Кто приедет на ХХХІІІ Международный фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік»?

Важное Культура

«Лірнікі» (Брэсцкая вобласць)

Народны ансамбль народнай музыкі сваю творчую біяграфію адлічвае з 1976 года. Яго кіраўнік — Таццяна Купрык. У 2002-м калектыву прысвоена званне «народны». Ён папулярызуе беларускія традыцыі, народныя песні і музыку, выконвае і творы іншых народаў. Адметнай рысай гурта з’яўляюцца ўласныя апрацоўкі канцэртмайстра калектыву Віталія Купрыка.

«Лірнікі» — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў раённага і абласнога ўзроўняў, жаданыя госці на канцэртных пляцоўках краін замежжа.

«Гарадніца» (Гродзенская вобласць)

Народны ансамбль песні заснаваны ў 1988 годзе. У 1990-м атрымаў званне «народны аматарскі калектыў». Кіраўнік калектыву — Аляксандр Сувораў.

Асноўнай мэтай дзейнасці ансамбля з’яўляецца захаванне фальклорнай спадчыны Панямоння, прывіванне любові да народнай песні, вакальна-харавога мастацтва. Сакавіты гумар у спалучэнні з добрай песняй, аздобленай народнай харэаграфіяй і старадаўняй вясковай музыкай, — візітоўка «Гарадніцы».

У рэпертуары калектыву — беларускія народныя песні. Яго ўдзельнікі граюць на гармоніках, старадаўніх баянах, цымбалах, скрыпцы, басэтлі, барабане, бубне і інш.

«Гарадніца» з’яўляецца ­ўдзель­- нікам і пераможцам гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных аглядаў-конкурсаў і фестываляў.

«Калейдаскоп» (Гомельская вобласць)

Народны ансамбль народных iнструментаў «Калейдаскоп» — гэта самабытны калектыў, які складаецца з ліку прафесійных музыкаў. Створаны ў 2000 годзе, кіраўнік — Таццяна Ліпніцкая.

У рэпертуары ансамбля — народная музыка (беларускія, рускія песні і бытавыя танцы), аркестравыя найгрышы i эстрадная музыка. Самабытнасць і музычныя фарбы калектыву ствараюць скрыпка, гармонік, баян, цымбалы, домра, балалайка, кантрабас, ударныя інструменты. Ансамбль з’яўляецца лаўрэатам розных фестываляў і конкурсаў. Усіх яго артыстаў аб’ядноўвае любоў да народнай песні, жаданне зберагчы жамчужыны народнай музыкi.

Творчая дзейнасць калектыву накіравана на захаванне і развіццё традыцый, папулярызацыю найлепшых узораў народнага і класічнага музычнага мастацтва.

«Дударыкі» (Мінск)

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Дударыкі» заснаваны ў 1970/1971 навучальным годзе. Мастацкі кіраўнік — Дзмітрый Ровенскі.

Калектыў тройчы ат­рымліваў гранты Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2010 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». За час сваёй дзейнасці ансамбль даў больш за 1 800 канцэртаў (звыш 500 за мяжой). У рэпертуары — разнастайныя народныя песні, танцы, найгрышы на старадаўніх інструментах.

«Славяначка» (Магілёўская вобласць)

Ансамбль цымбалістаў арганізаваны ў 2000 годзе з ліку настаўнікаў школы ў Крычаве. Яго кіраўнік — Ала Вінаградава. Званне «народны» прысвоена калектыву ў 2005-м. Ён прапагандуе музычнае мастацтва, прымаючы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і канцэртах. Выступленні калектыву заўсёды праходзяць з вялікім поспехам.

У рэпертуары «Славяначкі» — творы не толькі беларускіх аўтараў, але і замежных, рускіх кампазітараў, кампазітараў-класікаў, апрацоўкі народных песень і танцаў.

«Верхнядзвінскія музыкі» (Віцебская вобласць)

Калектыў створаны ў 2009 годзе. Кіраўнік — Мая Рубель. «Верх­нядз­вінскія музыкі» — гэта інструментальнае трыа народнага ансамбля народнай музыкі Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў складзе Маі Рубель, Іны Гарбатавай і Ігара Новікава. Музыканты граюць на гармоніку, традыцыйных духавых і струнных інструментах і інш.

Cymbals band (Мінская вобласць)

Інструментальны ансамбль створаны ў 2015 годзе. Яго заснавальнікам і кіраўніком з’яўляецца Юлія Саункіна. Удзельнікі калектыву — вучні ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў: скрыпачы, баяністы, акардэаністы, групы духавых і ўдарных інструментаў. У рэпертуары ансамбля — творы рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў і аўтараў. Асаблівая ўвага нададзена творам беларускіх кампазітараў, і гэта яркі прыклад папулярызацыі і прапаганды беларускай інструментальнай музыкі. Калектыў выконвае і сучасныя кампазіцыі.

Кожны канцэртны нумар — малень­кае свята з цікавымі знаходкамі і элементамі шоу. Яшчэ адной адметнасцю калектыву з’яўляецца асаблівы падыход да сцэнічнага вобразу.

Цымбальны ансамбль вядзе актыўную канцэртную і конкурсную дзейнасць, выступаючы на канцэртных пляцоўках Смалявіцкага раёна і за яго межамі. Ён лаўрэат і дыпламант абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў.

