Очередная остановка на пути редакционного проекта «Вёсачка» — Осиногородок

Главное Общество

З сівой даўніны

Вёскі як і людзі: у кожнай свой непаўторны воблік і свой лёс. Пра пастаўскі Парыж ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Але не меншай увагі заслугоўвае і суседні з ім Асінагарадок. Гэтыя дзве вёскі, па сутнасці, зліваюцца ў адну.

Існуе некалькі легенд наконт назвы. Адна апавядае пра тое, што вёска была заснавана на тым месцы, дзе на асіне з’явілася выява Божай Маці і спыніла бой, які тут ішоў. Паводле другой, падчас вайны са шведамі ў гэтым месцы спыніліся на прывал нашы салдаты. Перад сном палкавы святар адслужыў малебен ля абраза, які павесілі на асіну. Раніцай, адпраўляючыся ў далейшы шлях, воіны хацелі зняць абраз з дрэва, але ён прырос да асіны. Пазней на гэтым месцы пабудавалі царкву, якая і стала цэнтрам жыцця вёскі. Храм гарэў, і яго адбудоўвалі.

 

У гістарычных дакументах Асінагарадок упершыню згадваецца пад 1567 годам у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Першым вядомым яго ўладальнікам быў род Жабо, пазней — князі Друцкія-Любецкія. У 1840 годзе тут было арганізавана 5 царкоўных школ. Яны ўтрымліваліся на сродкі сялян. У кожнай школе навучалася да 30 хлопчыкаў. 1 кастрычніка 1862 года адкрылася народнае вучылішча, якое дзейнічала на сродкі Віленскай дырэкцыі. За час яго існавання тут прайшлі навучанне 2 040 хлопчыкаў і 340 дзяўчынак. Гэта сведчыць пра тое, што ў параўнанні з іншымі вёскамі Беларусі таго часу ўзровень адукаванасці асінагародскіх сялян быў дастаткова высокім.

Не абмінула Асінагарадок ваеннае ліхалецце. У 1706 годзе ў наваколлі вёскі адбылася бітва шведаў з рускімі. Загінулых рускіх воінаў пахавалі на гарадзішчы. У 2006-м, да 300-годдзя тых падзей, у іх памяць на месцы пахавання ўстанавілі помнік. Яшчэ адзін помнік на гарадзі­шчы ўзведзены ў памяць пра рускіх воінаў, загінулых у вайне з французамі ў 1812 годзе.

Тут і спатрэбілася

«Такая маладая старэйшына!» — не ўстрымалася я ад камплімента, сустрэўшыся ў Асінагарадку з Наталляй Якімовіч. Стыльна апранутая, з прычоскай і макіяжам — хоць на подыум! Але ў нас іншы маршрут — у дамы вяскоўцаў.

— Гэта мая вёска. Я тут нарадзілася, вырасла, — гаварыла Наталля. — Тут выйшла замуж. Мой Валера працуе ў рыбгасе «Навінкі». Наш старэйшы сын, Уладзіслаў, — курсант акадэміі авіяцыі, малодшы, Антон, пойдзе ў 9 клас. Я 10 гадоў загадвала ляхаўшчынскім магазінам. А паўтара года назад кардынальна змяніла сферу дзейнасці — стала менеджарам сусветна вядомай кампаніі «Арыфлэйм». Працую дыстанцыйна, і мне гэта падабаецца: магу больш часу прысвячаць сям’і. Вырошчваю шмат кветак, трымаем на падвор’і розную жыўнасць.

У дадатак да сваіх спраў — грамадскія, тыя, што датычаць жыццядзейнасці вёскі. «Гэтым летам у нас адбыліся дзве значныя падзеі, — працягвала. — Здадзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання, і гэтым вырашана праблема з падачай і якасцю пітной вады. А яшчэ праз вёску пакладзены новы асфальт».

Асінагарадок калісьці быў цэнтрам калгаса «Кастрычнік». У суседнім Навадруцку дзейнічала меліярацыйная арганізацыя. Большасць вяскоўцаў працавала на сельгаспрадпрыемстве і ў меліярацыі. Зараз — у рыбгасе «Навінкі», на Мосарскім ільнозаводзе, у ААТ «Дунілавічы-агра» і іншых арганізацыях.

— У вёсцы больш за 100 чалавек, 67 з іх — праца­здольныя. На жаль, рынак працы для нашых вяскоўцаў невялікі, — гаварыла старэйшына. — Але хто не лянуецца, той знаходзіць сабе прымяненне.

Вось і сама яна, дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. Па крайняй меры, месца жыхарства сям’я мяняць не збіраецца.

 

Канікулы ў бабулі

1 Верасня стане першым школьным святам для Мішы Латышонка, які пойдзе ў 1 клас. Яго старэйшы брат, Дзяніс, — пяцікласнік. Сёння бабуля павязе хлопчыкаў да бацькоў у Полацк.

