Поставский филиал Витебского облпо заготавливает яблоки и по объемам занимает 2-е место в области

Общество

Эх, яблычак, на карысць ідзі!

Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства вядзе масавую нарыхтоўку яблыкаў і па яе аб’ёмах займае 2-е месца ў вобласці.

У пачатку гэтага тыдня заглядваю на нарыхтоўчы пункт па вуліцы Гагарына ў райцэнтры, а там… пуста.

— Спазніліся! Толькі што адправілі ўсе яблыкі на Шаркаўшчынскі кансервавы завод, — патлумачыла нарыхтоўшчык Марыя Шаркоўская. — Прыязджайце рабіць рэпартаж праз дзень.

На гэты раз убачыла зусім іншую карціну: амаль уся плошча пункта была застаўлена мяхамі.

— Тут мы пачалі прымаць яблыкі 16 жніўня і ўжо нарыхтавалі 67 тон, — расказвала Марыя Уладзіміраўна. — Адны здаюць па некалькі мяхоў, іншыя — па паўтоны, а то і больш. Вось і сёння адзін дачнік прывёз са свайго саду ажно 650 кілаграмаў яблыкаў.

Іх нарыхтоўваюць таксама ўсе сельскія магазіны спажыўка­аперацыі, акрамя таго, штодня з Пастаў адпраўляецца машына ў тыя вёскі, адкуль паступілі заяўкі на здачу прадукцыі. Яна якраз і пад’ехала да нарыхтоўчага пункта. Пакуль машыну разгружалі, я пагутарыла з брыгадзірам грузчыкаў Вольгай Скрыпко. «Бяром вагі, пустыя мяшкі, грошы, каб на месцы разлічыцца з людзьмі, і накіроўваемся ў вёскі, — расказвала Вольга. — Зараз прывезлі яблыкі з Ярэва. Мясцовы жыхар здаў іх каля тоны і атрымаў 175 рублёў. Чым не прыбаўка да сямейнага бюджэту?

Закупачная цана невысокая — 18 капеек за кілаграм. Але і гэта грошы: нездарма ж кажуць, што капейка рубель беражэ. Дык ці не лепш атрымаць гэту капейку, чым выкідваць садавіну на звалку? Тым больш што кааператары самі прыедуць па яе, калі вы ім патэлефануеце.

— Нашаму філіялу даведзена заданне нарыхтаваць 650 тон яблыкаў, — гаварыў кіраўнік калектыву пастаўскіх кааператараў Мікалай Шабуня. — Нягледзячы на тое, што ўраджай у садах раёна сёлета бяднейшы, чым быў летась, з задачай справімся. Садавіну пастаўляем Шаркаўшчынскаму кансерваваму заводу і адгрузілі яе ўжо больш за 280 тон. З наступнага тыдня пачнём нарыхтоўваць натуральны яблычны сок у сваім квасільна-засолачным цэху.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.