Алексей Кисель рассказал, как в РОЧС хранят память о прежних поставских огнеборцах и как работают сегодня

Безопасность Важное

Асабовы склад Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аб’ядноўвае 79 чалавек. З 2011 года ім кіруе падпалкоўнік унутранай службы Аляксей Кісель. Напярэдадні важкага юбілею пажарнай службы ён расказаў «ПК» пра тое, як у аддзеле захоўваюць памяць пра ранейшых пастаўскіх агняборцаў і як спраўляюцца з пастаўленымі задачамі сёння.

— Некалькі тыдняў назад мы падвялі вынікі работы за першае паўгоддзе, — адзначыў Аляксей Іванавіч. — Яны маюць станоўчую дынаміку. За 6 месяцаў гэтага года ў раёне здарылася 19 пажараў, што на 10 менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га. Начальнік абласнога ўпраўлення даў высокую ацэнку дзейнасці нашага калектыву. У ім кожны работнік на сваім месцы, і разам нам удаецца ўдасканальваць паказчыкі дзейнасці.

З кожным годам расце колькасць рызык і пагроз, з якімі ратаўнікі сутыкаюцца па абавязку. Каб ім супраць­стаяць, МНС даводзіцца ўкараняць у работу новыя падыходы і тэхналогіі. Пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні па ўсёй краіне паступова забяспечваюцца сучаснымі тэхнічнымі сродкамі і аснашчэннем.

—Нават за мае гады службы ў пастаўскім аддзеле ўмовы працы ратаўнікоў змяніліся карэнным чынам, — працягваў Аляксей Кісель. — Значна аблегчыла работу тое, што з’явіліся аўтацыстэрны вялікага аб’ёму. Калі раней адна змяшчала 2,5—3 тоны, то сёння — 10. Гэта значыць, што адна сучасная машына замяняе 4 ранейшыя. Пры буйных пажарах гэта адыгрывае каласальную ролю. Таксама з’явіліся новыя гідраўлічныя, пнеўматычныя інструменты. Цяпер дастаць чалавека з моцна пашкоджанага падчас ДТЗ транспарту ці дабрацца да агню ў закрытым памяшканні непараўнальна прасцей. Удасканальваецца работа службы хімічнай і радыяцыйнай абароны: лягчэй вызначыць уцечку тых ці іншых рэчываў. Моцна ўзрасла якасць баявой вопраткі, а значыць — ступень абароны ратаўнікоў.

Усё часцей на работу ў аддзел уладкоўваецца моладзь. Дзейнічаць правільна пры любым надзвычайным здарэнні іх вучаць больш вопытныя калегі. Маюць яны магчымасць і ўбачыць, як выглядалі і як працавалі пастаўскія ратаўнікі стагоддзе і менш назад. У аддзеле створаны гістарычны куток пажарнай службы Пастаў і Пастаўскага раёна. У ім можна ўба­чыць здымкі пажарных міжваеннага і савецкіх часоў, дакументы, фатаграфіі кіраўнікоў аддзела, рарытэтную каску. Летапіс службы з разнастайнымі фактамі і большай колькасцю фатаграфій змешчаны ў гістарычным фармуляры. Усю гэту вялікую работу па зборы інфармацыі правёў цяпер ужо ветэран РАНС Аляксандр Мухля.

Гісторыю аддзела абавязкова будуць узгадваць падчас урачыстасці, якая адбудзецца на тэрыторыі РАНС 25 ліпеня. На мерапрыемства да 170-годдзя пажарнай службы Беларусі запрошаны яго работнікі з сем’ямі, ветэраны службы. Адбу­дзецца ўручэнне ўзнагарод, пройдуць паказальныя выступленні ратаўнікоў. У меню для ўдзельнікаў свята будзе салдацкая каша.

Знакавую для пажарных дату маштабна адзначаць па ўсёй краіне. Найбольш яркія і відовішчныя мерапрыемствы арганізаваны ў Мінску сёння.



Пажарная служба Беларусі і Пастаўшчыны:

  • Першыя згадванні пра пажарную ахову на тэрыторыі сучаснай Беларусі сустракаюцца ў хроніках ХIV стагоддзя — яна была ў гарадах з Магдэбургскім правам.
  • 25 ліпеня 1853 года было разгледжана пытанне «Аб стварэнні пажарнай часці ў Мінску». Паколькі менавіта з гэтага часу арганізацыя пажарнай справы была канчаткова пастаўлена на дзяржаўны ўзровень, гэты дзень лічыцца пачаткам стварэння пажарнай службы ў Беларусі і адзначаецца сёння як дзяржаўнае свята.
  • На ўзбраенні пажарных сярэдзіны ХІХ ст былі бочка з вадой, груваздкая ручная помпа, вяроўкі, некалькі брандспойтаў, рыдлёўкі, вёдры, сякеры. Пазней былі распрацаваны спецыяльныя процівагазы, якія адзявалі на… коней. Яны ў тушэнні пажараў былі вялікімі памочнікамі. Убачыць такі процівагаз можна ў музеі пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС у Мінску.
  • Першы на тэрыторыі Беларусі пажарны аў­та­мабіль з’явіўся на Добрушскай папяровай фабрыцы.
  • Адзіны тэлефонны нумар пажарнай аховы «01» быў уведзены ў 1933 годзе.
  • На рубяжы 20-30-х гг. ХХ ст у Паставах была створана польская добра­ахвотная пажарная ахова, якая адразу стала імкліва развівацца. Яна знахо­дзілася на вуліцы Лучайскай (цяпер — Чырвонаармейская), недалёка ад плошчы — на месцы цяперашняга магазіна «Хіт». Была пабудавана вучэбная вежа для правядзення практычных заняткаў. Пажарная ахова мела свой духавы аркестр.
  • Будынак пастаўскай гарадской пажарнай каманды з 1939 па 1987 год знаходзіўся па вуліцы Савецкай (цяпер гэта дапаможны будынак Пастаўскага РАУС).

З адкрытых крыніц



Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.