Работа машиниста трелевочной машины Геннадия Счастного непроста, но он прекрасно с ней справляется

Общество

Дзе найцяжэй, там – Счасны

Ён мог быць механікам, а то і інжынерам, але аддаў перавагу фізічнай працы.

Зрэшты, праца машыніста тралёвачнай машыны Валкоўскага лясніцтва Гена­дзія Счаснага зусім не простая. Але ён выдатна спраўляецца з ёй.

Перад Генадзіем Францавічам можна ставіць любыя задачы, і ён іх выканае, — расказваў ляснічы Аляксандр Далжонак. — Вельмі адказны. З напарнікам Сяргеем Мішутам яны працуюць па графіку, і давераная ім пагрузачна-разгрузачная машына не прастойвае ні дня. Вывозяць драўніну з лесу, таксама дастаўляюць яе насельніцтву. Пастаянна перавыконваюць нормы.

Такая тэхніка ёсць не ва ўсіх лясніцтвах, таму вельмі запатрабаваная. Генадзію Счаснаму і Сяргею Мішуту даводзіц­ца працаваць не толькі ў валкоўскіх лясах, але і ў груздаўскіх, варапаеўскіх, дунілавіцкіх. Так, у гэтыя дні яны вывозяць драўніну ў Полаўскім лясніцтве.

Тэхніка не падводзіць, хаця трактар у эксплуатацыі ўжо 7 гадоў, цялежка — 3, — гаварыў Генадзій Счасны. — Мы з напарнікам пільна сочым за яе станам, самі спраўляемся з рамонтам, калі здараецца якая паломка.

Кантора Валкоўскага лясніцтва размяшчаецца ў роднай вёсцы Генадзія — Хрыстове. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Скончыўшы Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і электрыфікацыі, працаваў у мясцовым калгасе «Чырвоны сцяг» брыгадзірам трактарнай брыгады, потым — механікам, аўтамеханікам.

Але кіраваць людзьмі — не маё: занадта мяккі характар, — шчыра прызнаецца Генадзій Францавіч. — Таму вырашыў, што лепш стану працаваць фізічна, чым кіраваць іншымі. І ўладкаваўся ў Валкоўскае лясніцтва. Некалькі гадоў быў вартаўніком і меў шмат часу на ўласную гаспадарку, а мы ў той час трымалі на падвор’і шмат жыўнасці.

Не без яе Счасныя і зараз: ёсць каровы, свінні, куры. Па гаспадарцы спраўляюцца разам з жонкай Людмілай. Дарэчы, яна таксама працуе ў Валкоўскім лясніцтве — бухгалтарам. Уладкавалася сюды 4 гады назад пасля таго, як яе пасада была скарочана ў мясцовым сельскім Савеце.

Мы з Генам 34 гады ў шлюбе, — расказвала Людміла. — Выхавалі двух сыноў, маем трох унукаў. Надзейны мужчына, апора ва ўсім, клапатлівы муж, бацька, дзядуля. І Генава старэнькая маці жыве з намі. Нават крыху дапамагае нам у свае 85 гадоў.

Вяртаючыся да вытворчых спраў, прывяду некаторыя лічбы, якія атрымала ў лясгасе: за 2021—2023 гады сярэдняе выкананне нормаў выпрацоўкі Генадзія Счаснага склала 135%. Сярэдняя выпрацоўка за дзень — 24,1 кубаметра драўніны, за месяц — 741. За апошнія тры гады ён вывез яе 27,1 тысячы кубаметраў.

Ударная праца механізатара не застаецца незаўважанай. У 2020-м фота­здымак Генадзія Счаснага быў занесены на Дошку гонару лясгаса. У тым жа годзе яму аб’яўлена Падзяка міністра лясной гаспадаркі, у 2022-м — генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. А ўчора на ўрачыстасці ў Палацы Рэспублікі перадавік вытворчасці Пастаўскага лясгаса атрымаў Падзя­ку Прэм’ер-міністра краіны. Віншуем!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.