Старший сержант милиции Евгений Ермаков вошел в число лучших кинологов подразделений охраны Витебщины

Безопасность Важное

На вуліцах Пастаў нярэдка можна сустрэць міліцыянераў з сабакамі, якія абыходзяць розныя будынкі. Няцяжка здагадацца, што гэта кінолагі групы затрымання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. Адзін з іх — старшы сяржант міліцыі Яўгеній Ермакоў — нядаўна ўвайшоў у лік найлепшых кінолагаў падраздзяленняў аховы Віцебшчыны.

Служыць з сабакам Яўгеній не марыў. Пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны прафліцэй №5 транспартнага будаўніцтва. Атрымаў дыплом метрабудаўца і некаторы час працаваў у падземцы, пакуль не ўручылі павестку з ваенкамата. Адслужыўшы тэрміновую, вярнуўся на Пастаўшчыну і ўладкаваўся ў мясцовае аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку быў паставым міліцыянерам, нёс службу на падстанцыі «Бірвіта». Праз 4 месяцы назначылі на пасаду старшага групы затрымання. А затым камандзір аддзялення груп затрымання Аляксандр Буяльскі, убачыўшы, што Яўгеній любіць сабак, прапанаваў яму стаць кінолагам. Цяпер хлопец неразлучны са сваім чатырохногім сябрам — нямецкай аўчаркай Гневам, якому амаль два з паловай гады і якога выгадаваў з месячнага ўзросту.

Выхаваць Гнева было няпроста, — расказваў малады міліцыянер. — Ён паказваў і працягвае паказваць характар. Трэба знаходзіць правільны падыход. Спачатку вучыўся гэтаму сам: нешта чытаў у інтэрнэце, нешта раілі знаёмыя і Аляксандр Пятровіч Буяльскі. Калі Гнеў падрос, паехалі з ім у вучэбны цэнтр у Гарані. За 4,5 месяца прайшлі агульны і спецыяльны курсы дрэсіроўкі. І зараз ён без праблем, хутка і дакладна выконвае ўсё, што павінен рабіць службовы сабака. Таксама навучаны спакойна рэагаваць на дзяцей — не баяцца і не кусаць іх, паколькі нам даводзіцца выязджаць на розныя паказальныя выступленні, у тым ліку ў школы.

Што да службы, то яна заключаецца ў ахове грамадскага парадку і недапушчэнні крадзяжоў з аб’ектаў, узятых пад ахову. Заступіўшы на змену, Яўгеній з Гневам на аўтамабілі патрулююць горад, правяраюць, як працуюць вартаўнікі, ажыццяўляюць фізічныя агляды будынкаў. Таксама выязджаюць на сігналы трывогі, сямейныя скандалы, у складзе следча-аператыўнай групы — на злачынствы. Дзякуючы таму, што Гнеў браў след, удавалася знайсці правапарушальнікаў і зладзеяў. А вось прымяняць сабаку на затрыманне не даводзілася: убачыўшы яго, зладзеі падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыянера.

Месяц назад Яўгеній Ермакоў, Гнеў і вадзіцель іх экіпажа Віктар Краско ўдзельнічалі ў абласных спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве работнікаў падраздзяленняў аховы, дзе занялі 2-е месца ў эстафеце і 4-е — сярод кінолагаў. Цяпер наш зямляк мае намер паехаць на наступны год на «рэспубліку». Кажа, убачыў свае памылкі і што трэба падцягнуць. Ужо пабываў на 10-дзённых зборах у кіналагічным цэнтры ў Віцебску. Яны былі карысныя тым, што там паказвалі дадатковыя метады работы з сабакам, пра якія не ведаў, Гнеў успомніў навыкі выбаркі рэчаў, прайшоў новы курс дрэсіроўкі.

Яўгеній прызнаўся, што яму вельмі падабаецца яго работа і мяняць яе дакладна не збіраецца. Задаволена маладым кінолагам і кіраўніцтва Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Непасрэдны начальнік Аляксандр Буяльскі характарызуе яго як надзейнага, адказнага чалавека, які стараецца выдатна выконваць свае абавязкі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.