Медведицу с медвежатами зафиксировала фотоловушка в лесу возле д. Норица

Главное Природа

Пра тое, што мядз­ведзі «прапісалі­ся» ў лясах Пас­таўшчыны, даво­дзілася чуць ад многіх. А нядаўна Аляксандр Шаламіцкі з паляўнічай гаспадаркі «Загарадны дом» даслаў мне здымкі гэтых жывёл. Адразу ж патэлефанавала яму.

— Мядзведзіца з медзве­дзянятамі — героі «фотасесіі» каля вёскі Норыца, — расказваў Аляксандр Шаламіцкі. — Яна захацела солі, якая знаходзіцца ў спецыяльным прыстасаванні, — тут і зафіксавала яе фотапастка. А каля Даравога — мядзведзя. Асабіста я не раз назіраў за бурым, які прыходзіў на аўсянае поле каля вёсак Сарокі і Сасноўшчына. Сляды касалапых — увогуле з’ява нярэдкая. Мінулай зімой аднаму з іх на нашых угоддзях не спалася да пачатку сту­дзеня. Напэўна, не набраў неабходную колькасць тлушчу (а яго патрэбна жывёліне каля 50 кілаграмаў). Па фіксацыі слядоў і фотапастак і вядзём улік гэтых звяроў. Вызначыць, гэта сляды аднаго мядзведзя ці розных, складана.

«Загарадны дом» займае 20 тысяч гектараў. Летась тут па падліках паляўнічых жыло 8 мядзведзяў. Сёлета з’явіліся дзве мядзведзіцы, у якіх па двое медзведзянят. Прыплод мядзведзіца дае ў 4-гадовым узросце. Малыя вагой усяго паўкілаграма нараджаюцца праз год і нават радзей. Па словах Аляксандра Шаламіцкага, цяпер на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі 14 асобін. Пакуль што яны не захо­дзяць на пасекі, у населеныя пунк­ты. Але сустрэць іх у лесе верагоднасць вялікая. Мядзведзі хоць і ўсёедныя, перавагу аддаюць чарніцам, брусніцам, журавінам і, вядома, маліне. Любяць і мяса. Не грэбуюць рэшткамі тушы лася ці дзіка (дарэчы, ударам лапы могуць забіць лася). Былі выпадкі, калі паляўнічыя пакідалі іх, устанаўлівалі фотапастку і пазней бачылі, што мядзведзь прыходзіў і паядаў мяса.

Наталля Якубоўская працуе майстрам лесу ў Валкоўскім лясніцтве. Напрыканцы чэрвеня ехалі з вадзіцелем па дарозе з Дунілавіч на Сяргеевічы і на ўскрайку лесу звярнулі ўвагу на звяра. Думалі, лось. Калі прыпынілі ход, упэўніліся, што гэта мядзведзь. Той, убачыўшы машыну, хуценька паспяшаўся ў гушчар.

— Аднаго разу памяняў батарэйку ў фотапастцы, пазней пракруціў запіс, — успамінаў Аляксандр Шаламіцкі. — Аказалася: ад сустрэчы з мядзведзем мяне аддзяліла ўсяго хвіліна. Верагодна, ён бачыў мяне, а падышоў да фотапасткі, калі я пакінуў гэта месца.

— І як параіце сябе весці пры такой сустрэчы?

— Захоўваць спакой, не рабіць рэзкіх рухаў, не паварочвацца да звера спінай, не ўцякаць: мядзведзь развівае хуткасць да 60 кіламетраў за гадзіну, — даваў рэкамендацыі вопытны паляўнічы. — Толькі ў казках гэтыя жывёліны нязграбныя, непаваротлівыя. На самай справе вызначаюцца спрытам, кемлівасцю. Знаходзячыся ў лесе, лепш папярэдзіць касалапага пра сваю прысутнасць: гучна гаварыць, спяваць, звінець ключамі ці чым іншым. А калі мядзведзь застаў вас знянацку, падайце ніцма на зямлю і прытварайцеся мёртвым.

Я пацікавілася ў вядучага інжынера Пастаўскага лясгаса Юрыя Ракеля, ці ёсць мядзведзі ў лясах непадалёк райцэнтра.

— Уладанні паляўнічай гаспадаркі лясгаса раскінуліся ад Пруднікаў да Лынтуп, — расказваў Юрый Антонавіч. — Сляды мядзведзя зрэдку трапляюцца. Саміх звяроў фотапасткі не зафіксавалі. Найбольшая іх папуляцыя ў Віцебскім, Лепельскім, Гарадоцкім, Докшыцкім раёнах.

Мядзведзі занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, таму паляванне на іх забаронена. Ім няма роўных па сіле, а значыць, і ворагаў у іх няма. Нават ваўкі на мядзведзяў не напада­юць. Праўда, сёлета эколагі Віцебшчыны не выключа­юць магчымасці рэгулявання колькасці касалапых на асобных тэрыторыях вобласці: надакучлівых звяроў, калі яны панадзяцца хадзіць «у госці» да людзей, будуць адлоўліваць і перасяляць у аддаленыя лясы.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Аляксандр Шаламіцкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.