— Усе летнія канікулы ўнукі правялі ў нас, — расказвалі Святлана і Васілій Латышонкі. — Хоць і прыбавілася клопатаў, затое было весялей.

Святлана працуе тэхнічкай у Парыжскім СДК, Васілій — ва­дзіцелем хуткай дапамогі. Яны выхавалі двух сыноў і дачку, якія жывуць у Полацку. Зараз дапамагаюць гадаваць унукаў. Дзяніс у Полацку займаецца ў секцыі самба і танцамі. Міша таксама навучаўся танцам, але яго больш вабіць футбол. Ну а калі, як не летам, хлопчыкам адпачыць і набрацца сіл?! Найлепш гэта атрымліваецца ў вёсцы.

— У нас унукі захапіліся рыбалкай, — расказваў іх дзядуля. — Могуць і ў 6 гадзін раніцы ўстаць, каб пайсці са мной на раку.

— У чэрвені лінь браўся добра, — дзяліўся Дзяніс. — Зараз рыба ўжо не так клюе. Але ўсё роўна ехаць у Полацк не хочацца.

Яно і зразумела: дзе можа быць лепш, чым у бабулі з дзядулем? Ды і ў школу не трэба было хадзіць…

Найдаражэйшая –   малая радзіма

Вользе Мацвеевай — 86 гадоў. Яна жыве ў сталіцы нашай краіны. «Але для мяне найдаражэйшае месца ў свеце — Асінагарадок, дзе нарадзілася і вырасла, — прызналася жанчына. — Кожную вясну прыязджаю сюды, у бацькоўскую хату, і застаюся да позняй восені».

У жанчыны выключная памяць. Пра даўнія падзеі яна расказвала так падрабязна, нібыта яны адбыліся на днях. Яе дзядуля і баць­ка былі псаломшчыкамі, у царкоўным хоры спявала маці. Талент продкаў перадаўся і Вользе: яна скончыла Віцебскае музычнае вучылішча.

— Гэты дом у свой час належаў царкве, — узгадвала цяперашняя яго гаспадыня. — Пасля таго як прайшла калектывізацыя, нашу сям’ю з яго не выселілі, але самы вялікі пакой аддалі для пражывання першаму старшыні калгаса Фёдару Давыдаву. Я яшчэ вучылася ў школе, калі ў вёску правялі электрычнасць, потым — радыё. На ўсё жыццё мне запомнілася песня, якую я першай пачула, як толькі ўключылі радыёпрыёмнік.

Твар Валянцінаўны азараецца радасным успамінам, і яна напаўголаса напявае: «Вижу чудное приволье, вижу нивы и поля. /Это русское раздолье, это Родина моя». І дадае: «Вось і маё прыволле і раздолле — родны Асінагарадок. Я тут нават агарод кожную вясну саджу і атрымліваю нядрэнны ўраджай. Сюды ахвотна прыяз­джаюць з Мінска мая дачка Лена і ўнук Ілья».

Вольга Валянцінаўна расказвала, дзе чые хаты стаялі раней, дзе ў вёсцы размяшчалася пажарная ахова, як праходзілі першыя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, пра многае іншае. Адчувалася, што і ранейшыя падзеі, і цяперашнія яна ўспрымае ўсім сэрцам.

Толькі б   быў мір!

Старэйшына стукае ў дзверы дома — і насустрач нам, абапіраючыся на два кійкі, выходзіць Антаніна Іваноўская. Даведаўшыся, што я з рэдакцыі, усклікае: «Ай-я-яй, што ж я, старая бабуля, магу вам расказаць? Але праходзьце!»

Бачна, што жанчыне баляць ногі і цяжка прайсці нават праз пакой. Але яна не завастрае ўвагі на хваробе. Наадварот, расказвае, як добра зараз жыць. «Раней нават па вялікіх святах мы не бачылі такіх страў, якія зараз ядзім штодня, — зазначае. — Старыя атрымліваюць добрую пенсію. Яе хапае і на лякарствы, і на прадукты. Як не дзякаваць за гэта дзяржаве? Або ўзяць тую ж сацыяльную службу. Гэта ж такая падмога! Мае два сыны з сем’ямі жывуць у Парыжы — усяго за два кіламетры ад мяне. Яны і нявесткі наведваюцца, дапамагаюць. Але ўсё роўна карыстаюся яшчэ і паслугамі сацработніка: хочацца, каб і дома, і на агародзе быў парадак. Я хоць з кіёчкамі, але ўсё роўна на градкі выходжу. Пагляджу, як што расце, парадуюся ўраджаю».

Антаніне Анатольеўне — 84. Нягледзячы на паважаны ўзрост, зрок, слых, памяць не падво­дзяць. Яна выпісвае газеты «Жизнь с Богом», «Друг пенсионера», «Народный доктор», «Пастаўскі край». Таксама чытае шмат мастацкай літаратуры, якую ёй прыносіць бібліятэкар. Кажа, што, нават калі кніга не падабаецца, усё роўна дачытвае яе да канца, а потым у думках аналізуе. І, вядома ж, глядзіць тэлевізар. З яго і даведваецца, што адбываецца ў краіне і свеце.

