На день воскресили родную деревню. В опустевшую д. Воложино-1 приехали ее бывшие жители

Общество

Жыла-была вёска, дружная, гаманлівая. Аднак прыйшоў час, і не стала ў ёй мясцовых жыхароў — толькі старыя хаты засталіся, што з дня ў дзень чорнымі вокнамі пераглядваліся. Шмат гадоў яна жыла, мёртвая, аднак раптам здарылася неспадзяванае: тут, як раней, разліліся гаворкі, сталі гучаць імёны былых жыхароў, зноў пачуўся дзіцячы смех, а ў дварах паўсюль з’явіліся людзі…

«Цуд» гэты, нясбытны для большасці апусцелых населеных пунктаў, здарыўся ў жніўні ў вёсцы Валожына-1 Курапольскага сельсавета. Здзейсніла яго пастаўчанка Таццяна Літвіновіч (Мурзёнак).

— Валожына-1 — мая малая ра­дзіма, мая душа, — расказвала яна, завітаўшы ў рэдакцыю. — Гэта тое месца, дзе я нарадзілася, зрабіла першыя крокі, сказала першыя словы. Аднак, на жаль, час забраў блізкіх. Сёння ўжо не пасядзіш на лаўцы побач з мамай і татам, не абдымеш іх, не папросіш парады. Сумна, але год за годам адыхо­дзяць на нябёсы і іншыя дарагія сэрцу людзі. Асабліва цяжкім у гэтым плане выдаўся мінулы год. Нас, родных і землякоў, становіцца ўсё менш. Усвядоміўшы гэта, захацела сабраць тых, каго аб’ядноўвае наша родная вёска.

Ідэю падтрымалі дачка Таццяны і яе дзядзька Уладзіслаў Лапушынскі. Разам сталі змяшчаць інфармацыю ў сацыяльных сетках, абзвоньваць старэйшае пакаленне, пісаць у месенджарах знаёмым. Ідэя сабрацца ў Валожыне адгукнулася ў сэрцах многіх людзей. Спецыяльна на сустрэчу прыехалі 57 чалавек — жыхароў Пастаў, Маладзечна, Мінска, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх гарадоў… Прычым сабраліся не толькі тыя, хто тут нарадзіўся, але і іх дзеці, унукі, праўнукі…

— Мы ўсе можам назваць сябе адной вялікай сям’ёй, і гэта не проста прыгожыя словы, — працягвала Таццяна. — У Валожыне жылі мае прабабуля і прадзядуля, тры іх дачкі выйшлі замуж у іншую мясцовасць. А вось усе пяцёра сыноў засталіся жыць у вёсцы. Калі я нарадзілася, у Валожыне было 12 дамоў, і ў 9 з іх жылі Лапушынскія. Многія іх продкі і з’ехаліся на свята вёскі. Мне пашчасціла сустрэцца з траюраднымі сёстрамі, якіх апошні раз бачыла яшчэ зусім маленькай. З Мінска прыехалі людзі, чыйго дома ўжо нават не засталося. Тым не менш яны ўзялі з сабой на сустрэчу ўнукаў — каб ведалі, адкуль іх карані. І ў выніку сустрэча атрымалася такой кранальнай! І настолькі ўсе былі радыя бачыць адно аднаго!

Гэта быў дзень успамінаў за святочна накрытымі сталамі, дзень настальгіі, напаўнення сэрца цеплынёй і спакоем. Асабліва ўрачыстым яго зрабілі супрацоўніцы Андронаўскага сельскага Дома культуры Алена Шымковіч і Наталля Болт, а таксама Ганна Бароўка і Жанна Мацкевіч з мясцовага народнага фальклорнага калектыву. Яны напісалі сцэнарый мерапрыемства, праспявалі нямала душэўных песень, ці не кожнае слова якіх глыбока кранала душу. Расказалі і пра гісторыю вёскі.

1989 год

А вядомая яна як уладанне Тызенгаўзаў з 1873 года (сёлета вёсцы  спаўняецца 150!). У 1905 годзе тут пражывала 100 жыхароў, прыблізна столькі ж было і на пачатак Вялікай Айчыннай. У вайну Валожына не абмінула страшная доля. У кастрычніку 1943-га фашысцкімі катамі быў знішчаны 21 двор. Гэта ўся вёска… На шчасце, жыхарам удалося выратавацца. Аднак, на жаль, не было наканавана вярнуцца дадому ўсім, хто адправіўся на фронт. Але было нямала і тых, хто прыйшоў з вайны пераможцам.

У 2001 годзе ў вёсцы яшчэ пражывала 14 жыхароў. У кастрычніку 2009-га не засталося ніводнага. Валожына ператварылася ў населены пункт з 9 нежылых двароў, і за ўвесь гэты час землякі тут масава не збіраліся.

— Засталася толькі светлая памяць, якая уваскрашае родныя вобразы і грэе душу, — з сумам адзначала Таццяна Літвіновіч. — У дзень сустрэчы землякоў яшчэ раз пераканалася ў тым, што родная вёска, якой бы яна ні была, самая прыгожая, самая гасцінная, самая светлая. Тут самы звонкі птушыны спеў і самае высокае неба… І шмат такіх узрушальных эмоцый адчулі ўсе, хто прысутнічаў. Мы паабяцалі адно аднаму не губляцца, стварылі ў «Вайберы» групу «Наша роднае Валожына», дзе будзем дзяліцца навінамі, здымкамі. А развітваючыся, дамовіліся аб сустрэчы роўна праз год. Хай гэта будзе апошняй, але моцнай вясковай традыцыяй…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.