А вы знали, что иметь велосипед в 30-е годы было очень престижно

История

Адшукаў у сямейным архіве даўні здымак сваёй мамы ў юнацтве (у светлай сукенцы), якая са сваёй раднёй сабралася ехаць на фэст. Вядома ж, на роварах!

Увогуле на фотаздымках 30-х гадоў мінулага стагоддзя часта можна ба­чыць, як старэйшыя члены сям’і сядзяць або стаяць, а побач — нехта з маладых трымае ля сябе ровар. Не вельмі складаны сродак перасоўвання ў прасторы, з сучаснага пункта гледжання. Але чаму да яго такая пашана?

Адгадка крыецца ў кошце гэтай рэчы адносна тагачасных заробкаў. Набыць ровар мог далёка не кожны. А мець іх некалькі ў сям’і было паказчыкам немалога дастатку. Цана вагалася ад 180 да 450 злотых. Нагадаю, што за дзень працы ў полі можна было зарабіць у сярэднім два злотых. Няцяжка палічыць, колькі месяцаў трэба было працаваць, каб купіць сабе папулярную і прэстыжную тэхніку.

Спачатку ровары былі імпартныя, потым іх пачалі выпускаць Львоўскі і Варшаўскі велазаводы, прадукцыя якіх карысталася попытам. Напрыклад, сталічная фірма PWU ў сярэдзіне 1930-х гадоў прапаноўвала пакупнікам такія папулярныя мадэлі, як «Лучнік» і «Лучнік Экстра». І былі яны розных мадыфікацый: турыстычны, дамскі, дамскі турыстычны, дзіцячы для дзяўчынак, дзіцячы для хлопчыкаў і іншыя. Мадэлі былі абсталяваны пярэднімі і заднімі тармазамі. За невялікі кошт заказчык мог выбраць колер свайму «жалезнаму каню»: зялёны, сіні, чырвоны, аліўкавы, вішнёвы, шэры. У тыя ж гады ровары выраблялі і на фабрыцы Старавольскіх у Гродне. Роварамі «Нёман» з гэтай фабрыкі карысталіся чыноўнікі, паш­тальёны і простыя грамадзяне. Тут жа выпускалі і матацыклы. Канешне, кошт іх быў завоблачны, таму колькасць зарэгістраваных матацыклаў у Пастаўскім павеце па стане на 1937 год складала ўсяго восем. Крыху больш было легкавых аўтамабіляў — 12.

Безумоўна, гэтыя лічбы сёння ў нас выклікаюць іранічную ўсмешку, але пачатак пераходу ад гужавога транспарту да механічнага быў пакладзены. Маё пакаленне пазіравала «вярхом» на ІЖы ці «Яве», якія сталі прэстыжнымі, крутыя хлопцы 90-х — на фоне BMW… А потым рознага роду транспарту стала так многа, што фатаграфавацца каля шыкоўнага, але серыйнага аўтамабіля стала паказчыкам адсутнасці густу. Папракнуць у гэтым фігурантаў старых здымкаў не адважваюся: такі быў час, такія настроі ў грамадстве, што свой статус або дабрабыт сям’і было прынята не хаваць.

Іван Сіманёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.