яго прыстойнасць, ураўнаважа­насць, добразычлівасць і працаві­тасць. І цяпер сям’я трымае карову, падтрымлівае ідэальны парадак дома і ля яго.

Нягледзячы на пражытыя сем дзясяткаў і 51 год працоўнага стажу, Іван Мар’янавіч поўны энергіі, фізічных і духоўных сіл. Дзякуючы за віншаванні, прызнаўся: «Шчаслівы, што шмат гадоў працаваў пад кіраўніцтвам легендарнага Алега Валодзькі, а таксама ініцыятыўнага, адказнага гаспадарніка Юрыя Шымчыка».

Шчасце юбіляра не толькі ў працы, але і ў гарманічных адносінах з жонкай, у яго годным працягу — двух сынах, унучачцы і чатырох унуках. Дзеля іх жыве і стараецца.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.