В Поставском лесхозе открыли памятную доску заслуженному лесоводу Белорусской ССР Тихону Кочеткову

Общество

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу ў Пастаўскім лясгасе ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі памятную дошку заслужанаму лесаводу Беларускай ССР Ціхану Качаткову.

Ціхан Міхайлавіч тут працаваў з 1950 па 1968 год. Пачынаў галоўным ляснічым, затым на працягу 12 гадоў узначальваў калектыў. За гэты час зарэкамендаваў сябе высакакласным спецыялістам. Пад яго кіраўніцтвам лясгас неаднаразова станавіўся пераможцам розных спаборніцтваў. За вялікія заслугі ў развіцці лясной гаспадаркі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ў 1965 годзе Ціхану Качаткову было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны лесавод БССР».

На мерапрыемстве прысутнічаў галоўны ляснічы Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Ізмайловіч. Ён і дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка адкрылі памятную дошку.

У гісторыі лясной гаспадаркі Пастаўшчыны Ціхан Міхайлавіч пакінуў значны след, — гаварыў Уладзімір Місачэнка. — Ён — прыклад адказных адносін да работы. Вельмі важна памятаць пра тых людзей, якія працавалі да нас. Яны закладвалі лясныя багацці, а мы павінны іх беражліва захоўваць і прымнажаць.

У Беларусі за час існавання лясгасаў звання заслужанага лесавода ўдастоены крыху больш за 100 чалавек. Гэта зусім нямнога, улічваючы, што ў лясной гаспадарцы краіны задзейнічана каля 35 тысяч чалавек. Ганарова, што заслужаныя лесаводы ёсць і ў Пастаўскім лясгасе. Сёлета такое званне прысвоена ляснічаму Полаўскага лясніцтва Аляксандру Дзіковічу.

Гэтыя людзі — прыклад для маладога пакалення, — сказаў Аляксандр Ізмайловіч. — Закладзеныя Ціханам Міхайлавічам лясы ўжо прыносяць карысць людзям. Выкарыстоўваецца іх дзелавая драўніна. Мы абавязаны захоўваць памяць пра лю­дзей, чыю працу высока ацаніла дзяржава. Радуе, што Пастаўскі лясгас стабільна развіваецца і справу Ціхана Качаткова паспяхова прадаўжаюць яго нашчадкі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.