Поставчанка Мария Лапушинская собирает чернику для себя и на продажу

Общество

Я аматарка збору грыбоў, а ягады — не маё. А вось знаёмая Марыя Лапушынская, як толькі паспяваюць чарніцы, з галавой акунаецца ў іх. Жанчына ўпэўненая: калі чалавек не лайдак, дазваляе здароўе і ёсць жаданне, то за кошт лесу можна значна папоўніць сямейны бюджэт (адзін год за сезон зарабіла 2 тысячы долараў). Сёлета Пастаўскі філіял аблспажыўтаварыства закупляе чарніцы па 3 рублі 30 капеек за кілаграм. Боль­шасць людзей сабраны ўра­джай рэалізуюць на рынку, але попыт там чамусьці не вельмі. Тым не менш вопытная аматарка ягад не можа без лесу і яго дароў. Варыць варэнне, ставіць кампоты, замарожвае ягады сырымі, якія зімой выкарыстоўвае для выпечкі. Забяспечвае нарыхтоўкамі сем’і дачкі і сына, перасылае сватам, дзеліцца з хрэснікамі. І трэба чуць, з якім энтузіязмам расказвае пра сваё «чарнічнае» захапленне.

Падымаецца раненька, як толькі пачынае світаць. Бярэ 12-літровае вядро і паўтаралітровае вядзерца, сродак супраць камароў і аваднёў, ваду і кавалак хлеба, загружае ўсё ў кошык і едзе на веласіпедзе ў кашыцкі лес.

— Гэтыя мясціны люблю і ведаю найлепш: недалёка ад горада, багата ягад, — апавядала. — На веласіпедзе даязджаю лёгка. А там душа радуецца птушынаму спеву, шуму дрэў, усыпаным чорнымі ягадамі палянам. За шмат гадоў промыслу іх добра вывучыла. Праўда, сёлета буйныя чарніцы знайсці складаней: сказалася засуха, і ўраджай больш сціплы. Але азарт не губляецца. Радуе, што прайшоў дождж, можа, нальюцца брусніцы і журавіны. Тады ў палоне ягаднага шчасця буду да позняй восені.

Збіраць ягады мая знаёмая любіць з дзяцінства. Расла ў невялікай вёсачцы, акружанай лясамі. Нарыхтоўка і рэалізацыя ягад для вясковых жанчын з’яўлялася дадатковым заробкам. Тады прыёмныя пункты размяшчаліся ледзь не ў кожнай вёсачцы пры лесе. Дарослым у зборы ягад заўсёды дапамагалі дзеці. Заахвочваннем ім служыла новая сукенка ці туфлі, ранец да новага навучальнага года, купленыя за выручаныя грошы.

Захапленне маёй знаёмай перарасло ў звычку. Стаж ягадніка ў яе каля 50 гадоў. Пакуль працавала, на ягадны сезон звычайна брала водпуск. Цяпер на пенсіі, але пасіўны адпачынак не для яе.

Па словах Марыі, прыемна трапляць у ягадныя мясціны першай, сярод балота знахо­дзіць паляну з глянцава-чорнымі ягадамі і з азартам сашморгваць іх з кусцікаў у невялікае вя­дзерца. А калі тое напоўніцца, высыпаць у большы посуд.

— Хуткасць збору нярэдка залежыць ад… канкурэнцыі, — дзялілася маленькім сакрэтам. — Калі ў лесе адна, то збіраю адносна павольна, пераходжу з палянкі на палянку, пагрузіўшыся ў свае думкі. А калі людзей шмат і некаторыя «ўразаюцца» ў тваю тэрыторыю, думаючы, што тут ягады буйнейшыя, спялейшыя і саладзейшыя, тады мозг уключае хуткасць і пальцы пачынаюць рухацца шпарчэй.

Вопытная ягадніца ні разу не паскардзілася на боль у спіне, нагах. Калі занятак прыносіць не толькі даход, але і задавальненне, тады і стомы не адчуваеш.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.