Фоторепортаж: День Независимости Республики Беларусь в Поставах (+видео)

Главное Общество

Не было такога кутка краіны, дзе 3 ліпеня не прагучала б віншавальнае: «Са святам цябе, любімая Беларусь!». Да ўсенароднага святкавання Дня Незалежнасці масава далучыліся і жыхары Пастаўшчыны.

Чатырохдзёны марафон тэматычных мерапрыемстваў у нашым раёне распачаў аўтапрабег па месцах воінскіх пахаванняў «Шляхамі пераможцаў». Раённы краязнаўчы музей зладзіў выставу «За мужнасць і гераізм… Узнагароды Вялікай Перамогі», а раённая дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі — акцыю «Маленькім чытачам пра вялікую Беларусь!» У нядзелю ўсіх вернікаў краіны аб’яднала малітва за Беларусь.

Кульмінацыя святочных мерапрыемстваў адбылася ў Дзень Незалежнасці. Ён нездарма прымеркаваны да аднаго з самых радасных эпізодаў у нашай гісторыі: 79 гадоў таму была вызвалена з-пад фашысцкага гнёту зруйнаваная захопнікамі сталіца краіны — Мінск. Гэта лёсавызначальная веха для Беларусі. За гэты перыяд яна не толькі змагла ўваскрэснуць з попелу, як тая птушка Фенікс, але і закласці трывалы эканамічны фундамент, без якога не можа быць незалежнасці і суверэнітэту.

Традыцыйна ўрачыстасць распачалася з ускладання вянкоў і кветак да брацкай магілы па вуліцы Чырвонаармейскай, а затым і на плошчы Леніна, дзе таксама адбыўся мітынг «За незалежнасць», прагучала шмат узнёслых слоў у гонар вызваліцеляў і заклік берагчы мір, які яны здабывалі для нас.

— Гэта свята па праву з’яўляецца самым дарагім у жыцці многіх пакаленняў і аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю нашай Айчыны, верыць у яе шчаслівы лёс і робіць свой уклад у яе росквіт, — віншаваў удзельнікаў мітынгу кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. — За мінулыя дзесяцігоддзі беларусы пабудавалі суверэнную дзяржаву са стабільнай эканомікай, якая дынамічна развіваецца, перадавой навукай і багатай культурай. Дзяржаву, дзе ў грамадзян ёсць упэўненасць у сваёй будучыні, магчымасць атрымаць годную адукацыю, спакойна працаваць і гадаваць дзяцей. Дзяржаву, якая жыве і развіваецца па сваіх законах і традыцыях.

Сяргей Васільевіч адзначыў, што Дзень Незалежнасці Беларусі стаў увасабленнем гераізму, стойкасці, бяспрыкладнай мужнасці і велічы духу нашага народа, які выстаяў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І мы ў вечным абавязку перад тымі, хто на сваіх плячах вынес Вялікую Перамогу.

— Сэрца кожнага беларуса перапаўняе пачуццё вялізнага гонару за продкаў, якія гераічна выкавалі Перамогу, — заўважыў Сяргей Чэпік. — Мы не павінны забываць урокі гісторыі: Вялікая Айчынная вайна паказала ўсяму свету, што ніводная мэта не вартая чалавечых жыццяў, любога агрэсара непазбежна спасцігне ганебны крах.

Узгадаў старшыня райвыканкама і страты, якія панесла Беларусь падчас вайны, якім невыносным болем яна адгукнулася ў кожнай сям’і, герояў-землякоў і вызваліцеляў Пастаўшчыны, чые імёны залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай.

— Вялікі подзвіг беларусаў старэйшага пакалення сёння надзейна падтрымліваюць нашы сучаснікі, якія выбралі ў якасці галоўнага прыярытэту развіццё незалежнасці краіны і мірную, стваральную працу, — упэўнены старшыня райвыканкама. — Нашы працоўныя поспехі — вялізны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. Лічыць сябе незалежным мае права толькі той народ, у якога ёсць магчы­масць траціць сваю энергію і талент дзеля росквіту сваёй Радзімы. А мы свой дабрабыт ствараем самі, сваімі рукамі і на сваёй зямлі. Мы ганарымся, што пастаўскі край уносіць важкі ўклад у паступальнае развіццё нашай краіны. Разам мы здольныя на многае.

Ад імя моладзі з галоўным святам краіны прысутных павіншавала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. Яна распавяла пра вялікую работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, якую праводзіць арганізацыя, і запэўніла: «Мы выдатна ўсведамляем, што моладзь вызначае будучыню любой краіны. Мы сваю Беларусь любім, цэнім яе незалежнасць, жадаем ёй міру, дабрабыту і росквіту».

Прадоўжылася святкаванне ў гарадскім парку, куды накіравалася святочным парадам калона. Жывая плынь розных пакаленняў пастаўчан с дзяржаўнымі флагамі і сцягамі горада, сваіх прадпрыемстваў і арганізацый і выдатным настроем прайшлася па вуліцы Савецкай да гарбаркі. Тут усіх да глыбіні душы крануў святочны канцэрт «Квітней, зямля беларуская!» Патрыятычная канцэпцыя праграмы «паланіла» публіку з першых акордаў. У нумарах на народныя і сучасныя матывы было ўслаўлена ўсё, што дорага сэрцу, чым ганарыцца краіна.

Вечарам святочныя пляцоўкі зноў разгарнуліся на плошчы Леніна. У кіназале пад адкрытым небам адбылася прэм’ера айчыннага мастацкага фільма «Ліст чакання», а пасля яго паказу прайшла маладзёжная патрыятычная акцыя «Табе, Беларусь, прысвячаем!» Завяршылася святкаванне Дня Незалежнасці традыцыйнай акцыяй «Спяём гімн разам».

Больше фото в группах в ОК и ВК

Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Видэа Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.