Летний оздоровительный лагерь «Дружба» работает с 1 июня на базе СШ №4 им. В. Ф. Фронтова

Образование

Аб’яднала «Дружба». Летні аздараўленчы лагер пад такой назвай працуе з 1 чэрвеня на базе СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Ад іншых прышкольных лагераў ён адрозніваецца тым, што мае духоўна-маральную накіраванасць і ў ім адпачываюць дзеці з усіх агульнаадукацыйных устаноў горада.

У «Дружбе» 20 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў. Амаль усе яны наведваюць нядзельную школу пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы. Там займаюцца каля сотні маленькіх жыхароў райцэнтра, і многія з іх хацелі трапіць у праваслаўны лагер. Але пашанцавала дзецям са шматдзетных і апякунскіх сем’яў, а таксама тым, хто часта ходзіць у храм.

— Мы працягваем добрыя традыцыі лагера «Крыніца», які доўгі час працаваў на базе СШ №3 і якім загадвала Зінаіда Яўгеньеўна Бягляк, — расказвала важатая «Дружбы» Ірына Казак. — З пачаткам пандэміі ён спыніў сваё існаванне, і мінулым летам эстафету пераняла наша школа. Як і ў нядзельнай школе, у лагеры вучым дзяцей паслушэнству, з павагай і любоўю адносіцца адно да аднаго. Увязваем гэта са Свяшчэнным Пісаннем. Напрыклад, калі нехта не паслухаўся, зрабіў штосьці не так, стараемся з духоўнага пункту погляду паказаць, да чаго можа прывесці яго ўчынак. Кожную раніцу збіраемся з дзецьмі на малітоўнае правіла і хвілінку духоўнасці. Двойчы на тыдзень, у сераду і суботу, ходзім у храм на малебны, і дзеці выконваюць там мінімальныя працоўныя паслушэнствы: прыслугоўваюць на падсвечніках (папраўляюць свечкі, якія прыхаджане ставяць за здароўе і супакой, гасяць іх, счышчаюць воск, чысцяць ад воску падлогу), праціраюць сталы ў нядзельнай школе, падмятаюць.

Акрамя наведвання храма ў Паставах, у праграму лагера ўключаны паломніцкія паездкі. Разам з Ірынай Станіславаўнай і выхавальнікамі — а іх трое: Маргарыта Жук з СШ №1, Наталля Пракаповіч з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі і Ларыса Чашун з СШ №3 — дзеці пабывалі ў Друі, дзе ідзе рэстаўрацыя старажытнай царквы, Відзах і Браславе. У чацвер на поездзе адправіліся ў Полацк, у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Там, акрамя эксурсіі, прынялі прычасць і сустрэліся з былым выпускніком нядзельнай школы, а цяпер настаяцелем аднаго з полацкіх храмаў іерэем Аляксандрам Козелам. Грошы на гэту паездку, да якой доўга рыхтаваліся і чакалі з вялікім нецярпеннем, выдзеліў настаяцель пастаўскай царквы протаіерэй Валерый Пашкевіч, а таксама блаславіў на яе.

— У нас вельмі насычаная праграма, — працягвала Ірына Казак. — Сумесна з начальнікам лагера Людмілай Уладзіміраўнай Татарчук пастараліся зрабіць так, каб дзеці не сядзелі на месцы, а амаль кожны дзень былі экскурсіі ў горадзе ці далёкія выезды. Пабывалі на заводзе «Паставымэбля», двойчы хадзілі ў Дом рамёстваў — на экскурсію і майстар-клас, рэгулярна наведваем дзіцячую бібліятэку. У першы візіт яе работнікі падрыхтавалі для нас «падарожжа» па летнім агародзе, у суботу (сёння — аўт.) будзе квэст па Паставах, а на закрыццё лагера, 21 чэрвеня, — пірацкі квэст. Незабыўныя ўражанні засталіся ад паездкі ў аграсядзібу «Акарына» ў Навасёлках, дзе дзеці пабывалі на сапраўдным сенавале, змаглі дакрануцца рукамі да гліны, змалоць на жорнах муку для бліноў. А потым самі іх выпякалі і з задавальненнем частаваліся, запіваючы духмяным чаем на зёлках. На наступным тыдні паедзем на СТК «Азёркі».

Ёсць у лагеры і свае «фішкі». Гэта ўнутраная «валюта» — дружбікі, якія можна зарабіць за добрыя справы, а таксама гульня «Тайны анёл». Яе праводзілі яшчэ ў «Крыніцы». У першы дзень змены з дапамогай латарэі дзеці вызначылі тых, для каго будуць тайнымі анёламі, і атрымалі заданне рабіць для сваіх «падапечных» як мага больш добрых учынкаў. Каб у канцы змены пры падвядзенні вынікаў гульні тыя маглі расказаць, у якіх момантах адчувалі дапамогу тайнага анёла. Акрамя таго, усе выхаванцы «Дружбы» рыхтуюць на развітанне адно аднаму самаробныя падарункі. Атрымаюць іх і ад аддзела па адукацыі райвыканкама, а таксама ад кіраўніцтва лагера. Гэта будуць канцылярскія наборы і набытыя ў царкоўнай лаўцы абразкі і падсвечнікі. Апошнія дзеці змогуць купіць за дружбікі на імправізаваным аўкцыёне.

Адным словам, жыццё ў «Дружбе» надзвычай актыўнае і цікавае, што пацвердзілі самі выхаванцы. Кожную раніцу яны з радасцю бягуць у чацвёртую школу, дзе іх чакаюць новыя адкрыцці і ўражанні.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.