— Вельмі перажываю, што ідуць войны, — гаварыла жанчына. — Прашу Бога, каб ва Украіне хутчэй усталяваўся мір і каб неба над нашай Беларуссю заўсёды было мірным.

Кветкавая раскоша

Жыхары Асінагарадка любяць кветкі. Гэта адразу кідаецца ў вочы і радуе.

— Асабліва прыгожы агародчык у Чаславы Якімовіч, — гаварыла старэйшына (дарэчы, і ў яе самой мноства кветак — аўт.). — Падыдзем да дома — самі пабачыце.

На двухпавярховым катэджы, у якім жывуць дзве сям’і, прымацавана шыльдачка «Дом узорнага парадку». Перад ім — цэлая кветкавая плантацыя. Клумбы з густам аформленыя, адна — у форме сэрца. На іх раскашуюць ружы, мальвы, хрызантэмы, астры, сальвіі, аксаміткі і многае іншае. Нідзе — ні травінкі.

— Вельмі люблю кветкі і маю на іх час, бо ўжо на пенсіі, — гаварыла гаспадыня. — Хоць з імі і шмат работы, але душой адпачываю ў агародчыку.

Муж Чаславы Дзяменцьеўны часова жыве пры дачцэ ў Хацілах, працуе на мясцовым сельгаспрадпрыемстве, добра зарабляе. З усімі дамашнімі клопатамі яна спраўляецца сама. А гэта не толькі кветкі, але і агарод, жыўнасць. Жанчына лічыць, што жыць у вёсцы і нікога не трымаць у хляве — не па-сялянску.

З удзячнасцю

Марыя Аліхвер даўно на пенсіі, але нярэдка ўспамінае сваю працоўную дзейнасць, якая доўжылася ажно паўстагоддзя. Пасля заканчэння Віцебскага будаўнічага тэхнікума яна пачынала майстрам Навадруцкай машынна-трактарнай станцыі, якая пазней была пераўтворана ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне. У тыя гады ў Навадруцку шпаркімі тэмпамі ўзводзілася жыллё, дзіцячы сад, клуб, гандлёвы цэнтр, іншыя пабудовы. На некаторых аб’ектах адначасова працавала да 50 чалавек.

На адным са шматпавярховых дамоў у былым Навадруцку, перайменаваным у Парыж, і зараз прыцягвае ўвагу выкладзены каляровай цэглай надпіс «Слава труду!». Людзі і сапраўды працавалі на славу. Марыя Аліхвер адзначана многімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Па службовай лесвіцы яна вырасла ад майстра да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела, прараба, вызваленага сакратара партарганізацыі.

— У Асінагарадку жыву з лістапада 1959 года, — расказвала Марыя Канстанцінаўна. — Тут вельмі прыгожая мясцовасць, добрыя, працавітыя людзі. Раней вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса «Кастрычнік», была кантора, добры клуб. У 1991—1992 гадах узвялі 12 новых дамоў.

Калі я завітала да Марыі Аліхвер, у яе якраз знаходзілася сацыяльны работнік Ніна Кукоўская, якая дапамагала гаспадыні прыбіраць у доме.

— Я вельмі задаволеная сваёй памочніцай, — гаварыла Канстанцінаўна. — А яшчэ хачу падзякаваць праз газету медыкам, паштальёну, бібліятэкару, айцу Георгію. Вельмі душэўныя людзі, няхай ім усім шчасціць у жыцці.

Даярка і пастух

Да Васілія Ластоўскага я ішла, каб напісаць пра яго захапленне.

— Чула, што вы — апантаны рыбак, — пачала размову, адарваўшы чалавека ад касьбы.

— І гэта праўда! — добразычліва ўсміхаецца ў адказ. — Як толькі выдаецца вольная хвіліна, дык я адразу ж на возера або на раку. А як здорава лавіць карпа на платнай сажалцы ў Навінках! Хоць і дарагое, але неймавернае задавальненне. Без рыбы не бываем ніколі, і зараз мара­зільная камера запоўнена ёй. Мая Дульсінея пацвердзіць гэта. Вунь яна ўжо ідзе з работы.

Так жартоўна Васілій называе сваю жонку Жанну. Абое працуюць на ферме «Ласіца» ААТ «Дунілавічы-агра»: ён — пастухом, яна — даяркай. Мужчына расказаў, што быў час, калі абое злоўжывалі спіртным. Але закадзіраваліся і ўжо гадоў 15 вядуць здаровы лад жыцця. «Праўда, летась крыху аскароміўся, але своечасова спахапіўся, — чыстасардэчна прызнаецца. — А ўвогуле за 21 год работы на ферме ў мяне няма ніводнага парушэння працоўнай дысцыпліны». І па-філасофску заключае: «Жыццё трэба мяняць у лепшы бок». Што ж, цалкам справядлівая выснова.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.