Как на Поставщине реализуется республиканская информационно-просветительская акция «Шаг к успеху»?

Образование

Робяць «Крок да поспеху». Так называецца рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя, накіраваная на матывацыю школьнікаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якія адпачываюць у летніх аздараўленчых лагерах, папулярызацыю дасягненняў нашай краіны і выхаванне ў маладога пакалення пачуцця гордасці за Беларусь.

Сутнасць акцыі заключаецца ў сустрэчах навучэнцаў з вядомымі людзьмі, якія могуць расказаць пра ўласныя дасягненні ў жыцці, а таксама як стаць паспяховым. На адной з іх, у СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, пабывала карэспандэнт «ПК». Сустрэча прысвячалася здароўю і спорту, і ў госці да школьнікаў з атрада «Патрыёт» быў запрошаны інспектар аддзела спорту і турызму райвыканкама Андрэй Клімюк. Размову ён пачаў з расказу пра тое, чым займаецца названы аддзел, і асноўныя спартыўныя аб’екты раёна.

— Пастаўшчына даўно славіцца сваімі валейбалістамі, — працягваў Андрэй Васільевіч. — Наша мужчынская валейбольная каманда ўдзельнічае ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, іграе ў першай лізе. Валейбалісты з Пастаў таксама адстойваюць гонар расійскіх і іншых замежных клубаў не толькі Еўропы, але і Азіі. І калі сабраць іх разам, складуць годную канкурэнцыю зборнай краіны. А ўсё дзякуючы нашай трэнерскай школе і атрыманай базавай падрыхтоўцы. Добрая ў нас і футбольная школа. Каманда раёна па гэтым відзе спорту ўдзельнічае ў чэмпіянаце рэспублікі ў другой лізе. Ёсць пастаўскія футбалісты і ў расійскай лізе, у іншых краінах.

Расказваючы пра гэта, выступоўца падкрэсліў важнасць заняткаў спортам для падтрымання здароўя і запрасіў школьнікаў у секцыі, якія працуюць на ФАКу. Таксама ўзгадаў апошнюю летнюю Алімпіяду ў Токіа і паспяховае выступленне на ёй беларускіх спартсменаў, а пасля правёў сярод навучэнцаў невялікую віктарыну з уручэннем прызоў за правільныя адказы на пытанні. Не застаўся па-за ўвагай і турыстычны напрамак дзейнасці аддзела.

У канцы сустрэчы школьнікі засыпалі госця пытаннямі. Іх цікавіла, як Андрэй Клімюк ставіцца да курэння, якое месца ў яго жыцці займае спорт і ці мае ён адпаведную адукацыю, які від спорту любімы і інш. З адказаў на пытанні яны даведаліся, што суразмоўца ў свой час закончыў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і быў членам Нацыянальнай зборнай краіны па валейболе. І хоць затым вырашыў стаць інжынерам, займацца спортам не кінуў — на працягу многіх дзесяцігоддзяў гуляў у валейбол у складзе зборнай раёна.

Акцыя «Крок да поспеху» будзе праводзіцца ўсё лета. Педагогі другой школы прадоўжаць яе ў экалагічным лагеры «Следапыт», які адкрыўся 22 чэрвеня на СТК «Азёркі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.