Поставчане приняли участие в «Славянском базаре» и поделились своими впечатлениями

Культура

На працягу шасці дзён у Віцебску ў рамках «Славянскага базару» ладзіліся канцэрты, праходзілі іншыя мерапрыемствы. Не толькі яго гледачамі, але і ўдзельнікамі сталі і пастаўчане. Фестываль завяршыўся, а яркія эмоцыі засталіся.

Анастасія Пятрова, першы сакратар райкама БРСМ:

— Падчас «Славянскага базару» Віцебск становіцца не толькі цэнтрам творчасці, але і сталіцай актыўнай і таленавітай моладзі. На шэрагу мерапрыемстваў пабывалі і 12 маладых пастаўчан: удзельнічалі ў патрыятычнай акцыі, у шэсці з нагоды адкрыцця Дня моладзі «Мы в моменте», што адбылося каля канцэртнай залы «Віцебск», прысутнічалі на дыялогу, спікерамі якога былі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванцоў і першы сакратар ЦК «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў. Падтрымлівалі ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу «Агонь мала­дзёжных талентаў». Для нас праводзіліся майстар-класы па асновах інфармацыйнага супрацьборства, практычныя заняткі па апрацоўцы фотаздымкаў, стварэнні якаснага і цікавага медыякантэнту. Кульмінацыяй Дня моладзі стаў гала-канцэрт закрыцця «Славянскага базару», на якім выступілі папулярныя артысты Ягор Кан, Данііл Мышкавец, Кірыл Громаў і многія іншыя.

Ксенія Грэська, дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна:

— Віцебск у дні «Славянскага базару» ператвараецца ў вялікую святочную пляцоўку. Гучаць песні на розных мовах, людзі гуляюць па «Горадзе майстроў», наведваюць канцэрты, спыняюцца ля інтэр­актыўных пляцовак раёнаў. Мы сёлета прэзентавалі Пастаўшчыну, якая адзначае 290-гадовы юбілей Антонія Тызенгаўза. З роллю заснавальніка нашага горада ўдала справіўся рэжысёр Юнькаўскага сельскага Дома культуры Валерый Жукян. У правя­дзенні культурнай праграмы яму дапамагалі работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Лойка, Таццяна Карпава, а таксама кіраўнік клуба «Традыцыя» Вікторыя Курто. Да нас нават завітаў міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч.

Таццяна Петух, дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын»:

— У «Горадзе майстроў» сёлета прапісаліся больш за 270 народных умельцаў не толькі з Беларусі, але і са Смаленска, з Вялікага Ноўгарада, Варонежа, Тальяці і іншых гарадоў. Майстры выстаўлялі ўпрыгажэнні са скуры, дрэва, саломкі, лазы, тэкстылю, бісеру і многае іншае. Я і Крысціна Брэская прадстаўлялі наш народны клуб майстроў на абласным свяце-конкурсе вышыўкі і карункапляцення «Чароўная нітка-2023». Мы ў раённым краязнаўчым музеі бралі этнаграфічныя артэфакты і на іх аснове рабілі рэканструкцыю. Атрымалася нядрэнна: работы ўдастоены дыплома лаўрэата I ступені і падарункавага сертыфіката на 70 рублёў, а таксама дыплома за развіццё і папулярызацыю тэкстыльных традыцый.

Іра Кузьміч, рэжысёр Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры:

— Міжнародны турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам» сабраў амаль 300 беларускіх і расійскіх танцораў. Удзельнічалі і тры пары ад нашага Дома культуры. Вучні Варапаеўскай сярэдняй школы — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Таццяна Пяткоўская і Павел Кісялёў, Ліза Бодрая і Мікіта Кірэй — танцавалі разам з тымі, каму ад 16 да 30 гадоў, Людміла і Аляксандр Яршовы — з тымі, каму за 50. Лявоніху, польку, кракавяк і яшчэ больш за дзясятак танцаў яны вучылі на працягу некалькіх месяцаў. Затое як здорава было назіраць за парамі! Яны малайцы!

Ала Чарнюк, дырэктар раённага Дома культуры:

— На адкрыццё свята-конкурсу тэатра мод «Модны дывертысмент-2023» былі запрошаны хадулісткі ўзорнай цыркавой студыі «Каскад» раённага Дома культуры Вераніка Татыржа і Валерыя Раманоўская. Яны выклікалі вялікую цікавасць у гледачоў. І, як гэта было і на іншых святах, да нашых роставых мадэляў выстройвалася чарга, каб сфатаграфавацца з імі.

Ганна Маркава, старшыня прафсаюзнай арганізацыі вузла паштовай сувязі:

— Ад фестывальнага Віцебска засталіся незабыўныя ўражанні: эксклюзіўныя рэчы ў «Горадзе майстроў», таленавітыя маладыя выканаўцы, на канцэрце якіх мы прысутнічалі, «жывыя» скульптуры, яркія шоу і запальныя танцы. Усё гэта было магчыма ўбачыць падчас паездкі, якую амаль для 150 пастаўчан арганізавала раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.