Татьяна Зигунёва рассказала о нюансах взыскания алиментов из нерадивых пап и мам

Общество

Непаўналетнія дзеці павінны мець усё неабходнае для жыцця. Гэты абавязак бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, замацаваны ў беларускім заканадаўстве. У адпаведнасці з ч. 2 арт. 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, названыя асобы абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і навучанне. Пра неабходнасць утрымліваць сваіх непаўналетніх і непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, гаворыцца і ў ч. 1 арт. 91 Кодэкса аб шлюбе і сям’і.

Аднак нярэдка адзін з бацькоў, а часам і абое не клапоцяцца пра ўласных дзяцей. І тады прадстаўнікам адпаведных службаў даводзіцца спаганяць з нядбайных татаў і мам аліменты. Пра ўсе нюансы іх спагнання карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з начальнікам аддзела прымусовага выканання Пастаўскага раёна Таццянай ЗІГУНЁВАЙ.

— Таццяна Аляксандраўна, што такое аліменты і ў якіх выпадках яны спаганяюцца?

— Аліменты — гэта фінансавая дапамога адной фізічнай асобы іншай, якая мае на гэта законнае права. Яны могуць выплачвацца бацькамі добраахвотна або спаганяцца ў прымусовым парадку. Як правіла, аліменты спаганяюцца, калі муж і жонка фактычна скончылі сямейныя адносіны і вя­дзенне агульнай гаспадаркі, жывуць асобна, скасавалі шлюб або наогул ніколі не знаходзіліся паміж сабой у шлюбных адносінах. Але не толькі тады. Абавязаць выплачваць аліменты могуць, і калі бацькі знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе, але адзін з іх ухіляецца ад утрымання дзяцей. У такім выпадку маці або бацька, якія выхоўваюць непаўналетняе дзіця, павінны звярнуцца ў суд з іскавой заявай аб іх назначэнні.

— У якім памеры назначаюцца аліменты?

— На адно дзіця — 25%, на двух — 33%, трох і больш — 50% заработку ці іншага даходу за месяц. Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны штомесячны памер аліментаў павінен складаць не менш за 50% на адно дзіця, 75% — на двух, 100% — на трох і больш дзяцей бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Згодна з дзеючым заканадаўствам, для непрацуючых даўжнікоў памер аліментаў, якія павінны быць выплачаны, наступны: на адно дзіця — 50%, на двух — 100%, на трох і больш — 150% БПМ у сярэднім на душу насельніцтва. Для разліку запазычанасці прымяняецца бюджэт пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на момант яе налічэння.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра спагнанне аліментаў з даўжнікоў.

— Пры паступленні ў наш аддзел выканаўчага дакумента ў адносінах да даўжніка, які працуе, гэты дакумент накіроўваецца ў бухгалтэрыю прадпрыемства па месцы работы грама­дзяніна з указаннем сумы, якую неабходна ўтрымаць, і атрымальніка грошай. Заўважу, што аліменты павінны быць заплачаны не пазней чым праз 5 дзён з дня выплаты заработнай платы і ажыццяўлення іншых выплат асобе, указанай у выканаўчым лісце. Таксама хачу звярнуць увагу асоб, якія не працу­юць і па рашэні суда абавязаныя плаціць аліменты на ўтрыманне дзяцей, на тое, што рабіць гэта неабходна штомесяц. Дакументы, якія пацвярджаюць плату, трэба прыносіць у аддзел прымусовага выканання для далучэння іх да матэрыялаў выканаўчай вытворчасці і ўнясення звестак аб плаце ў базу. Аліменты павінны быць заплачаны за бягучы месяц да апошняга дня наступнага месяца.

— Якія меры прымусовага спагнання могуць прымяняцца да даўжнікоў?

— У першую чаргу гэта накладанне арышту на маёмасць, арышт і канфіскацыя грашовых сродкаў па факце рэалізацыі арыштаванай маёмасці, бясспрэчнае спісанне грошай з рахункаў і ўкладаў даўжніка, якія знаходзяцца ў банках або нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, грошай з электронных кашалькоў і іншыя выканаўчыя дзеянні. Атрыманыя сумы залічваюцца таму, для каго спаганяюцца. Таксама ў якасці мер прымусовага спагнання могуць прымяняцца абмежаванне даўжнікоў у праве кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў, у праве на паляванне, арышт грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на рахунках у банку, і банкаўскіх укладаў, абмежаванне ў праве на выезд за межы Рэспублікі Беларусь. У выпадку няплаты даўжніком аліментаў на працягу трох і больш месяцаў за год у адносінах да яго можа быць узбуджана крымінальная справа па арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

— А ці можна, атрымліваючы аліменты, у нейкі момант адмовіцца ад іх, а потым зноў спаганяць?

— Так. На працягу ўсяго часу выканання дакумента аб спагнанні аліментаў асоба, якая іх атрымлівае, мае права па сваёй заяве спы­ніць спагнанне з аб’ектыўных прычын і да моманту наступлення паўналецця дзяцей аднавіць. Запазычанасць па аліментах разлічваецца з дня ўзбуджэння выканаўчай вытворчасці ў межах трохгадовага тэрміну па хадайніцтве спагнальніка. Заканчваецца выканаўчая вытворчасць не ў момант наступлення паўналецця дзяцей, на ўтрыманне якіх спаганяліся аліменты, а па факце пагашэння запазычанасці, калі яна мелася.

— І апошняе: што вы параіце асобам, якія павінны плаціць аліменты?

— Каб пазбегнуць прыняцця мер да прымусовага іх спагнання і налічэння запазычанасці, раю ўсім даўжнікам своечасова паклапаціцца пра плату і працаўладкаванне, а таксама неадкладна прад’яўляць дакументы, якія пацвярджаюць факт платы.

— Дзякуй, Таццяна Аляксандраўна, за змястоўную гутарку!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.