«Метелица» (Расія, г. Пушкіна)

Ансамбль рускіх народных інструментаў быў арганізаваны ў 1987 годзе. Кіраўнік — лаўрэат усерасійскіх і міжнародных конкурсаў Аляксандр Малькоў.

У рэпертуары «Метелицы» — аўтарскія п’есы заснавальніка калектыву, дырыжора і кампазітара, заслужанага работніка культуры Расіі Льва Колесава, а таксама аранжыроўкі кампазітараў розных стыляў і эпох.

Калектыў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, не баіцца арыгінальных музычных эксперыментаў. Выступленні заўсёды праходзяць на высокім творчым і тэхнічным узроўні выканання. Натхнёная віртуозная ігра музыкантаў нікога не пакідае абыякавым.

У творчым багажы ансамбля шматлікія выступленні на канцэртных пляцоўках, гастролі па Расіі і блізкім замежжы, удзел у міжнародных фестывалях і конкурсах.

«Достык-Дружба» (Рэспубліка Казахстан)

Ансамбль народнай песні створаны ў 2013 годзе. Яго кіраўнік — лаўрэат міжнароднага фестывалю «Каспий — море дружбы-2006» Сяргей Саяпін. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам Паволжскага песеннага фестывалю «Расцвела под окошком белоснежная вишня» (г. Самара, 2013 і 2014 гг.), дыпламантам міжнароднага фестывалю «Песня без границ» (г. Астана, 2015 г.), лаўрэатам міжнароднага фестывалю-конкурсу «Жар-птица» (г. Казань, 2023 г.).

Integration (Кітай)

Гэта таленавітыя студэнты і магістранты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, ­удзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў гарадскога і рэспубліканскага маштабаў, неаднойчы заваёўвалі Гран-пры ў міжнародных конкурсах. Мастацкія кіраўнікі калектыву — Таццяна Дзенісенка і Вольга Жукава. Артысты выступяць з вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй «Расказ мангольскай дзяўчыны».

Чжао Ісюань і Гао Кэсінь (Кітай)

Абедзве — студэнткі III курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, атрымліваюць спецыяльнасць «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія».

Гао на кітайскім традыцыйным інструменце жуань выканае кітайскую народную музыку «Стэпавыя прасторы», Чжао на гучжэн — інструментальную кампазіцыю «Малюнак роднай зямлі». Мастацкія кіраўнікі артыстак — Таццяна Дзенісенка і Вольга Жукава.

Айгул Сапаргулыева (Туркменістан)

Айгул з’яўляецца студэнткай ІV курса Віцебскага  дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава і набывае спецыяльнасць «Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)». Галоўным захапленнем у сваім жыцці лічыць музыку. У Туркменістане Айгул скончыла музычную школу, дзе асвоіла ігру на традыцыйным шчыпковым музычным інструменце — дутары. З’яўляючыся студэнткай, Айгул не пакідае заняткаў на інструменце, сістэматычна практыкуецца і актыўна ўдзельнічае ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах.

Мастацкія кіраўнікі — Таццяна Дзенісенка і Вольга Жукава.

 

«Паўлінка» (Латвія, г. Ліепая)

Ансамбль беларускай песні створаны ў 2000 годзе, яго кіраўнік — Жанна Буйніцкая. Самадзейны калектыў аб’яднаў землякоў — аматараў песні з розных куткоў Беларусі, якія па волі лёсу жывуць у Латвіі.

Удзельнікі ансамбля займаюцца творчасцю пад дэвізам: «Шануй Латвію, але ў сэрцы захоўвай Беларусь!». Яны знаёмяць слухачоў з беларускай культурай: абрадамі, песнямі і традыцыямі. Калектыў з’яўляецца ўдзельнікам гарадскіх і рэспубліканскіх  свят, фестываляў, Дзён нацыянальных культур, падтрымлівае сувязь з беларускімі дыяспарамі Літвы і Эстоніі. З задавальненнем і радасцю прымае запрашэнні ў Беларусь для ўдзелу ў канцэртах, фестывалях і іншых мерапрыемствах.

«Спадчына» (Латвія, г. Даўгаўпілс)

Харавая капэла пад кіраўніцтвам Сяргея Братусёва сёлета адзначыла сваё 10-годдзе. Рэпертуар калектыву шырокі. Яго аснову складаюць беларускія і латышскія народныя песні духоўнага напрамку. Музычнае суправаджэнне — акардэон, піяніна, скрыпка, гітара, музычныя апрацоўкі.

Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам Свята Даўгаўпілса, Дня беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, шматлікіх канцэртаў, праектаў і вечарын.

«Журавінка» (Латвія, г. Вентспілс)

Ансамбль беларускай песні Вентспілскага гарадскога Цэнтра культуры адлік сваёй творчай дзейнасці пачаў у 2002 годзе. Нязменны мастацкі кіраўнік калектыву — Анжаліка Зрайчанка.

«Журавінка» захоўвае і папулярызуе народныя песенныя традыцыі беларусаў, знаёмячы з імі жыхароў Латвіі. Ансамбль з’яўляецца пастаянным удзельнікам разнастайных міжнародных конкурсаў і фестываляў, выступаў з канцэртамі ў шматлікіх гарадах Беларусі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.