Бойцы студотряда «Молодежный» помогают на производстве ОАО «Поставымебель»

Общество

З начальнікам аддзела збыту ААТ «Паставы­мэбля» Аляксандрам Берняковічам прахо­дзім па цэхах. У кожным кіпіць работа: школы рыхтуюцца да новага навучальнага года, і ёсць шмат ахвотных абнавіць мэблю ў класах, настаўніцкіх, таму і заказаў шмат. Усе іх трэба выканаць у тэрмін.

— Дапамога членаў студэнцкіх атрадаў у гэты час вельмі дарэчы, — запэўніў начальнік вытворчасці Дзмітрый Казлоў. — Яны выконваюць не вельмі складаныя, але патрэбныя аперацыі. Ставіць на гэты ўчастак высокакваліфікаваных спецыялістаў немэтазгодна, а студатрадаўцы гэту работу сумленна выконваюць. Мы цэнім іх дапамогу.

На прадпрыемстве працуе студатрад «Маладзёжны» імя Героя Савецкага Саюза Васілія Сідарэнкі. Анастасія Лапушынская, Лізавета Куляшова сёлета скончылі СШ №1, рыхтуюцца стаць студэнткамі, а пакуль з карысцю праводзяць летні час. Побач з імі навучэнцы гэтай школы Дзмітрый Врублеўскі і Андрэй Рублевіч. А Юлія Бялусь — студэнтка 3-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, у студатрадзе не першы год. Хлопцы займаюцца ўпакоўкай мэблі, дзяўчаты працуюць з металакаркасам.

— Работа для нас не цяжкая, — гаварылі маладыя людзі. — Спраўляемся. Гэта добрая магчымасць не толькі крыху зарабіць, але і развіць такія якасці характару, як узаемавыручка, працавітасць.

Яшчэ памочнікамі рабочых на заводзе працуюць два навучэнцы пастаўскага каледжа — Арцём Альхімовіч і Сяргей Гяйбовіч.

— Студатрадаўскі рух — ­адзін з асноўных кірункаў дзейнасці маладзёжнай арганізацыі, — гаварыла першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. — З кожным годам ён набірае ўсё большую папулярнасць. Мы прапануем розныя варыянты працаўладкавання. Сёлета на Пастаўшчыне створаны сельскагаспадарчыя, вытворчыя, будаўнічыя і экалагічныя атрады. Яны будуць працаваць у ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Сцяг Перамогі-агра», лясгасе, на КБУП «Рассвет Пастаўскі».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.