Председатель Волковского сельсовета Таиса Баторы: «Встречи с долгожителями добавляютт сил для работы»

Общество

Ведаеце, што асабіста мне дадае сіл для работы? Сустрэчы з доўгажыхарамі. У кожнага з іх свой лёс і свая гісторыя. Але, паслухаўшы іх расказы пра мінулае і тыя цяжкасці, якія ім давялося пераадолець, пачынаеш па-іншаму глядзець на многія рэчы, цаніць тое, што маеш.

У першым паўгоддзі ў рамках сумеснага з Валкоўскай сельскай бібліятэкай праекта «Шаноўны ўзрост» разам з бібліятэкарам Людмілай Палянінай і загадчыцай Валкоўскага сельскага клуба Марынай Пусько мы пабывалі з віншаваннямі ў юбіляраў сельсавета. Сярод іх дзве 95-гадовыя жанчыны. Ядвіга Зыгмундаўна Волк з Валкоў страціла сына і здароўе. Адной жыць стала складана, і цяпер яна знаходзіцца на сацложку ў дунілавіцкай бальніцы. Вельмі рада была ўвазе з боку мясцовай улады!

А Валянціна Яўгеньеўна Альсевіч яшчэ дасць фору маладым. Спрытная, шпарка рухаецца, даглядае агарод і кветнік. Вельмі часта да маці прыязджае з Глыбокага дачка, на выхадныя — унук з Мінска. Просяць дарагога чалавека, каб не перагружала сябе работай. А яна, застаўшыся адна, палівае агародніну і кветкі, змагаецца з каларадскімі жукамі, чысціць плот, падфарбоўвае яго. У пакоях доўгажыхаркі такая чысціня, нібы ў аперацыйнай! Мабыць, гэта працавітасць, пачуццё адказнасці за ўсіх, моцны характар і ёсць складальнікі доўгажыхарства.

90-гадовая юбілярка Анеля Мікалаеўна Буёнак з Крывога і 80-гадовая Альфрэда Юльянаўна Меранкова з Валкоў пакінулі родныя хаты і цяпер жывуць у дзяцей у Паставах і Віцебску. Але мы іх памятаем. А да Сафіі Іосіфаўны Мянчынскай з Сасноўшчыны наведаліся ў Гайдукі — юбілярку забралі да сябе дачка з зяцем, ахінаюць яе цяплом і клопатам. Бабуля вельмі радуецца прыезду двух унукаў з сем’ямі, праўнука Арсенія.

Трое жыхароў сельсавета з’яўляюцца равеснікамі Віцебскай вобласці. На падворку Уладзіславы Уладзіславаўны Пляшкун нас сустрэў «дырэктар» — так жанчына жартам называе вялікага гусака. Некалі трымала трох кароў, каня, свіней. Цяпер у гаспадарцы толькі куры, гусак і сабака.

Аліну Уладзіміраўну Статуту называю хутаранкай: ад Даравога жыве за кіламетр. Хоць навокал лес, гэта месца ёй вельмі любае. Спраўляцца з усімі хатнімі справамі дапамагае сын Фёдар.

З розніцай у пяць гадоў і месяц нарадзіліся Часлава Тытусаўна Цярлюк і Баляслаў Антонавіч Сямашка з Рэдзькаўшчыны. Ім адпаведна 85 і 80 гадоў. 80-годдзе адзначыў і жыхар Хрыстова Часлаў Іванавіч Шамовіч. Яго жыццё прайшло за рулём аўтамабіля. Быў адказным, ніколі не лічыўся з часам. Для Іванавіча ключавым было слова «трэба».

Кожны з юбіляраў быў крануты ўвагай. Яны ўспаміналі гады ваеннага ліхалецця, цяжкі пасляваенны час, нялёгкую, але шчаслівую маладосць, плённую працу ў калгасе і на ўласным падворку, вясковыя і сямейныя традыцыі, шчыра апавядалі пра дзяцей, унукаў. Мы з цікавасцю слухалі іх расказы і думалі: перад намі — жывая гісторыя! Сакрэт свайго доўгага жыцця юбіляры тлумачылі проста: трэба не ленавацца і шмат працаваць, быць добрымі і спагаднымі.

Таіса Баторы, старшыня Валкоўскага сельсавета



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.