По Беларуси, а также в Россию поставляет свою продукцию ОАО «Поставымебель»

Общество

Жнівень — час падрыхтоўкі да новага навучальнага года. У гэты час абнаўляюцца школы і дзіцячыя сады, адчыняюць свае  дзверы і новыя ўстановы. А гэта дабаўляе клопатаў калектыву «Паставымэблі».

Сёлетнім летам завод дас­таўляў прадукцыю не толькі па Беларусі, але і ў Расію, у тым ліку ў Інгушэцію. Прадпрыемства забяспечыла ложкамі, сталамі, крэсламі, шафамі для цацак, вопраткі, стэлажамі для заніравання, мэбляй для гульнёвых пакояў і адміністрацыйных кабінетаў новы дзіцячы сад у Міёрах. 1 верасня ў Гродне расчыніла свае дзверы найбольшая ў Беларусі школа амаль на 2 300 навучэнцаў. І яе на 60% укамплектавалі пастаўскай мэбляй. З’явілася яна і ў кабінетах кадэцкага вучылішча і дашкольнай установы ў Полацку.

Шмат мэблі паставілі ў 20-павярховы інтэрнат Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і 11-павярховы — універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама ў інтэрнаты Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Там абноўлены не толькі ложкі, шафы, тумбачкі, але і мэбля для кухні.

Яшчэ адным буйным заказам стала пастаўка абсталявання для дзвюх актавых залаў на 300 і 400 месцаў мегашколе «Садружнасць», узведзенай беларускімі будаўнікамі, на 110 класаў і 2 860 навучэнцаў, якая 1 верасня пачала работу ў Варонежы (Расія). За добрую якасць выбралі мэблю нашага прадпрыемства і заказчыкі з Інгушэціі — там пастаўчане абставілі мэбляй 2 школы на 720 і 704 месцы. Рыхтуецца заказ для трэцяй на 540 месцаў.

Геаграфія паставак ААТ «Паставымэбля» шырокая. І калектыў на чале з Сяргеем Лацецкім стараецца не падвесці сваіх заказчыкаў. Сёлета пастаўчане абстаўлялі інтэрнат для работнікаў Мінскай ЦЭЦ-3. Акрамя ложкаў, сталоў па індывідуальным заказе, зрабілі 30 шафаў-купэ.

Канкурыраваць на рынку мэблі, асабліва для навучальных устаноў, становіцца ўсё складаней. Калі раней у тэндарах удзельнічалі 10—15 прадпрыемстваў, то цяпер да 40. Сярод іх такія гіганты, як «Пінскдрэў», «Рэчыцадрэў», а таксама новыя вытворцы. Выйграць можна, выпускаючы толькі надзейную ў эксплуатацыі, эстэтычна прывабную, адпаведную сучасным трэндам мэблю па прымальным для спажыўца кошце. Таму пастаўскія мэбельшчыкі набываюць найноўшае абсталяванне, асвойваюць новыя сучасныя тэхналогіі, павышаюць прадукцыйнасць працы.

— Працуем з усімі даступнымі на рынку матэрыяламі, — расказваў начальнік аддзела маркетынгу і збыту ААТ «Паставымэбля» Аляксандр Берняковіч. — Выкарыстоўваем фурнітуру ад вядучых вытворцаў краіны. Наша мэбля вызначаецца даўгавечнасцю і камфортам у эксплуатацыі, разлічана на сярэдні і эканом-сегменты. У той жа час абсталяванне дазваляе вы­рабляць мэблю і прэміум-класа.

Яшчэ адзін складальнік імі­джу «Паставымэблі» — абавязко­васць. Гэта і дазваляе выйгра­ваць тэндары, умацоўваць шматгадовыя адносіны з кліентамі, мець сваю нішу як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

Прадпрыемства выпускае корпусную, садовую, мяккую мэблю. Тэхнічная дакументацыя распрацавана больш чым на 500 найменняў. Яно даўно супрацоўнічае з піваварнымі кампаніямі «Аліварыя», «Лідскае піва», Coca Cola і вырабляе для іх камплекты піўной мэблі.

— Распрацаваць новую ма­дэль для нашых тэхнолагаў, канструктараў, дызайнераў — няма праблемы, — расказваў дырэктар прадпрыемства Сяргей Лацецкі. — Нярэдка да нас звяртаюцца з просьбай выканаць па індывідуальным заказе спальню, кухню, набор для дзіцячага пакоя, гасцінай, прыхожай. Кваліфікаваныя тэхнолагі Дзмітрый Крупадзёраў, Аляксандр Мішута і малады спецыяліст Павел Бялоў на чале з начальнікам вытворчасці Аленай Рабцавай выконваюць заказ на працягу месяца-паўтара. Людзі застаюцца задаволеныя.

Сезоннасці ў рабоце на прадпрыемстве няма. І тым не менш жнівень, калі абстаўляюцца навучальныя ўстановы, і снежань, калі да новага года здаюцца ў эксплуатацыю іншыя аб’екты, для калектыву ААТ «Паставымэбля» час асабліва напружаны.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.